Эканоміка55

У абыход санкцый. Як беларускую драўніну вязуць у ЕС па фальшывых дакументах — расследаванне 

У сакавіку 2022 года Еўрасаюз увёў забарону на імпарт беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі. Як толькі санкцыі пачалі дзейнічаць, экспарт з Казахстана ў ЕС вырас у 74 разы, а з Кыргызстана — амаль у 18 тысяч разоў. Па падліках журналістаў Беларускага расследавальніцкага цэнтра, схемы ўскоснага рээкспарту беларускай драўніны ў ЕС праз Кыргызстан і Казахстан прынеслі сваім арганізатарам каля 16 мільёнаў еўра. Гэтым бізнэсам займаюцца ў тым ліку і былыя беларускія чыноўнікі.

Гэты матэрыял падрыхтаваны БРЦ у партнёрстве з Siena (Літва), Kloop (Кыргызстан), «Власть» (Казахстан), Re:Baltica (Латвія), Fundacja Reporterów (Польшча).

Лес сякуць — санкцыі ляцяць

У апошнія гады значную частку беларускага экспарту складалі пастаўкі драўніны. Паралельна з гэтым у краіне скарачаліся лясныя плошчы. Па ацэнцы Global Forest Watch, лясістасць Беларусі за апошнія 11 гадоў зменшылася на 11%. Пік высечкі прыпаў на 2016 год, калі ўпалі сусветныя цэны на нафту і Аляксандр Лукашэнка пачаў шукаць іншыя шляхі папаўнення бюджэту.

Ужо да 2020 года Беларусь выйшла на 9-е месца ў рэйтынгу найбуйнейшых пастаўшчыкоў драўніны і вырабаў з яе ў краіны ЕС. У 2021 годзе сусветныя цэны на драўніну пачалі актыўна расці, а ўвесну і ўвогуле дасягнулі рэкордных паказчыкаў. Па выніках года нашая краіна паставіла на экспарт драўніны і вырабаў з яе на $2,3 мільярда.

Дзве трэція гэтага экспарту ішлі ў ЕС пад мытным кодам 44.

Фота: Літоўская мытня

У яго ўваходзяць пілаваны брус і дошкі, фанера і ДСП, драўняныя пялеты і брыкеты. У Еўрасаюзе асноўнымі пакупнікамі гэтых тавараў беларускай вытворчасці былі Польшча, Літва, Латвія, Германія і Нідэрланды.

У сакавіку 2022 года ЕС увёў новы пакет санкцый супраць афіцыйнага Мінска з-за падтрымкі расійскага ўварвання ва Украіну. Экспарт у Еўропу прадукцыі пад кодам 44 апынуўся пад поўнай забаронай. Рэгулятары далі пастаўшчыкам адтэрміноўку да 4 чэрвеня, каб яны маглі дапрадаць аб'ёмы, закантрактаваныя да аб'яўлення санкцый.

У выніку з чэрвеня 2022 года пастаўкі драўніны ў ЕС з Беларусі абваліліся больш чым у 30 разоў, што вынікае са звестак Еўрастата.

Імпарт ЕС тавараў з кодам 44 з Беларусі, даныя Еўрастата

Суаднесці іх з беларускай статыстыкай немагчыма: Белстат засакрэціў свае даныя па экспарце, прычым не толькі ў ЕС, але і ў краіны СНД. БРЦ высветліў, навошта гэта магло спатрэбіцца.

Попыт нараджае прапанову

Забарона на імпарт беларускага лесу прывяла да дэфіцыту ў некаторых краінах ЕС. Менш чым праз тыдзень пасля пачатку дзеяння санкцый намеснік міністра навакольнага асяроддзя Літвы заявіў аб вострым недахопе драўніны ў краіне. Падобная сітуацыя склалася на імпартных рынках Эстоніі і Польшчы.

Польшча частку драўніны купляла праз фірму «БЛК Трэйдынг», абрэвіятура якой расшыфроўваецца як «Беларуская лясная кампанія». Яна зарэгістраваная ў Польшчы як прыватная юрыдычная асоба, але яе ўладальнік — беларускае дзяржаўнае прадпрыемства дрэваапрацоўкі «Мастоўдрэў».

