Са зліваў сакрэтных дакументаў стала вядома, у колькі чалавек ФСБ ацэньвае страты Расіі ва Украіне

У ФСБ лічаць, што рэальная колькасць забітых і параненых з боку Расіі ва Украіне складае каля 110 тысяч чалавек. Пра гэта гаворыцца ў апублічаных дакументах амерыканскай разведкі, піша The New York Times. Гэтую інфармацыю разведцы ўдалося атрымаць, хутчэй за ўсё, з перахопаў электронных паведамленняў, зазначае газета.

13.04.2023 / 11:47

Забітыя расійскія салдаты. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo

Паводле дакументаў, ФСБ абвінаваціла Мінабароны Расіі ва «ўтойванні расійскіх страт ва Украіне». Паводле ФСБ, Мінабароны не ўлічвае ў сваіх справаздачах страты сярод байцоў Расгвардыі, наймітаў ПВК «Вагнер» і вайскоўцаў, якія адпраўляюцца ва Украіну з Чачні.

На думку амерыканскай разведкі, гэтая інфармацыя паказвае нежаданне вайскоўцаў «перадаваць дрэнныя навіны па ланцужку камандавання».

 У злітых дакументах таксама сцвярджаецца, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін спрабаваў асабіста ўрэгуляваць канфлікт паміж заснавальнікам ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным і міністрам абароны Сяргеем Шайгу, выклікаўшы іх на сумесную сустрэчу 22 лютага. Прыгожын раней скардзіўся на недахоп боепрыпасаў, абвінавачваючы ў гэтым Шайгу і кіраўніка Генштаба Валерыя Герасімава.

Reuters са спасылкай на іншы дакумент з уцечкі паведамляла, што, паводле ацэнкі амерыканскіх вайскоўцаў, Расія страціла ад 189,5 тысячы да 223 тысяч чалавек, з якіх забітымі — 35-43 тысячы. Згодна з гэтым дакументам, страты Украіны складаюць ад 124, 5 тысячы да 131 тысячы чалавек, з якіх забітымі — 15,5-17,5 тысячы.

Расійскія журналісты па адкрытых крыніцах налічылі каля 20 тысяч расійскіх ваенных, якія загінулі падчас поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну.

 Міністэрства абароны РФ у апошні раз публічна паведамляла аб стратах 21 верасня 2022 г. — у дзень абʼяўлення мабілізацыі. Тады ведамства сцвярджала, што ва Украіне загінулі 5937 расійскіх вайскоўцаў.

Чытайце таксама іншыя матэрыялы пра зліў сакрэтных дакументаў Пентагона і НАТА:

Смерць Пуціна, смерць Зяленскага, «удар па Крамлі». Разведка ЗША разглядае «неверагодныя» сцэнары вайны — злівы 

У сацсеткі трапілі планы ЗША і НАТА па падрыхтоўцы ўкраінскага наступу

Дакументы, што трапілі ў публічны доступ, паказваюць, што ЗША атрымліваюць інфармацыю з амаль кожнай расійскай спецслужбы 

З сакрэтных амерыканскіх дакументаў сталі вядомы страты ўкраінскай арміі

Украіна змяніла ваенныя планы з-за ўцечкі сакрэтных дакументаў Пентагона — CМІ

У злітых сакрэтных дакументах ЗША тлумачыцца дыверсія ў Мачулішчах

Nashaniva.com