Святлана Ціханоўская змагаецца за тое, каб быць пачутай — Le Monde
Французскае выданне зрабіла рэпартаж, як яны пішуць, з «сэрца беларускага супраціву» — з Вільні, дзе Святлана Ціханоўская жыве пад моцнай аховай, у месцы, якое трымаецца ў сакрэце.
29.04.2023 / 13:02
Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба Офіса Святланы Ціханоўскай
Спецыяльная карэспандэнтка ўплывовага французскага выдання расказвае чытачам пра свой візіт у Офіс Святланы Ціханоўскай і пытанні, над вырашэннем якіх працуе беларуская апазіцыя. Сама французская журналістка Фасціна Вэнсан (Faustine Vincent) ў сваім твітары прэзентуе артыкул наступным чынам: «Le Monde атрымала ўнікальную магчымасць трапіць у сэрца беларускага супраціву — у Вільні, дзе Святлана Ціханоўская жыве ў эміграцыі пад строгай аховай, у месцы, якое трымаецца ў сакрэце».
Журналістка расказвае чытачу пра меры бяспекі, якіх вымушана прытрымлівацца лідар беларускай апазіцыі ў краіне, улады якой прызналі яе законнай прадстаўніцай Беларусі і прадставілі статус «дзяржаўнага госця».
Аўтарка адзначае, што раней лідарка беларускай апазіцыі была ў цэнтры ўвагі, але ўсё змянілася з пачаткам ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Нягледзячы на тое, што Святлана Ціханоўская з першага дня ўварвання заклікала да салідарнасці суграмадзянаў з украінцамі і змяніла свой дыскурс у дачыненні да Расіі, назваўшы яе агрэсарам, яе перасталі чуць.
У новых умовах, адзначаецца ў артыкуле, апазіцыі давялося перагледзець сваю стратэгію. На першым месцы — абарона незалежнасці і суверэнітэту краіны. Аўтар адзначае, што апазіцыя спрабуе звязаць сваю барацьбу з барацьбой з Украінай, тлумачачы, што ў яе «тая ж мэта і той жа вораг».
А сама Святлана Ціханоўская імкнецца «рабіць усё, каб вызваліць палітвязняў» і тлумачыць заходнім партнёрам як «важна выпрацаваць стратэгію па Беларусі ў кантэксце вайны ва Украіне, таму што Лукашэнка па частках прадае нашу незалежнасць Расеі».
Аднак, як адзначае аўтар, цяжкасці ў атрыманні канкрэтных вынікаў для выхаду краіны з тупіка падаграваюць расчараванне беларусаў.
Другі важны момант — нежаданне Кіева наладжваць афіцыйныя зносіны з Святланай Ціханоўскай. Тут журналіст згадвае словы дарадцы прэзідэнта Украіны Міхаіла Падаляка ў інтэрв'ю Delfi аб «бессэнсоўнасці» кантактаў, бо «незаўважная відавочная антываенная дзейнасць» з боку беларускай апазіцыі і яго выказванне аб тым, што «беларусы горшыя за расейцаў. Масква на нас нападае, а вы нічога не робіце!». Украінцы бачаць толькі полк беларускіх добраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага, заўважае журналістка.
«Монд» піша, што беларуская апазіцыя ў выгнанні з разуменнем адносіцца да такой пазіцыі афіцыйнага Кіева, бо разумее яго асцярожнасць і прыводзіць словы дарадцы Ціханоўскай Франка Вячоркі аб тым, што Кіеў не хоча правакаваць Лукашэнкі, каб не даць таму падставу ўвесці войскі ва Украіну.
Французская журналістка адзначае, што і еўрапейскія ўлады працягваюць шкадаваць беларускага лідара. Яна прыводзіць словы еўрапейскага дыпламата, які ва ўмовах ананімнасці заявіў, што «ўсё яшчэ ёсць надзея, што Лукашэнка не пойдзе за Пуціным». Але згода Лукашэнкі на размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі сведчыць ад тым, што ён больш і больш ператвараецца ў марыянетку Пуціна, адзначае журналіст і цытуе словы высокапастаўленага супрацоўніка амбасады ЗША ў Мінску: «Мы выразна бачым, што Лукашэнка больш не зʼяўляецца фактарам стабільнасці, і што пераважная большасць беларусаў супраць непасрэднага ўдзелу ў гэтай вайне».
Журналістка адзначае, што Вашынгтон працягвае падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы і робіць стаўку на доўгатэрміновую стратэгію.
«Монд» расказвае, што ў Беларусі больш за 1440 палітвязняў (па апошніх дадзеных іх 1500), што ў краіне працягваюцца бязлітасныя рэпрэсіі, што просты «лайк» у сацыяльных сетках двухгадовай даўніны можа любога прывесці за краты. Сітуацыя ў Беларусі нагадвае перыяд сталінскіх рэпрэсій, піша «Монд».
Чытайце яшчэ:
«Месцаў у самалёце на ўсіх не хопіць». Ціханоўская звярнулася да паплечнікаў Лукашэнкі
Жахлівы лёс «прыпыненай рэвалюцыі» ў Беларусі — новая кніга французскага сацыёлага Ранана Эрвуэ