Безгустоўны знак на гары Дзяржынскай пастаўлены незаконна. Вінаватых прыцягнуць да адказнасці
Актывісты звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбай хаця б выправіць памылкі на знаку і пазначыць на ім назву гары, але адказ ведамства здзівіў.
23.06.2023 / 11:01
Новы знак на гары Дзяржынскай. Фота: «Мінская праўда»
Архітэктурны знак «Сцяг Радзімы» на Дзяржынскай гары адкрылі 12 мая, напярэдадні Дня дзяржаўнага сцяга, герба і гімна. Гэты дзень адзначаецца штогод у другую нядзелю мая і прымеркаваны да праведзенага 14 мая 1995 года Лукашэнкам рэферэндуму, паводле вынікаў якога бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі замененыя на ранейшыя сімвалы савецкай Беларусі.
Новы помнік выкананы архітэктарам Армэнам Сардаравым і майстрам па метале Уладзімірам Канонікам у выглядзе стэлы на пірамідальным пастаменце, увянчанай закручаным нібы свярдзёлак чырвона-зялёным сцягам. Кароткі надпіс на знаку змяшчаў адразу дзве памылкі, а таксама на ім адсутнічала назва самой вяршыні. Стары знак-камень пакладзены пад дарожным паказальнікам каля павароту да гары.
Устаноўка за недзяржаўныя грошы дазволіла пазбегнуць конкурсу эскізных праектаў і рэалізаваць даволі безгустоўны, на думку спецыялістаў, помнік. Але цяпер выявілася, што ён пастаўлены незаконна.
Надпіс на знаку з дзвюма памылкамі. Фота: «Мінская праўда»
Міністэрства культуры Беларусі ў сваім адказе звярнула ўвагу, што парадак стварэння або рэканструкцыі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва вызначаны адмысловым Палажэннем. Паводле яго Дзяржынскі раённы выканаўчы камітэт мусіў звярнуцца ў ведамства па заключэнне аб стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва, чаго зроблена не было. Не разглядалася пытанне і на пасяджэнні Мінскага абласнога мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве.
Адказ Міністэрства культуры Беларусі аб законнасці ўзвядзення знака на найвышэйшым пункце краіны. Фота: тэлеграм-канал Vuholnik
У сувязі з гэтым Міністэрства скіравала ліст аб прыпыненні работ па рэканструкцыі памятнага знака, неабходнасці няўхільнага выканання дзейнага заканадаўства і прыцягнення да адказнасці службовых асоб за яго парушэнне.
Найбольш рэалістычным, на нашу думку, выглядае варыянт узаконьвання ўжо пастаўленага знака і выпраўлення памылак на ім. Але ўлічваючы вельмі нізкую мастацкую вартасць, то варта было б цалкам дэмантаваць яго і правесці адкрыты конкурс на лепшы праект. Як мы адзначалі раней, калі б на гары была пабудаваная хаця б 30-метровая вежа агляду, то перад турыстамі адкрываліся б панарамы Мінска, Налібоцкай пушчы і іншых мясцовасцяў ад Маладзечна да Стоўбцаў. Прынамсі, гэта ў разы цікавей, чым аглядаць безгустоўны арт-аб’ект.
Чытайце таксама:
Новы знак на гары Дзяржынскай мае дзве памылкі ў пяці словах
Хісткае становішча. Пад Мінскам развальваецца рэканструяваны Курган Славы