У Гомелі на возеры зноў спрабуюць пасяліць Валатазаўрыка

На гомельскім Валатаўскім возеры зноў усталявалі фігуру Валатазаўрыка, з якой у мінулым годзе было шмат клопату і смеху. Таму і сёлетняя падзея ўжо абрасла жартамі — гомельцы спадзяюцца, што ў гэтым годзе плаcтыкава-металічны шасціметровы плезіязаўр нікуды не сплыве і не патоне, піша «Штодзень».

19.06.2023 / 17:25

Паводле звестак у дзяржаўных СМІ, ідэя стварэння кампазіцыі належала маленькай дзяўчынцы Аліне. Нібыта яна сама патэлефанавала на прамую лінію кіраўніку адміністрацыі Цэнтральнага раёна і распавяла пра тое, што нядаўна паглядзела фільм «Мой хатні дыназаўр» пра прыгоды хлопчыка Ангуса, які жыў на беразе возера Лох-Нэс, і захацела такога ж на радзіме.

Уладам ідэя спадабалася і яны аддалі яе практычнае ўвасабленне ў рукі прыватнай фірмы, якая і ўзяла на сябе фінансавыя выдаткі. У выніку скульптуру зрабілі з металічнага каркаса, на які пластамі нанеслі адмысловы пластык. Зрабілі гэта з мэтай прадухілення з’яўлення іржы ды акіслення ў вадзе, а самая цяжкая частка, галава, была створаная з элементамі бетону.

Па баках ад істоты размясцілі вялізныя бакі, якія павінны былі выконваць ролю паплаўкоў, якія б не дазвалялі аб’екту перакуліцца. А каб канструкцыя нікуды не сплыла, да дна возера яе «надзейна» прымацавалі ланцугамі.

Але ў рэальнасці «Валатазаўрык» пайшоў на дно амаль адразу пасля ўсталявання, умомант стаўшы мемам.

На зіму Валатазаўрыка з возера прыбралі. І вось днямі ён зноў з’явіўся на Валатаўскім возеры. Цяпер жыхары раёна ды і ўсяго горада робяць ледзь не стаўкі з нагоды таго, якія яшчэ прыгоды чакаюць вядомага ў горадзе плезіязаўра гэтым летам.

Чытайце таксама:

Хісткае становішча. Пад Мінскам развальваецца рэканструяваны Курган Славы

На гарадзішчы ў Крычаве развальваецца абарончае ўмацаванне XVI—XVII стагоддзяў

На гістфаку БДУ знішчылі пано з выявай Каліноўскага

У Ляхавічах абламалі рогі аленю

Nashaniva.com