«БЛК» пастаўляла ў Польшчу прадукцыю дзевяці беларускіх вытворцаў, а сярод яе кліентаў былі пастаўшчыкі IKEA, пра што БРЦ распавёў супрацоўнік трэйдара. Характэрна, што кампанія гандлявала выключна вырабамі пад санкцыйным кодам 44. У 2021 годзе аб'ёмы паставак дасягнулі прыкладна $34 мільёнаў, але сёлета павінны былі істотна знізіцца з-за санкцый.

Каб праверыць гэта, БРЦ атрымаў дакументы ўзаемных разлікаў паміж «БЛК» і «Мастоўдрэў» за 2022 год. На канец верасня трэйдар пералічыў свайму ўладальніку амаль $17 мільёнаў.

Гэта толькі ўдвая менш, чым за цэлы 2021 год. У «Мастоўдрэў» БРЦ патлумачылі, што не атрымліваюць ад «БЛК» грошы за прадукцыю, якая патрапіла пад санкцыі ЕС. Аднак на сайце польскага трэйдара пазначана, што яны гандлююць выключна таварамі пад забароненым кодам 44. У «Мастоўдрэў» адмовіліся каментаваць дадатковыя пытанні. Мы даслалі ім запыт і чакаем адказу. У «БЛК» нам паведамілі, што кампанія не правяла ніводнай пастаўкі і ніводнага плацяжу, якія б парушалі законы.

У верасні дырэктар аддзела продажу «БЛК Трэйдынг» па Еўропе стварыў у Польшчы новую кампанію «3S Trading». Яна аформленая на яго асабіста і яго партнёра, але зарэгістраваная па тым жа адрасе, што і беларускі дзяржтрэйдар «БЛК». Профіль кампаніі — таксама продаж драўніны і вытворчасць вырабаў з дрэва.

Пад выглядам польскага пастаўшчыка журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «БЛК Трэйдынг» і паспрабавалі купіць беларускую прадукцыю дрэваапрацоўкі. Менеджарка па продажы пацвердзіла: дрэва з Беларусі ў кампаніі сапраўды ёсць, але хутка скончыцца — распрадаюць рэшткі на складах. Таксама яна ўдакладніла, што цяпер фірма працуе з новымі пастаўшчыкамі з Украіны і Казахстана.

Падобная сітуацыя і ў Літве. Да ўвядзення еўрапейскіх санкцый краіна была буйным пакупніком беларускай драўніны, а цяпер актыўна імпартуе яе з Казахстана і Кыргызстана. Тэрыторыя першага ўсяго на 5% пакрыта лясамі, другога — амаль на 6%. Для параўнання, лясістасць Беларусі — 40%, па даных Мінлясгаса.

Ствол у Кыргызстане, корань у Беларусі

БРЦ разглядзеў даныя Еўрастата па імпарце прадукцыі з кодам 44. Як толькі санкцыі на беларускае дрэва ўступілі ў сілу, экспарт з Казахстана ў ЕС вырас у 74 разы, а з Кыргызстана — амаль у 18 тысяч разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года.

Імпарт ЕС тавараў з кодам 44 з Казахстана, даныя Еўрастата
Імпарт ЕС тавараў з кодам 44 з Кыргызстана, даныя Еўрастата

У грашах гэта больш за 30 мільёнаў еўра на абедзве краіны.

Пры гэтым урад Казахстана забараніў вываз некаторых вырабаў з драўніны яшчэ ў снежні мінулага года, каб развіваць мясцовую дрэваапрацоўку. Гэтая забарона была працягнутая яшчэ двойчы: летам і зімой. Аналагічныя меры ўвялі і ўлады Кыргызстана.

Версія таго, якім чынам гэтыя краіны пастаўляюць лес у Еўропу, з'явілася ў БРЦ дзякуючы рассылцы, якая трапіла ў рэдакцыю. З яе вынікала, што прыватны беларускі цэнтр экспертыз «Стандарт якасці» прапануе паслугі па ўскосным рээкспарце тавараў з ЕС у Беларусь праз Кыргызстан.

Пад выглядам патэнцыйных кліентаў журналісты БРЦ даведаліся ў менеджара кампаніі, ці можна пайсці зваротным шляхам і перааформіць беларускі лес у кыргызстанскі для паставак у Еўропу.

Праз некалькі дзён «Стандарт якасці» прапанаваў супрацоўніцтва з фірмай «Сертыфікат КейДжы».

