«У дыктатурах законы — не тое, на што звяртаюць вялікую ўвагу, калі дзеляць уладу. І Беларусь не будзе служыць выключэннем у выпадку смерці Лукашэнкі»
Палітычны аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах і былы супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Слюнькін паразважаў аб тым, што будзе, калі Лукашэнка памрэ, і хто будзе яго пераемнікам.
17.05.2023 / 22:11
Хворы Аляксандр Лукашэнка на Краснай плошчы. Кадр відэа
Павел Слюнькін разважаў пра Беларусь без Лукашэнкі ў падкасце «Медузы» «Што адбылося».
Як будзе перадавацца ўлада?
Новай рэдакцыяй Канстытуцыі прадугледжана два варыянты пераходу ўлады ў залежнасці ад прычыны, па якой не стала дзейнага прэзідэнта.
Павел Слюнькін адзначае, што на гэтыя палажэнні не варта звяртаць істотную ўвагу. І нагадаў пра сітуацыю ва Узбекістане.
«У аўтарытарных дзяржавах законы — не тое, на што звяртаюць вялікую ўвагу, калі дзеляць уладу. І Беларусь не будзе выключэннем. Вядомы выпадак з Узбекістанам, дзе пасля смерці Іслама Карымава пераход улады адбыўся не ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Чалавек, які павінен быў атрымаць уладу, публічна адмовіўся. Мачыма, у яго не хапіла апаратнай падтрымкі ці жадання, ці падтрымкі проста сілавых структур, якія маглі б абараніць яго імкненне да ўлады», — адзначыў аналітык.
Таму аналітык не асабліва паглыбляецца ў прававыя калізіі, якія ёсць у беларускім заканадаўстве. На яго думку, яны не будуць адыгрываць такой вырашальнай ролі, як іншыя фактары, якія найбольш важныя і на якія будуць абапірацца людзі ў Радзе бяспекі.
Ключавым фактарам, адзначае Слюнькін, будзе нават не іх апаратная вага і не блізкасць да Аляксандра Лукашэнкі, і нават не асабістыя ці сямейныя сувязі. Галоўнае — іх сувязі і падтрымка Масквы.
«Улік той вялікай колькасці кантролю працэсаў унутры Беларусі, што яна атрымала (асабліва за апошнія тры гады), паказвае на тое, што выбар Масквы і яе жаданне падтрымаць нейкую з кандыдатур (ці некалькі кандыдатур) і будуць служыць ключавым фактарам, які будзе дамінаваць пры размеркаванні паўнамоцтваў», — выказвае свой погляд аналітык.
Слюнькін лічыць, што расійскія спецслужбы пачнуць над гэтым пытаннем працаваць у самыя першыя дні, як толькі з'явіцца інфармацыя, што з Лукашэнкам нешта адбылося. Яны будуць выходзіць на сувязь з чыноўнікамі, якія патэнцыйна могуць разглядацца Масквою як «спадчыннікі трона».
«Менавіта лаяльнасць і гарантыя падтрымкі з Масквы будзе служыць адным з фактараў, які будзе забяспечваць іх новую наменклатурную вагу пры ўнутраных абмеркаваннях», — выказвае свой погляд Слюнькін.
Аналітык таксама згадвае яшчэ адзін фактар, які нельга пакідаць па-за ўвагай. Гэта фактар асабістых амбіцый. У сілавікоў, нягледзячы на вялікую залежнасць ад Расіі, ёсць улада:
«Трэба памятаць, што так званыя эліты ці беларускія бюракраты, якія знаходзяцца цяпер на вяршыні ўлады, яны могуць самастойна сабрацца і калектыўна дамовіцца (без удзелу Масквы) аб тым, хто будзе кіраваць краінай да выбараў. Улічваючы дастаткова значную колькасць пераменных у гэтым ураўненні, вельмі складана гадаць».
Хто магчымы пераемнік?
З тых, каму Лукашэнка адназначна сімпатызуе, аналітык называе Наталлю Качанаву. Але, на яго погляд, нюанс тут у тым, што яе наменклатурнае становішча і вага забяспечваюцца толькі яе лаяльнасцю і сімпатыяй з боку Аляксандра Лукашэнкі.
«Калі Аляксандр Лукашэнка выпадае з гэтага ўраўнення, Наталля Качанава, як тая Папялушка пасля 12-ці гадзін, застаецца ні з чым. У яе няма ні арміі, ні сілавых органаў. І калі яна не стане ключавым стаўленнікам Масквы, то ў яе не будзе падтрымкі адтуль», —
выказвае свой погляд Слюнькін і падкрэслівае, што не гатовы сказаць, якім чынам Качанава будзе забяспечваць свае амбіцыі.
