Грамадства3232

Чым жанчыны ў Еўропе адрозніваюцца ад беларускіх

Вынікам творчага турнэ пісьменніцы Святланы Курс па Швейцарыі і Аўстрыі сталі ў тым ліку захапляльныя назіранні за жанчынамі. Там можна да самай смерці быць німфеткай, а можна — паважнай дамай. У адрозненне ад беларусак, еўрапейкі радзей хаваюць сівізну. Можна легкадумна сядзець сабе на прыступках у Парыжы, піць віно і цалавацца, нават калі табе 70 гадоў. «Наша Ніва» папрасіла аўтарку «Па што ідзеш, воўча?» і «Іры ў залатых басаножках» паразважаць пра тое, чаму так здарылася.

Фота: pixabay.com

«Ёсць нават пераемнасць бабак: бабкі ў беларускай традыцыі выглядаюць аднолькава апошнія гадоў 40 ці 50»

Калі пісьменніца была ў Швейцарыі, у яе засталося ўражанне, што ў швейцарак няма такога паняцця, як старасць.

«У нас лічыцца, што жанчына ў паважным веку мусіць паводзіць сябе неяк асабліва, паважна, што ёй ужо не варта рабіць некаторыя рэчы. Яна ўжо бабуля, мусіць падаваць прыклад сваёй мудрасцю, апранацца яна павінна ў такія рэчы, якія падкрэсліваюць яе ўзрост і сталасць. Яна не можа рабіць глупствы, не можа, напрыклад, закахацца.

То-бок статус бабулі ў нас абавязвае, праўда? Яна мусіць добра гатаваць, апекавацца сваімі ўнукамі, магчыма, адмовіцца ад кар’еры на карысць абслугоўвання сям’і. Такія сур’ёзныя рэчы вымагаюцца ад жанчыны ў нашай краіне.

Ёсць нават пераемнасць бабак: бабкі ў беларускай традыцыі выглядаюць аднолькава апошнія гадоў 40 ці 50, як я жыву на свеце.

А там [у Еўропе] зусім няма такога, тых жанчын у старым веку ніяк нельга назваць бабкамі. Перад табой проста жанчына, і ты бачыш, што яна жыве актыўным жыццём.

Яна можа легкадумна смяяцца, калі ў яе такі тэмперамент, можа быць прыязнай, можа цікавіцца мужчынамі і фліртаваць з імі. Яна цікавіцца ўсімі грамадскімі і мастацкімі з’явамі, якія адбываюцца ў яе краіне. То-бок ты камунікуеш з абсалютна жывым, стопрацэнтным, спантанным чалавекам!»

Святлана расказвае, што пажылыя швейцаркі апранаюцца так, як ім хочацца. Расейскамоўныя медыя шмат пішуць пра тое, як мусіць выглядаць жанчына сталага ўзросту, каб не падавацца неразумнай, але еўрапейкі гэтым не пераймаюцца.

Можна ісці ўслед за дзяўчынкай у высокіх каляровых гольфах, а потым яна паверне галаву і ты пабачыш, што ёй далёка за 70. Але ёсць у Заходняй Еўропе і стыльныя жанчыны з бездакорнай прычоскай, апранутыя ў вопратку haute couture.

Там, тлумачыць пісьменніца, няма аднаго вобразу жаночай старасці. Яе ўразіла, што можна да самай смерці быць німфеткай, а можна — паважнай дамай. А яшчэ ўразіла якасць валасоў пажылых еўрапеек, яны часта не фарбуюць іх.

Святлана Курс прыгожа апісвае, як сівізна, па-першае, розная ў кожнай жанчыны, а па-другое, вельмі прыгожая. Яна асабліва выдзяляе прычоскі, у якіх жаночыя валасы пранізаныя сівымі серабрыстымі ніткамі — на думку пісьменніцы, яны выглядаюць шыкоўна.

