Няволя, вайна і выгнанне раскрылі ў многіх беларусах суперздольнасці
Мы апыталі беларусаў, якія захавалі сябе, сваё «я», у няволі, у эміграцыі і на вайне. Як іх змянілі нязвыклыя абставіны рэчаіснасці? Часам фантастычна.
20.05.2023 / 20:59
«Збіраць вялікую карціну з мноства дробязных фактаў»
Камандзір медыцынскай роты палка Каліноўскага Настасся «Север» Махамет больш за год вывозіць з перадавой і найбліжэйшых подступаў да фронту параненых вайскоўцаў. У канцы красавіка яе саму параніла, і больш за дзесяць дзён яна была ў шпіталі. Усе суперздольнасці ў Настассі звязаныя з вайной.
Настасся «Север» Махамет. Фота: архіў Настассі
Адной з першых заўважаных Настассяй у мірнай абстаноўцы стала здольнасць «цалкам ігнараваць сірэны».
«Пакуль ляжу ў бальніцы, пра тое, што ў нас паветраная трывога, даведваюся ад суседкі. Поўны ігнор паловы прылётаў, якія далёка, бо мозг фільтруе нешта нязначнае», — расказвае парамедык.
Набытым за час вайны стала ўменне працаваць штодзень па 24 гадзіны без выхадных.
«Мяне могуць разбудзіць ноччу і днём, таму магу паспаць, пакуль нікому не патрэбная», — адзначае яна.
Яшчэ адна здольнасць: «збіраць вялікую карціну з мноства дробязных фактаў».
«Прычым гэтыя факты трымаеш у галаве: пра людзей, машыны, ратацыі, аснашчэнне, абсталяванне. Адначасова гэта ўсё круціцца. Каму перакінуць, каму перадаць, усё трэба выканаць», — апавядае Настасся.
«Вандраваць у мінулае»
Музыка Лявон Вольскі кажа пра звышздольнасць падарожнічаць у часе.
Лявон Вольскі на канцэрце да Дня Волі ў Вільні. Фота: «Наша Ніва»
«Зрэшты, пакуль што я навучыўся вандраваць толькі ў мінулае і толькі ў межах майго жыцця — ад нараджэння і да сёння», — даводзіць ён.
Дзякуючы свайму ўменню, лідар гурта Volski пры жаданні можа патрапіць у асобна ўзяты год, месяц і дзень.
«Напрыклад, у 75-м годзе прайсціся па Паркавай магістралі ў Менску, у 97-м пасядзець на «Панікоўцы», ці зайсці ў клуб «Рэзервацыя» на альтэрнатыўны канцэрт, ці ў 2009-м зайсці ў тагачасныя варшаўскія Przekąski zakąski з іхнім савецкім селядцова-цыбульна-гарэлачным смакам. Магу зайсці і ў савецкую «шкляшку» ў 1984-м, дзе пануе такі самы пах, — тлумачыць музыка і падсумоўвае:
Карацей, мне падуладнае не вельмі далёкае мінулае, але я працую цяпер таксама над падарожжамі ў будучыню».
«У школе быў цвёрда закладзены комплекс «ты тупая»
Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава кажа, што кожны чалавек, які працуе над сабой, непазбежна дасягне вялікіх вынікаў. Яна пералічвае, што паспела за апошнія тры гады.
Таццяна Грыневіч-Матафонава. Фота: сацыяльныя сеткі
«Вярнулася да грання на фартэпіяна, асвоіла для працы з відэа праграму «Соні вегас», для запісу песень праграму «Кубэйс», а таксама ютуб (раней бы і ў галаву не прыйшло, што змагу асвоіць такія складаныя для мяне рэчы), зараз актыўна прымяняю ўсе свае ўменні, атрыманыя ў музычным вучылішчы: гарманізацыю, аранжыроўку, кампазіцыю», — пералічвае зробленае суразмоўніца.
Яшчэ на радзіме Таццяна асвойвала на той час новыя для сябе інструменты: скрыпку і трубу. Рабіла непад'ёмную, як здавалася тады, працу па стварэнні музычных і паэтычных альбомаў, але ўрэшце 15 дыскаў было выдадзена.
«Таксама можна сказаць і пра вывучэнне моў, — адзначае Таццяна. — У школе быў цвёрда закладзены комплекс «ты тупая, ніколі не зможаш гаварыць на замежнай мове». А ўрэшце і па-італьянску размаўляла, калі брала ўрокі спеваў у італьянскага опернага спевака, і цяпер па-турэцку размаўляю. І ні ў якім разе не стану называць гэта здольнасцямі і суперздольнасцямі. Гэта проста праца над сабой здаровага чалавека. І кожны здольны, было б жаданне».
