Святлана Ціханоўская расказала, што часам плача па вечарах
Беларуская лідарка адказала на самыя розныя пытанні, як палітычныя, так і асабістыя, у тыктоку «Нашай Нівы».
07.05.2023 / 17:33
Якой вы бачыце сваю старасць?
Я думаю, што старасць — перш за ўсё для адпачынку. Найлепшы адпачынак — з каханым чалавекам. Мы з Сяргеем будзем шмат вандраваць і час ад часу заязджаць у Беларусь, каб пабачыць сваіх унукаў, каб пабыць у летніку, які Сяргей сам збудаваў. Час ад часу гуляць з унукамі. Не каб на нас з Сяргеем іх спіхнулі, а каб гэта было ў асалоду.
Ці верыце вы ў Бога?
Я веру ў Бога ў сэрцы. Мая бабуля кожную нядзелю вадзіла мяне ў царкву. Такім чынам яна прывівала любоў да Бога. Але ж Бог — у сэрцы. І я вельмі часта ўнутрана з ім гутару. Я думаю, каб гутарыць з гэтай сілай, якую сабой увасабляе Бог, не трэба ісці ў царкву. Бог не ў нейкім будынку, а ў сэрцы.
Што, на ваш погляд, галоўнае ў чыноўнікаў?
Я думаю, калі чалавек становіцца чыноўнікам, ён не павінен губляць людскасць. Ён заўжды павінен памятаць, што яго нанялі людзі для працы з-за яго прафесіяналізму. І ён павінен быць сумленным і памятаць аб тым, што ён робіць перш за ўсё для людзей.
Святлана Ціханоўская адказвае на пытанні ў тыктоку «Нашай Нівы»
Ці ёсць у вас цяпер час на серыялы?
Часу няма. Але я не вельмі люблю серыялы. Я хачу, каб фільм пачаўся і скончыўся, а я над ім паразважала ці забылася. Раз ці два на месяц я магу паглядзець нейкія новыя фільмы.
А ці хапае часу на адпачынак, на дзяцей?
Калі правесці час з дзецьмі і гэта лічыць адпачынкам, то так. Я стараюся кожныя выхадныя быць разам з дзецьмі. Я іх вельмі мала бачу. І пагуляць з імі ў нейкія гульні ці на вуліцы ў добрае надвор'е — для мяне адпачынак.
Пра што вы марылі пяць гадоў таму?
Усё маё жыццё да 2020 года было вакол дзяцей. І пяць гадоў таму я марыла пра тое, каб цалкам рэабілітаваць свайго старэйшага сына. Я шмат на гэта працавала. Тая мара здзейснілася.
Пра што вы марыце цяпер?
Я мару вярнуцца ў Беларусь, каб усе нашы сябры, каханыя былі на свабодзе і мы будавалі краіну, якой мы будзем ганарыцца.
Калі б можна было вярнуцца назад і зрабіць іншы выбар, ці зрабілі б нешта па-іншаму?
Я час ад часу думаю: што можна было зрабіць інакш? Асабліва, калі цяжка, ты думаеш, навошта гэта трэба было, можа, увогуле не трэба было вылучацца, ісці за мужам. Але ўжо тады людзей саджалі ні за што. У тым ліку і Сяргея. Я думаю, што я б да 2020 года рабіла б больш: больш уключалася ў нейкую палітычную дзейнасць, больш думала пра краіну, а не толькі пра сваю сям'ю, больш чытала, больш унікала ў нейкія справы.
Бывае такое, што накатвае і вы плачаце?
Канечне, бывае. Асабліва па вечарах з дачкой. Гэта слёзы больш па людзях, калі пачытаеш навіны, як іх катуюць, як людзі павінны з'язджаць з Беларусі, як жывуць у страху. Гэта накатвае. Такія эмоцыі балючыя.
Калі вы пачалі размаўляць па-беларуску?
Я не пачала размаўляць па-беларуску. Я стараюся час ад часу гаварыць, каб трэніравацца. У мяне цяпер больш беларускамоўнага асяроддзя. Але я беларускую мову заўжды ведала. Я ёй не карысталася, але ведала.
Ці магчымая Беларусь без беларускай мовы?
Не.
Які з палітыкаў, з якімі вы сустракаліся, уразіў вас больш за ўсіх астатніх?
Я магу сказаць шмат добрых слоў амаль пра кожнага палітыка, з якім я сустракалася. Але я думаю, што Борыс Джонсан уразіў мяне больш за ўсіх, бо ён неардынарны, вельмі неафіцыйны, добры камунікатар. Я вельмі ўтульна сябе з ім адчувала. Я разумею, чаму людзі яго любяць.
Якая краіна вас уразіла больш за ўсё з тых, дзе вы былі за апошнія два гады?
Ісландыя. Гэта маленькая краіна, у якой людзі адчуваюць сябе вельмі добра. Там няма арміі, але ж яны адчуваюць сябе ў бяспецы. Гэта вельмі прыгожая краіна. Я хацела б, каб мы з Сяргеем туды з'ездзілі.
Што б вы забралі з Еўропы ў Беларусь?
Тое разуменне, што людзі ў дэмакратычных краінах разумеюць, што тыя чыноўнікі, улада — гэта нанятыя людзі, а не нейкія звышчалавекі, не цары. І што калі яны не задаволеныя працай чыноўніка, яны могуць яго звольніць. Вось гэтага цяпер няма ў Беларусі. Я б хацела, каб у будучым у беларусаў з'явілася пачуццё таго, што яны гаспадары на сваёй зямлі. А тыя людзі, якія кіруюць дзяржавай, — нанятыя.
Чытайце яшчэ:
Ціханоўская: Толькі пасля сыходу рэжыму Лукашэнкі мы адновім у Беларусі вяршэнства права
«Я прашу вас, заставайцеся людзьмі». Святлана Ціханоўская выказалася аб прысудзе Раману Пратасевічу
Святлана Ціханоўская змагаецца за тое, каб быць пачутай — Le Monde