Гэтая кампанія дапамагае беларускім вытворцам піламатэрыялаў атрымліваць кыргызстанскія дакументы для сваёй прадукцыі і такім чынам праходзіць мытню ЕС.

БРЦ высветліў, што адзін з сузаснавальнікаў «Сертыфікат КейДжы» — Алег Нарчук, былы супрацоўнік Дзяржстандарта.

Ён жа раней уваходзіў у лік саўладальнікаў фірмы «Стандарт якасці», якая і прапанавала паслугі па абыходзе санкцый.

Увосень гэтага года Алег Нарчук выступаў на вебінары Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн, асвятляючы тэму «Імпарт тавараў у Рэспубліку Беларусь ва ўмовах санкцый».

Акрамя «Сертыфікат КейДжы», Алег Нарчук быў звязаны яшчэ з некалькімі кампаніямі ў Кыргызстане: «КСК Альянс», «Выпрабавальны цэнтр КСК Альянс» і «КСК Торг». Нарчук адмаўляе, што гэтыя фірмы дапамагаюць абыходзіць санкцыі.

Вагон санкцыёнкі

Алег Нарчук не адзіны прадпрымальнік, які пачаў выбудоўваць бізнэс-адносіны паміж Беларуссю і Кыргызстанам.

БРЦ знайшоў яшчэ тры фірмы, якія па фальшывых дакументах пастаўляюць беларускую прадукцыю ў Еўропу, — гэта «Агра Кейджы», «СК Гранд» і «Адміт». Пад выглядам кліента журналіст БРЦ звязаўся з прадстаўніком першай кампаніі. У размове той прызнаўся, што раней «Агра Кейджы» вазіла пялеты ў Еўропу «фурамі», а цяпер будзе вазіць «вагонамі».

2 жніўня 2022 года ў Бішкеку з'явілася кампанія «Адміт» — праз 5 месяцаў пасля ўвядзення ЕС забароны на імпарт беларускага лесу.

Сваім патэнцыйным кліентам фірма прадстаўляе іншыя даныя: на яе сайце пазначана, што «Адміт», зарэгістраваная пяць месяцаў таму, «кожны год» атрымлівае больш за 40 тысяч тон драўняных адходаў.

Фірма займаецца перапрацоўкай драўняных адходаў і вырабляе пялеты, брыкеты і іншае драўнянае паліва. Пад выглядам кліентаў журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «Адміт» і папрасілі дапамагчы з пастаўкамі беларускіх пялетаў у Еўропу. У кампаніі пацвердзілі, што могуць гэта зрабіць: у Кыргызстане ў іх ёсць вытворчасць, і разам са сваёй прадукцыяй яны адпраўляюць у Еўропу беларускую, робячы на яе кыргызстанскія сертыфікаты.

Фота: Літоўская мытня

У «Адміт» гатовыя былі прыняць нашую замову толькі з канца студзеня, таму што да гэтага часу ўсе іх аб'ёмы ўжо былі распісаныя. У кампаніі нас таксама запэўнілі, што праблем на мытні ў іх не было, але папярэдзілі: лепш вазіць грузы праз Польшчу і Латвію, бо літоўскія мытнікі больш прыдзірлівыя.

Сапраўды, літоўская мытня першай звярнула ўвагу на рэзкі рост паставак драўніны з Цэнтральнай Азіі. Паводле яе звестак, пры ўвозе беларускай і расійскай прадукцыі на мытню падаюцца дэкларацыі аб тым, што яна нібыта набытая ў Казахстане або Кыргызстане.

«Бываюць відавочныя і бясспрэчныя прыкметы: гэта маркіроўкі, выяўленыя на ўпакоўках, дадатковыя камплекты дакументаў, якія прама паказваюць на тое, што тавар адгружаны з Беларусі ці Расіі, а не з краін, у якіх зроблена дэклараванне на пачатковым этапе. Такія выпадкі ёсць, мы іх зафіксавалі і не адзін», — сказаў Вігантас Пайгозінас, намеснік генеральнага дырэктара Літоўскай мытні.

Калі журналісты БРЦ звярнуліся да кампаній «Агра Кейджы» і «Адміт» па афіцыйны каментар, кампаніі пачалі адмаўляць, што возяць забароненую беларускую прадукцыю ў ЕС па фальшывых дакументах. Сузаснавальніца кампаніі «СК Гранд» сказала, што не ведала аб пастаўках у абыход санкцый і паабяцала разабрацца. Журналісты чакаюць адказу.