Святлана Курс звярнула ўвагу на дагледжанасць еўрапеек: «Канешне, фрызуры і манікюры — цудоўная рэч, але некаторыя еўрапейкі над гэтым зусім не замарочваюцца: кароткая стрыжка і падстрыжаныя пазногці, але яны ўнутрана раскаваныя, вясёлыя. Што вельмі важна, яны сочаць за здароўем, гэта відаць па тым, як чалавек харчуецца, п’е ён ці не, ці сочыць ён за станам зубоў.

У нас жа палова людзей у старасці ўжо зубоў не мае. У еўрапеек няма зубоў унітазнай белізны, як у амерыканскіх фільмах, якая мяне трохі бянтэжыць, гэта зубы звычайнага колеру, але здаровыя, чышчаныя і дагледжаныя. І калі старая жанчына глядзіць на цябе і смяецца ва ўвесь рот, ты разумееш: «Ого, дык у нас жа ўсё не так!» У нас сапраўды ўсё не так.

Зубы — гэта вельмі важна, бо зусім старыя людзі, калі ў іх зубоў няма, саромеюцца смяяцца, размаўляць, быць адкрытымі. А калі ты дагледжаны, у цябе педыкюр, здаровыя ножкі і зубкі, ты сочыш за сваімі хваробамі і не даеш ім развівацца да зусім кепскага стану, то ты жанчына, а не старая бабулька, і мужчына, а не стары дзядок. Людзі глядзяць за сабой, але не робяць з сябе сацыяльную выставу, калі чалавек убярэцца як мае быць і ідзе, дэманструе сябе, маўляў, які я іду прыгожы.

Там усе прынятыя [грамадствам] і ўсе сабе падабаюцца, дык і няма чаго паву з сябе строіць».

Святлана Курс. Фота з яе фэйсбука

Святлана прызнае, што добрая служба аховы здароўя дорага каштуе ва ўсіх краінах. Калі ёсць грошы, заўсёды існуе магчымасць падбаць пра здароўе, пачынаючы ад дэпрэсіі і заканчваючы добрымі зубамі. 

Дбаць пра сваю душу і цела, паводле Курс, гэта базавыя патрэбы чалавека, і грошы тут важны фактар, але не абсалютны. Грамадства, дзе дбаць пра сябе могуць толькі багатыя, было б надта стрэсавым. Там нізкія сацыяльныя слаі будуць імкнуцца адабраць кавалкі ў высокіх сацыяльных слаёў, і высокім слаям давядзецца ахоўваць сваё багацце, рэпрэсуючы нізкія слаі. Такое грамадства не будзе ні шчаслівым, ні ўстойлівым.

«Можна легкадумна сядзець сабе на прыступках у Парыжы, піць віно і цалавацца, нават калі табе 70 гадоў»

Святлана падкрэслівае, што пажылыя беларускі не горшыя за сваіх аднагодак з Еўропы:

«Яны гераіні і святыя, яны дзесяцігоддзямі выносяць усё на сваіх плячах — і сем’і, і працы. Але мне б хацелася, каб яны былі больш бесклапотнымі і шчаслівымі, каб валодалі ўласнымі фінансавымі сродкамі.

Думаю, еўрапеек робіць бесклапотнымі тое, што ім не трэба цягнуць на сабе піраміду клопату.

У нас у шэрагу выпадкаў без дапамогі, асабліва дапамогі маці, маладая сям’я не дасць рады, не выгадуе дзяцей. Можа, некаторыя без бацькоўскай пенсіі нават не ўправяцца фінансава. Таксама на жанчыну ўскладаюцца вельмі многія клопаты па стварэнні гэтак званага сямейнага клімату: каб у хаце было цёпла, мірна, гасцінна. У Еўропе гэтага няма: калі ты не хочаш займацца стварэннем сямейнага клімату або дапамагаць маладой сям’і, ты не будзеш гэтым займацца. Тут людзі больш індывідуалісцкія і самастойныя, бо ім не трэба выжываць плячом да пляча. Можна легкадумна сядзець сабе на прыступках у Парыжы, піць віно і цалавацца, нават калі табе 70 гадоў.

