«Гэтае вар'яцтва нам прапануюць адзначаць гуляннямі, пакуль Беларусь павольна паглынаецца». Ціханоўская пра дзень яднання з Расіяй
«Беларусь — не ядзерная сметніца Расіі», — выказалася Святлана Ціханоўская ў звароце з нагоды Дня яднання Беларусі і Расіі.
02.04.2023 / 17:37
Скрыншот відэазвароту
«Сёння так званы дзень яднання народаў Расіі і Беларусі. Па ўсёй Беларусі зноў вісяць сцягі чужой краіны, якая распачала вайну ў цэнтры Еўропы. Якая кожны дзень забівае мірных жыхароў Украіны і пагражае нашай з вамі бяспецы і незалежнасці, — звярнулася Святлана Ціханоўская. —
Дык якое яднанне мы павінны адзначаць і навошта яно патрэбнае беларусам? Здаецца, гэтае яднанне трэба Лукашэнку і Пуціну, каб ператварыць Беларусь у ядзернае сховішча Расіі. Бо 25 сакавіка Пуцін аб'явіў, што размесціць у Беларусі ядзерную зброю.
Доўгія гады мы не ведалі, пра што так часта размаўляюць дыктатары за зачыненымі дзвярыма. Якія дарожныя карты па інтэграцыі падпісваюць і якія рашэнні прымаюць за нас, беларусаў.
І вось цяпер ведаем. Гэтымі дарожнымі картамі, поціскамі рукі, новымі дамовамі пра супрацоўніцтва Расія пры дапамозе Лукашэнкі вырашыла падставіць 9 мільёнаў беларусаў. У Крамлі выдатна разумеюць, што ядзерныя склады — гэта мішэнь для ракетаў. І таму размясціць гэтыя склады, вядома, вырашылі не побач са сваімі бункерамі і рэзідэнцыямі, а каля дамоў беларусаў».
«Гэтае вар'яцтва нам прапануюць адзначаць народнымі гуляннямі, пакуль Беларусь павольна паглынаецца Расіяй»,
— кажа Святлана Ціханоўская.
«Беларусь — не ядзерная сметніца Расіі. Не палігон, не губерня і не кавалачак зямлі. Беларусь — гэта суверэнная дзяржава і свабодны беларускі народ. Нам не блізкія імперскія ідэі.
Мы — незалежная краіна, якая хоча міру, хоча вярнуць бяз'ядзерны статус, выйсці з эканамічнага і палітычнага крызісу і перастаць пакутаваць за чужыя амбіцыі».
Лідарка дэмсілаў заявіла, што беларусам не патрэбная ні Саюзная дзяржава, ні АДКБ, якія прыводзяць да размяшчэння ядзернай зброі ў нашай краіне.
Чытайце таксама:
Ціханоўская ўзняла пытанне ядзернай зброі ў Беларусі на сустрэчы з Саліванам