Больш відавочным варыянтам аналітык называе прэм'ер-міністра. Ён нагадвае, што Раман Галоўчанка мае дастаткова нядрэнныя і цесныя сувязі з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі і з пэўнымі расійскімі групамі. Ён працаваў у сістэме вайскова-прамысловага комплексу і быў дыпламатам.
«У яго дастаткова нядрэнныя шанцы стаць пераемнікам. Да таго ж ён яшчэ на працягу апошніх трох гадоў не вызначаўся нейкімі вельмі моцнымі таталітарнымі заявамі. Улічваючы, што фармальна ў падпарадкаванні апарату ўрада знаходзяцца і сілавыя ведамствы, ён можа выглядаць як даволі сімпатычная фігура для кансэнсусу беларускіх эліт і адначасова для Расіі», — лічыць Слюнькін.
Трэці блок — сілавікі. Гэта старшыня КДБ, старшыня Рады бяспекі, міністры абароны і ўнутраных спраў.
Хто з іх і ў які момант паспрабуе выкарыстаць свой рэсурс, які знаходзіцца ў яго падпарадкаванні, для таго, каб узмацніць свае пазіцыі ўнутры дыялогу аб забеспячэнні пераемнасці ўлады, аналітык не гатовы сказаць. Ён толькі заўважае, што ў іх рэсурсаў на парадак больш, чым у ва ўсіх астатніх.
«Грамадзянскія чыноўнікі змогуць балансаваць уплыў сілавікоў толькі за кошт падтрымкі з Расіі. Калі такой відавочнай падтрымкі грамадзянскім асобам не будзе, то я не ўпэўнены, што атрымаецца пазбегнуць варыянта, пры якім сілавікі застануцца пры ўладзе», — адзначае аналітык.
Павел Слюнькін не ўпэўнены, што Расія проста будзе назіраць і даваць варыянты беларускім чыноўнікам самім вызначаць, хто будзе пераемнікам. «Я думаю, што яны будуць непасрэдна ўдзельнічаць у гэтым працэсе. І, магчыма, у іх ужо ёсць тыя кандыдатуры, якія яны будуць падтрымліваць, ці ўжо на гэтым этапе разглядаюць як пераемнікаў і будуць максімальна дапамагаць ім».
Ці можа стаць пераемнікам Віктар Лукашэнка?
Аналітык адзначае, што калі транзіт будзе запушчаны ў адносна стабільнай унутрыпалітычнай сітуацыі, то Віктар Лукашэнка з'яўляецца адным з галоўных прэтэндэнтаў па пасаду прэзідэнта. Ён тлумачыць гэта тым, што найбольш паспяховыя выпадкі транзіту ўлады ў аўтарытарных краінах якраз пры перадачы ўлады дзецям. Тады захоўваецца і рэжым, і сістэма.
«Аляксандр Лукашэнка, калі аналізаваць усю яго гісторыю, хацеў бы пакінуць уладу ўнутры сваёй сям'і. Ён, у прынцыпе, нікому не давярае. І гэта лагічна, калі ўлічваць гісторыю аўтарытарных рэжымаў», — заўважае Слюнькін.
Але аналітык падкрэслівае, што ў варыянце, калі Аляксандр Лукашэнка ўжо не мае магчымасці прымаць рашэнні, вызначальную ролю будуць адыгрываць зусім іншыя фактары.
Якія шанцы ў апазіцыі
Аналітык звяртае ўвагу, што адказ на пытанне вельмі моцна залежыць ад агульнай канʼюнктуры, якая будзе ў момант, калі не стане Лукашэнкі. Ад таго, у якім стане будзе знаходзіцца Расія, як будзе развівацца вайна ва Украіне, як будзе выглядаць сітуацыя ўнутры Беларусі.
Слюнькін лічыць, калі Лукашэнкі не стане ў найбліжэйшы час, то шанцы апазіцыі ўзяць уладу мінімальныя.
«Але ў перспектыве не факт, што калі Аляксандра Лукашэнкі не стане, Расія будзе такой жа магутнай ці, як і раней, мець магчымасці вызначаць палітычныя працэсы ўнутры іншых дзяржаў, а не будзе знаходзіцца ў стане змагання за ўладу ўнутры краіны», — заўважае аналітык.
«У апазіцыйнага палітыка галоўны рэсурс — папулярнасць і гатоўнасць людзей выходзіць на яго падтрымку, слухаць яго заклікі і рызыкаваць сабою падчас здзяйснення нейкіх дзеянняў. І ў момант, калі Лукашэнкі не стане, план, пра які гавораць дэмакратычныя сілы, пакажа, ці ёсць нейкі рэсурс і капітал у дэмакратычных палітыкаў, каб яны маглі стаць важным гульцом у гэтым працэсе.