Калі ў цябе або тваёй сям’і ёсць адкладзеныя грошыкі, або, як у Швейцарыі, ты не памятаеш, калі твая краіна апошні раз ваявала, табе не страшна, ты будзеш выглядаць і адчуваць сябе лепей, будзеш бесклапотны і жывы. Гэта датычыць не толькі жанчын, там і старыя мужчыны іначай выглядаюць».

Германіі, адзначае пісьменніца, гэта не зусім датычыць, бо яна зазнала вайну некалькі пакаленняў таму, а вось у Швейцарыі, паводле Курс, увогуле «страшэннае бесклапоцце». І хаця жыццё там таксама не ідэальнае, там ёсць грошы, бяспека і добрая старая сацыяльная служба, якая апякуецца чалавекам у старыя гады. Чалавек можа не баяцца, можа сабе і смерць запланаваць. 

Але што рабіць з унукамі, якім пажылыя беларускі часта прысвячаюць усё жыццё? Вось як, паводле Курс, гэтае пытанне вырашанае ў Еўропе: «Нават у Польшчы, хаця яна і застаецца вельмі традыцыйнай і касцёльнай краінай, няма грамадскіх чаканняў ад жанчыны, што яна ахвяруе сабой дзеля ўнукаў. Раней быў стэрэатып маткі-полькі і бабулькі-полькі, але цяпер і яго збольшага няма. Людзі ў большых гарадах ужо самі разумеюць, што старому чалавеку ад жыцця нешта належыць, што ён ужо сваё адпрацаваў. Таму тут хутчэй можна пабачыць, як некалькі пакаленняў адной сям’і радасна праводзяць разам час, а не падкідваюць унукаў бабцы. Можна заўважыць вялізную сям’ю, якая шпацыруе ў парку».

«Мы такія ж самыя людзі, як і ўсе, і можам быць больш шчаслівымі»

«Я не гавару, што мы нейкія вырадкі ці горшыя за кагосьці, не, — заўважае Святлана. — Безумоўна, мы такія ж самыя людзі, як і ўсе, і можам быць больш шчаслівымі. Гэта ўсё зменіцца, калі наша грамадства зробіцца менш рэпрэсіўным».

Святлана прызнае, што беларусы не надта схільныя да радасці. Як ты будзеш радавацца, запытвае яна, калі табе раз за разам даюць па галаве, ламаюць лёс, прымушаюць да чагосьці, нават да таго, каб думаць і гаварыць так ці інакш? Караюць нават за лайк, а гэта ж асноўнае права чалавека штосьці любіць ці не любіць. Табе навязваюць тое, што ты мусіш любіць, а за «не той» лайк табе могуць зламаць лёс і пасадзіць у цяжкую вязніцу. Якія ж тут падставы для радасці?

Найгоршае, што можна зрабіць з чалавекам — гэта адабраць ягоную свабоду і права на прыватнасць. Святлана прыводзіць прыклад Камбоджы, калі там кіравалі чырвоныя кхмеры. Яны давялі да таго, што ў турмах чалавека расстрэльвалі ці забівалі матыгамі за тое, што ён паварушыўся ў непаложаны час. У людзей забралі нават свабоду варушыцца, людзі павінны былі не міргаць і сядзець, як статуя, а хто дазваляў сабе некантраляваны рух, таго забівалі. Вось гэта абсалютная няволя, і да гэтага імкнуцца ўсе рэпрэсіўныя дзяржавы, а мы — грамадзяне рэпрэсіўнай дзяржавы, якая пераходзіць ад аўтарытарызму да таталітарызму.

Ці любяць беларускі сябе? «Не, а як можна сябе любіць, калі ты нешчаслівая, калі ты з дзяцінства недалюбленая? Сямейнае выхаванне ў нас даволі рэпрэсіўнае, людзей пхаюць, каб вучыўся, жаніўся, добра зарабляў, скончыў універсітэт.

