Ціханоўская абмеркавала ў кулуарах у Аахене магчымыя сцэнары падзей у Беларусі праз знікненне Лукашэнкі

Святлана Ціханоўская разам з Веранікай Цапкалай і Таццянай Хоміч (якая прадстаўляла зняволеную сястру Марыю Калеснікаву) узялі ўдзел у цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага. Там у Ціханоўскай прайшоў шэраг кулуарных сустрэч.

15.05.2023 / 08:13

Ціханоўская і Зяленскі на ўручэнні прэміі. Фота: Офіс Ціханоўскай

 Летась лідаркі пратэстаў 2020 года атрымалі гэту прэмію, а сёлета — Уладзімір Зяленскі і народ Украіны. Гэта адна з самых прэстыжных палітычных узнагарод у свеце.

Напярэдадні Святлана Ціханоўская паўдзельнічала ў Форуме Карла Вялікага, дзе брала ўдзел у двух дыскусіях: пра сітуацыю ва Усходняй Еўропе і шляхі да міру.

Распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, Віктарам Бабарыкам, Ігарам Лосікам, пра смерць Мікалая Клімовіча, прысуды партызанам і журналістам.

Таксама Ціханоўская заклікала раздзяляць рэжым і народ, паказаць беларусам еўрапейскую перспектыву, прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці, у тым ліку за датычнасць да прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

У асноўны дзень цырымоніі Ціханоўска разам з Таццянай Хоміч і Веранікай Цапкалай узялі ўдзел ва ўрачыстым богаслужэнні ў старадаўнім кафедральным саборы Аахена, а таксама ў самой цырымоніі.

У кулуарах яны сустрэліся з прэзідэнткай Еўрапарламенту Рабертай Метсолай, спікеркай Бундэстагу Барбэль Бас, прэмʼерам Польшчы Матэушам Маравецкім, прэзідэнткай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляйен і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Ціханоўская таксама выступіла на мітынгу, прысвечаным Украіне, дзе ўдзел бралі прэзідэнт Зяленскі і іншыя высокія госці.

Увечары Ціханоўская сустрэлася асобна з былой прэзідэнткай Літвы Даляй Грыбаўскайце. Размаўлялі на тэму Беларусі, знікнення з публічнай прасторы і хваробы Лукашэнкі, магчымых сцэнароў развіцця падзеяў, паведаміў офіс Ціханоўскай.

Чытайце таксама:

Зяленскі паціснуў руку Ціханоўскай

Рыторыка Зяленскага адносна Беларусі змянілася: «Нягледзячы на прапаганду, беларусы змагаюцца. 70% беларусаў супраць Расіі»

Nashaniva.com