Голас народа будзе нашмат складаней задушыць сілавым метадам, чым гэта было ў 2020 годзе проста з-за таго, што сама сістэма будзе ў нейкі момант дэстабілізаваная. Незразумела будзе, чые загады выконваць. Менавіта тут зʼяўляецца патэнцыйнае акно магчымасцяў», — адзначае Слюнькін.
Разам з гэтым аналітык не мае адназначнага адказу на пытанне, ці будзе беларускае грамадства прыслухоўвацца да заклікаў дэмакратычных сіл.
«Калі беларусы не змогуць самі мабілізавацца, калі яны самі не будуць, нават без заклікаў, спрабаваць нешта мяняць, хоць на ўзроўні гарызантальнай камунікацыі адно з адным, як гэта было ў 2020 годзе, то рашэнне будзе прымацца за іх на фіктыўных выбарах», — прагназуе Слюнькін.
Наколькі трэба ўлічваць фактар Расіі
Аналітык заўважае, што сацыяльныя і палітычныя працэсы складана прадказаць. Пра гэта сведчыць прыклад развалу Савецкага Саюза. Такога не прадказваў ніводзін з саветолагаў. Але гэты працэс адбыўся. Таксама, як і падзенне Берлінскай сцяны.
Сёння невядома, як будзе развівацца сітуацыя. Наколькі Украіна будзе здольная вызваліць свае тэрыторыі? І да якіх працэсаў унутры Расіі гэта прывядзе? Таму варыянт унутранай дэстабілізацыі і аслаблення Расіі не зʼяўляецца неверагодным.
Слюнькін прапануе ўявіць, што ў вайне перамагла Украіна, што прывяло да ўнутранага аслаблення і цэнтрабежных тэндэнцый у Расіі, калі буйныя эліты сканцэнтраваныя на падзеле ўлады. У гэтых эліт у такіх умовах не будзе дастаткова сіл ці жадання займацца рашэннем беларускага пытання.
У такім выпадку шанцы на тое, што ў Беларусі запусцяцца дэмакратычныя працэсы, ці хаця б яна стане на шлях дэмакратызацыі нават унутры прарэжымных груп, якія сёння падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, нельга выключаць.
«Пакуль гэта надта складана, каб стаць рэальнасцю», — заўважае аналітык.
Які знак можа сведчыць аб істотным пагаршэнні здароўя Аляксандра Лукашэнкі
Пра тое, што запушчаны механізм перадачы ўлады, на думку аналітыка, могуць сведчыць больш частыя зʼяўленні пэўнай асобы на публіцы, важных мерапрыемствах, сустрэчах з Аляксандрам Лукашэнкам, дэлегаванне яму пэўных важных задач, якія выходзяць за межы яго кампетэнцыі. Магчымым сведчаннем таксама могуць быць змены ў заканадаўстве, якія будуць узмацняць пазіцыі гэтага чалавека.
Павел Слюнькін таксама нагадвае пра такі новы орган улады, як Усебеларускі народны сход (УНС). Лукашэнка можа прызначыць на чале яго замест сябе, як гэта прадугледжана новай Канстытуцыяй, іншага чалавека. Што будзе сведчыць, што ён у ім бачыць свайго пераемніка.
Ці наадварот, Лукашэнка вырашыць застацца толькі на чале УНС і адтуль кантраляваць новага прэзідэнта. У такім выпадку зʼяўленне нейкіх людзей на высокіх пасадах будзе намякаць на тое, што нехта з іх патэнцыйна будучы прэзідэнт.
Аналітык лічыць, што пакуль Аляксандру Лукашэнку вельмі складана ўявіць, што нехта іншы будзе прымаць рашэнні ўнутры Беларусі, пакуль ён жывы і можа гэта рабіць сам.
«Увесь яго псіхалагічны партрэт сведчыць аб тым, што гэты чалавек вельмі любіць уладу, не дапускае ніякай канкурэнцыі і будзе спрабаваць дамінаваць над палітычным полем, нават калі паспрабуе з яго сам сябе ў нейкі момант вывесці. Яго да гэтага падпіхнуць могуць толькі сапраўды экстраардынарныя працэсы, звязаныя з яго здароўем ці нечым іншым. А вось каб ён па сваім жаданні, знаходзячыся ў стане кіраваць Беларуссю і працягваць яе кантраляваць, вырашыў, што пара ўжо на пенсію, то ў гэта я не веру», — заўважае аналітык.
Чытайце яшчэ:
Што можа быць пасля Лукашэнкі? Магчымыя кірункі
Прапагандыст Шпакоўскі напісаў праграмны пост: У найбліжэйшыя гады завяршыцца эпоха Лукашэнкі
Арастовіч патлумачыў, чаму не баіцца сцэнарыя з расійскім стаўленікам на месцы Лукашэнкі