«Адчула смак вывучэння моў»
Жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына — Вольга Івашына, трапіўшы ў эміграцыю, адкрыла ў сабе здольнасці і прагу вучыць мовы. Гэтаму паспрыяла само жыццё. Яна іначай стала глядзець на свет, адчула сябе свабоднай і разняволенай.
Вольга і Дзяніс Івашыны. Фота: сацыяльныя сеткі
«Да пераезду ў Польшчу я прынцыпова не хацела вывучаць польскую мову, бо на ёй ёсць і без мяне каму размаўляць, лепей сваю развіваць. Але тут ужо пачаўшы вучыць, як той казаў, адчула смак, цяпер хочацца вучыць іншыя мовы», — тлумачыць яна.
«Вучыцца адаптаванню»
35-гадовы медык-эмігрант з Брэстчыны Віталь Пятроўскі суперздольнасцю лічыць разуменне і прыманне чужога меркавання, а таксама гатоўнасць дапамагаць іншым.
«Няхай гэта дробязь, але ведаю па сабе, як важна, калі людзі адгукаюцца і проста дапамагаюць у меру сваіх магчымасцяў. Гэта бясцэнная якасць», — адзначае ён.
Віталь прызнаецца, што да эміграцыі не лічыў адаптаванне складанай для сябе справай, але рэаліі выявілі іншае. На радзіме ён працаваў з пацыентамі розных пластоў насельніцтва, і камунікацыя не была праблемай. У іншай жа краіне гэтага, як аказалася, замала. Тут даводзіцца развіваць новыя здольнасці.
«Ніяк не магу звыкнуцца, што трэба гаварыць на іншай мове, таму трэба вучыцца не таму, чаму хочацца, а што трэба найперш. Гэта няпроста, і калі пераадолееш праблему, то прыдбаеш сабе суперздольнасць», — падкрэслівае Віталь.
Віталь адзначае, што па натуры ён лянівы і яго трэба пастаянна варушыць. У эміграцыі ж прыйшло разуменне, што ад нічога не рабіць стамляешся ды тупееш. Таму хочацца працаваць і прыносіць карысць.
«Самарэалізоўвацца»
На думку магілёўца, а цяпер жыхара Ізраіля, журналіста ды актывіста яўрэйскай грамады Сымона Глазштэйна не існуе ніякіх суперздольнасцяў. Дзяржава павінна ствараць умовы, каб чалавек рэалізаваў тое, што ў ім закладзена ад нараджэння.
Сымон Глазштэйн. Фота: сацыяльныя сеткі
«Магчыма, гэта і ёсць суперздольнасць — самарэалізацыя. У Ізраілі гэта можна зрабіць натуральна поўнасцю і больш, — кажа Сымон. — Постсавецкае грамадства і дзяржава, што застаецца ў Беларусі, імкнецца стрымаць раскрыццё ў чалавека яго патэнцыялу, заціснуць у шчыльныя рамкі кантролю і празмернай забароны. Гэта вельмі прыніжае людзей».
«Цярпець і не зважаць на прыніжэнні»
Былы палітвязень 31-гадовы Валянцін Лабачоў месяц таму выехаў за межы краіны і спрабуе выжыць у эміграцыі. Яго паўтара года ўтрымлівалі ў калоніі агульнага рэжыму за нібы «абразу Лукашэнкі». Сядзеў мужчына ў наваполацкай вязніцы.
Валянцін кажа, што за кратамі ўзгадаваў неймаверную для сябе здольнасць цярпець і не зважаць на здзекі ды прыніжэнні. Прыдушваў сваю гаварлівасць і пазбягаў спрэчак, што на волі было адметнасцю яго характару.
Валянцін Лабачоў. Фота: сацыяльныя сеткі
Выжываць Валянціну дапамагала ўзгадаваная здольнасць прыстасоўвацца да нязведаных і жудасных рэалій. Суцішаць эмоцыі, якія ва ўмовах турмы вядуць да пагаршэння сітуацыі і канфліктаў.
«З'явілася прага чытаць. І гэтую акалічнасць я б назваў суперздольнасцю многіх, — адзначае былы палітвязень. — На волі ў мяне не было такой цягі да кніг, якія ў няволі дапамагаюць адасабляцца ад рэальнасці. Чытаючы, акунаешся ў іншы свет і забываешся на тое, што дзеецца вакол».
Глядзіце таксама:
«Быў хімікам, стаў капітанам яхты». Беларус змяніў прафесію ў 40 год і расказвае, як гэта
Новыя даследаванні генетыкаў змушаюць вярнуцца да расісцкіх тэорый аб «добрых» і «дрэнных» генах