Сярод затрыманых у Гродне — чэмпіён Еўропы па каратэ і барабаншчык гурта Dzieciuki
Стала вядома, каго затрымалі ў Гродне падчас аблаў, што прайшлі за апошні месяц.
27.04.2023 / 22:46
Хоць відэа выйшла толькі сёння, але адным з паказаных там людзей аказаўся Віктар Ламека. Паводле «Вясны», мужчыну затрымалі яшчэ 29 сакавіка (ён ужо прызнаны палітвязнем).
Віктар Ламека. Фота: яго старонка «Укантакце»
Віктар — прадпрымальнік з Зэльвы, яму 54 гады. Спачатку яму далі 1800 рублёў штрафу за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў», але пазней выставілі абвінавачанне ў «паклёпе на Лукашэнку». Пакуль Віктар быў у СІЗА, у яго памерла маці.
Раней мужчына быў актыўны ў колах прадпрымальнікаў і абараняў іх у судах, а таксама судзіўся з падатковай. Цяпер яго ўтрымліваюць у СІЗА-6 у Баранавічах.
Давід Ацьман. Фота: яго старонка «Укантакце»
Таксама сярод затрыманых — былы чэмпіён Еўропы па каратэ-кёкусінкай, 30-гадовы гродзенец Давід Ацьман. Ëн заваяваў чэмпіёнскі тытул у 2021 годзе. Мужчына валодаў фітнэс-клубам «Тытан», а праўладныя СМІ яшчэ нядаўна называлі яго «волатам з Гродна».
Аляксандр «Сыр» Сыраежка. Фота: budzma.by
Яшчэ адным затрыманым стаў Аляксандр «Сыр» Сыраежка. Ён былы музыка славутых гродзенскіх гуртоў «КальЯн» і Dzieciuki.
Акрамя іх, паказаныя яшчэ чацвёра затрыманых. ГУБАЗіК сцвярджае, што гэта толькі частка тых, да каго прыйшлі падчас зачысткі.
Ці на волі цяпер частка затрыманых людзей, не паведамляецца.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.
З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.
За гэты час у краіне адбылося каля 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя нават самыя базавыя нормы законнасці і маралі.
Калі маеце важную для ўсіх інфармацыю, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me.
Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).
Чытайце таксама:
Мужчыну затрымалі за сцяжкі Украіны і Беларусі ва ўласным аўто
За каментары затрымалі айцішніка, які выдаліў тэлеграм-акаўнт паўтара года таму. Вось як яго знайшлі