У гандлі кантрабанднай прадукцыяй у Літве можа быць замешана кампанія «Vivalsa», высветлілі нашыя калегі з расследавальніцкага цэнтра Siena. Раней гэтая фірма прадавала пялеты з Расіі, але пасля ўвядзення санкцый пачала пастаўляць нібыта кыргызстанскую і казахстанскую прадукцыю. Журналісты Siena прыйшлі на склад кампаніі пад выглядам кліентаў і знайшлі там прадукцыю «Агра Кейджы». Дырэктар і саўладальнік «Vivalsa» Саўлюс Гірчыс прызнаўся, што гэтыя пялеты — з Беларусі.

Фота: Siena

Гірчыс — літоўскі палітык. Ён удзельнічаў у мясцовых выбарах ад сацыял-дэмакратычнай партыі. У афіцыйным каментары для Siena ён заявіў, што толькі меркаваў, быццам яго тавары ідуць з Беларусі. У размове бізнэсмен настойваў на тым, што яго кампанія не парушае санкцыі.

Літоўскі эканаміст і намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Раймандас Куодзіс лічыць, што Расія і Беларусь будуць абыходзіць санкцыі да таго часу, пакуль заходнія дэмакратыі не пакараюць краіны, якія ім у гэтым дапамагаюць:

«Трэба зрабіць так, каб усе, хто сядзіць на двух крэслах, перайшлі на бок добрых хлопцаў. І тады дрэнны хлопец застаецца адзін супраць усіх. Што гэта значыць на практыцы? Напрыклад, нобелеўскі лаўрэат Уільям Нордхаус прапанаваў увесці санкцыі супраць усіх, хто сядзіць на двух крэслах».

Бункерны дзед. Выйшла расследаванне пра падземныя сховішчы Пуціна

«Карты паказваюць, што ён добры». Я такая: «Б…, вы чо?». Новыя факты пра ЧКБ і губазікаўца Артура ў ёй

Расследаванне выявіла, што для IKEA выраблялі тавары беларускія зняволеныя і нават палітвязні 

Каментары5

  • Тоже папа
    20.12.2022
    Возили под видом щепы и опилок, и продолжат возить.
    Через Казахстан и Кыргыстан попёрло то, на что нет времени и сил у семьи, и что, никак, не назовешь опилками и щепой.
     Схематозом подменена вся экономика и вся торговля, как внешняя так и внутренняя.
     Почему секретят статистику БелСтата ???
     Потому, что, на ружу, вылезут все схемы семьи и приближённых к ней.
     Народцу незачем знать как его объегоривают и обворовывают.
     И, кстати, схематоз - основа того, что лукашенко цепляется за власть синими пальцами, эти схемы, созданные и наработанные за 28 лет, должны быть переданы по наследству, как и сама власть. Иначе папа коли зря старался.

  • Вадя
    20.12.2022
    Ввели бы пошлины и не занимались дурью. Как раз на теу величину, которая достаётся посредника.
  • Мойша
    20.12.2022
    Драўніна трэба эўропе, таму вочы на санкцыі заплюшчаць, а наогул гэта чарговы прыклад таго, што санкцыі не працуюць і толку ад іх нуль, лепш іх зняць і паспрабаваць да чагось дамовіцца, можа і атрымаецца кагось вызваліць і прыпыніць гэта гамон.

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю ў Сірыі6

Артхаус у беларускай вёсцы. Новы спектакль Карняга, на які ізноў было амаль немагчыма выхапіць квіткі2

Даляр падаражэў упершыню за сем таргоў зніжэння і амаль адразу на тры капейкі

Украінец-ухіліст захрас у цясніне ў гарах, яго выратавала кацяня2

Нарышкін заявіў, што Расія «блізкая да дасягнення мэт СВА ва Украіне», каб не адбылося «знясілення»21

Следчыя вызначылі абставіны жорсткага забойства, якое адбылося 16 гадоў таму ў Пінску

Прызначаны новы рэктар ЕГУ — ізноў не беларус29

Чатырох замежнікаў забілі ў Батумі, у забойстве падазраюцца таксама замежнікі

Амерыканскі калекцыянер адшукаў пашпарт, выдадзены дыпламатычнай місіяй БНР12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Галоўнае
Усе навіны →