У нашых сем’ях мала звяртаюць увагу на тое, ці добра таму дзіцяці, як яно расце. Ты яго пхаеш у дактары ці юрысты, а можа ён гэтага не хоча? Можа, з яго выйдзе добры сталяр? Магчыма, гэтае дзіця трэба не туркаць у плечы за двойкі, а весці да псіхолага, можа, яго нехта б’е, крыўдзіць?

На маю думку, у нас дзецям даецца малавата любові. Беларусы вельмі сочаць, каб быць грамадска нарматыўнымі, у гэтым ёсць добрыя і кепскія бакі. Беларусы ў масе сваёй старанныя, працавітыя і імкнуцца быць як мага лепшым чалавекам і грамадзянінам, але нам не пашкодзіла б трошкі свабоды і любові.

Калі я там хадзіла, мне пастаянна біла ў галаву адна думка: «Якія яны прыгожыя!». Не таму што яны неяк антрапалагічна ад нас адрозніваюцца, а проста свабодны чалавек мае свабаднейшую хаду, свабаднейшае цела.

Гэта мяне ўразіла яшчэ ў Каліфорніі, там, дзе многа сонца і многа багатых і шчаслівых людзей. У іх нават хада іншая: свабоднае цела, добра трымаюць корпус, плечы ў іх разгорнутыя, яны размахваюць рукамі. А ў нас мянты часам пішуць у пратаколах, што чалавек стаяў, крычаў, размахваў рукамі. Чаму чалавек не можа ў сваёй краіне паразмахваць рукамі? А вось, бачыце, нельга, за гэта можна атрымаць 15 ці 30 сутак. Ясная справа, што ты ўгнеш галаву ў плечы і будзеш перасоўвацца малымі перабежкамі. Ёсць у нашай краіне рэпрэсіўны асяродак, і я хачу, каб гэта знікла», — лічыць Курс.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары32

  • Макрыня
    27.04.2023
    Алены Брава "Рай ужо даўно перанаселены" - як раз кніга пра тое што беларусы нажаль як і расейцы малавата любяць сваіх дзяцей. Раю пачытаць
  • Мужык Хамсы
    27.04.2023
    А ў нас ужо ў 25 прынята ныць "дзе мае годы, сышла маладосць, усё баліць"
  • ром
    27.04.2023
    Адны стереотипы.. везде как и в беларуси и в рф есть разные люди !! И бомжеватых навалом и хорошо выглядящих!!а все дело в бабле! Не более
    Зря вы фото этой курс там разместили😁

ГУБАЗіК перастаў выкладаць відэа з затрыманымі. З дня, калі да гэтага заклікаў канал, блізкі да Маркава6

ГУБАЗіК перастаў выкладаць відэа з затрыманымі. З дня, калі да гэтага заклікаў канал, блізкі да Маркава

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп: «Госпад выратаваў маё жыццё не проста так!» «Гэта будзе залаты век для Амерыкі» ВІДЭА24

Расійскі алігарх па выніках выбараў у ЗША прагназуе падзенне цэн на нафту4

У цэнтры Мінска на продаж выставілі кватэру ў сталінцы, дзе квадратны метр каштуе больш за 3 тысячы даляраў2

У Расіі згарэў чарговы МАЗ

Школьнікі ў Расіі выбеглі на пляцоўку падчас матча дзеля грошай ад Mellstroy. Гамяльчук не заплаціў, а бацькоў аштрафавалі2

На Нямізе пасля рамонту адчыніўся Mak.by1

Сын сакратара Рады бяспекі Вальфовіча выконвае абавязкі камандзіра 120-й брыгады1

«Зменаў у палітыцы па Беларусі не будзе, але ёсць нюансы». Валер Кавалеўскі — пра тое, чаго чакаць ад Трампа9

СТБ не пакажа заўтра матч мінскага «Дынама» ў Варшаве, на які беларусы сабраліся са сцягамі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК перастаў выкладаць відэа з затрыманымі. З дня, калі да гэтага заклікаў канал, блізкі да Маркава6

ГУБАЗіК перастаў выкладаць відэа з затрыманымі. З дня, калі да гэтага заклікаў канал, блізкі да Маркава

Галоўнае
Усе навіны →