Сёння пачаўся працэс над экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Дзмітрыевым 

Разгляд справы праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Мінска. Палітыку выстаўлена абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

05.04.2023 / 07:47

Андрэй Дзмітрыеў. Фота: «Мінская праўда»

Весці працэс будзе суддзя Кацярына Мурашка.

Паводле абвінавачання, Дзмітрыеў з 23 жніўня па 6 верасня 2020 года «наўмысна, знаходзячыся ў Мінску, прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Пры гэтым ён публічна выкрыкваў лозунгі.

Андрэя Дзмітрыева затрымалі 11 студзеня 2023 года. Следчы камітэт тады паведаміў, што ён нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, таму стаў падазраваным паводле «народнага», 342 артыкула Крымінальнага кодэкса. Следчыя заявілі, што палітык «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 — пасля 2020 года. Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі яго «палітычнай» дзейнасці з-за мяжы».

Андрэй Дзмітрыеў — сузаснавальнік і сустаршыня аб'яднання «Гавары праўду». Цягам 2021 года ў аб'яднанні прайшлі вобшукі, пасля чаго рахункі арганізацыі заблакавалі. 12 жніўня 2021 года Дзмітрыева ўжо затрымлівалі на кароткі тэрмін, але потым адпусцілі. Перад гэтым кандыдат у прэзідэнты Беларусі Дзмітрыеў заяўляў, што ў яго адрас паступаюць шматлікія пагрозы.

Палітык мае траіх дзяцей.

Чытайце таксама:

«У беларускай палітыцы паняццямі «агент КДБ» ці «агент Масквы» моцна злоўжываюць»

Дзмітрыева абвінавацілі ў фатаграфіі з Клінтан і перасячэнні беларускай мяжы

Адваката Андрэя Дзмітрыева пазбавілі ліцэнзіі

Nashaniva.com