Хто перапрадае беларускі лес у Еўрасаюз і ці замяшаны тут «Пінскдрэў»

Як у Еўропу праз Казахстан і Кыргызстан паступае беларускае дрэва, піша «Беларускі расследавальніцкі цэнтр». Сцвярджаецца, што да гэтага датычная і польская кампанія.

03.04.2023 / 10:31

Як польская кампанія закупляе беларускі лес

Польская кампанія PLRBL, якая на паперы займаецца будаўніцтвам і падборам персаналу з Усходняй Еўропы, 2020 год скончыла са стратай у 77,5 тысячы даляраў.

У жніўні 2022 года, праз пару месяцаў пасля таго, як беларускае дрэва трапіла ў няміласць, яна заключыла дамову з кыргызскай кампаніяй «Адміт» на пастаўку драўняных пялет. За практычна, паўтара года, да снежня 2023-га, «Адміт» павінен паставіць PLRBL паліва на 1,5 млн еўра.

Вось толькі лес для вытворчасці пялет закупляецца ў Беларусі. А потым прадаецца ў ЕС. Адзін з кіраўнікоў PLRBL, беларус Віталь Лешык нават не хавае гэтага.

Журналісты з Frontstory.pl пад выглядам пакупнікоў дамовіліся аб сустрэчы з ім. Выканаўчы дырэктар PLRBL Віталь Лешык дзеля патэнцыйных кліентаў прыехаў з Бялай-Падляскай у Варшаву. Падчас «перамоваў» Віталь абмовіўся, што можа дапамагчы патэнцыйным кліентам у куплі беларускіх пялет.

Як распавёў выканаўчы дырэктар PLRBL, у іх ёсць кампаніі не толькі ў Польшчы і Латвіі, але таксама ў Кыргызстане і Казахстане. Лес яны купляюць у Беларусі. Адтуль ён ідзе ў Кыргызстан або Казахстан, дзе перапрацоўваецца ў пялеты. Там жа афармляюцца дакументы, па якіх атрымліваецца, што сыравіна была кыргызстанская або казахстанская.

Расследавальнікі таксама пад выглядам кліентаў набралі прадстаўніку PLRBL у Беларусі. Размаўлялі з Алегам Яновічам. Ён пацвердзіў, што кампанія сапраўды займаецца пастаўкамі пялет, але адмовіўся абмяркоўваць дэталі па тэлефоне. Сказаў, што баіцца «падставы».

Уладальнік PLRBL Сяргей Азубінс сказаў журналістам, што не ведае падрабязнасцяў кожнай здзелкі, але адмаўляў, што яго кампанія парушае еўрапейскія абмежаванні. Са слоў бізнэсоўцы, яго кампанія ўкараніла антысанкцыйныя захады.

У Літву «Адміт» таксама пастаўляў драўніну з Кыргызстана. Аднак па адрасе рэгістрацыі кампаніі вытворчасць пялет не адшукалася.

PLRBL з ліпеня па лістапад 2022 года паставіла ў Літву амаль 2 тысячы тон пялет на 740 тысяч еўра, а «Адміт» са жніўня па снежань 2022 года — 2,5 тысячы тон на 860 тысяч еўра.

Ці замяшаныя ў гэтых схемах «Пінскдрэў»?

Літаральна за месяц да ўступлення ў сілу санкцый супраць беларускай драўніны — 6 мая 2022 года — у Карагандзе па адрасе афіцыйнага гандлёвага прадстаўніцтва «Пінскдрэў» па Казахстане з'явілася новая кампанія «Мануфактура плюс». Заснавальнікамі фірмы сталі нейкая Слоква Наталля Уладзіміраўна і «Гандлёвы дом «Мэбля KZ». А аднаасобны ўладальнік апошняга — холдынг «Пінскдрэў».

На сайце «Мануфактура плюс» гаворыцца, што яна — афіцыйны дылер «Сяміпалацінскага дрэваапрацоўчага завода №1». А гэта адзіны вытворца вялікафарматнай фанеры ў Казахстане. Атрымліваецца, што беларускі «Пінскдрэў» стварыў кампанію, каб прадаваць у Еўропу прадукцыю свайго канкурэнта?

Калі ўявіць, што «Пінскдрэў» не мае дачынення да гэтай схемы, то выходзіць, што польскія і літоўскія фірмы возяць драўняную прадукцыю з краін, дзе яе проста не можа быць у вялікім аб'ёме.

Пасля ўвядзення санкцый супраць Беларусі, у Казахстане і Кыргызстане здарыўся экспартны цуд: продажы лясной прадукцыі з Казахстана ў ЕС з чэрвеня 2022 года па студзень 2023 года выраслі амаль у 137 разоў, а з Кыргызстана — у 12 тысяч разоў. Калі перавесці ў грошы, атрымаецца 58 мільёнаў еўра за восем месяцаў.

Пры гэтым трэба ўлічыць, што Казахстан — гэта лесадэфіцытная краіна. Там пустыні і стэп. Лясамі пакрыта ўсяго 5% плошчы. І гэта ў 8 разоў менш, чым у Беларусі, калі палічыць у працэнтах. Але ўлічваючы, што Казахстан па плошчы раз у 10 большы, то і плошча лесу там большая, чым у Беларусі. Праўда, палова гэтых лясоў прыпадае на саксаул. Гэта невысокія дрэвы, часцей за ўсё з крывымі стваламі, якія ў асноўным растуць у пустыні. Але, тэарэтычна, з Казахстана маглі б ісці на перапрацоўку нават бярозкі.

А вось кыргызстанскі экспарт дрэва ў такіх аб'ёмах выглядае як цуд. Гэтая краіна параўнальная па плошчы з Беларуссю, а яе лясістасць — менш за 6%. І ў асноўным там расце елка цянь-шаньская, а ў гарачых умовах Алтайскага хрыбта пераважаюць арчовыя і пойменныя пароды.

Ананімная крыніца ў сферы перавозак распавяла, што «Пінскдрэў» адгружае сваю фанеру ў г. Уральск (Казахстан). Там на тавар лепяць налепкі Сяміпалацінскага дрэваапрацоўчага завода №1. Затым прадукцыю грузяць у машыны на казахстанскіх і літоўскіх нумарах і адпраўляюць у Еўропу ў абыход санкцый.

Адметна, што «Мануфактура плюс» адгружае ўпакоўкі па 27 лістоў, а не па 26, як на Сяміпалацінскім дрэваапрацоўчым заводзе №1.

«Мануфактура плюс» пастаўляла фанеру літоўскім, польскім, балгарскім, эстонскім, венгерскім і латвійскім кампаніям. 

За няпоўны год гэтая кампанія толькі ў Казахстане заплаціла падатку на даданую вартасць больш за 2 млн даляраў. 

Расследаванне рабілася пры падтрымцы Journalismfund.eu.

Чытайце таксама:

Маладая жонка Бакіева памерла ў Мінску ў 46 гадоў

У абыход санкцый. Як беларускую драўніну вязуць у ЕС па фальшывых дакументах — расследаванне

Больш за 15 мільярдаў даляраў. Расійскі нафтагазавы грант Лукашэнку ў год нападу на Украіну быў рэкордным у гісторыі

Nashaniva.com