Чэмпіён Германіі па кікбоксінгу захапіўся чытаннем Бібліі, кінуў прафесійны спорт і асвятляе пытанні рэлігіі ў ютубе
31-гадовы Гордан Хаўпт пяць гадоў таму быў шматабяцальным кікбаксёрам, пра што сведчыла і яго баявое імя — Нямецкі Варвар. Але сапраўдным дасягненнем у яго жыцці стаў зварот да каталіцызму, як расказаў мужчына ў інтэрв’ю іспанскаму фонду Religión en Libertad.
28.06.2023 / 19:44
Гордан Хаўпт. Фота: яго старонка ў фэйсбуку
Гордан Хаўпт правёў на рынгу паўжыцця і мае баявую мянушку Нямецкі Варвар.
У 16 гадоў ён пачаў займацца баявымі мастацтвамі, і неўзабаве гэта стала сапраўдным захапленнем. Тады ж ён пачаў даволі інтэнсіўна чытаць Біблію. Гордан згадвае: «За два тыдні, калі я правільна памятаю, я прачытаў ад Быцця да другой кнігі Самуіла».
Мужчына кажа, што разважанні пра Бога з дзяцінства былі важнай часткай яго думак, але тады ў яго не было рэлігійнага жыцця. Да таго ж чытанне Бібліі было адкладзена, бо хлопец заняўся прафесійным спортам. Пад імем Нямецкага Варвара ён выступаў у Галандыі, Паўднёвай Карэі, Расіі, ЗША і многіх краінах Еўропы.
Сустрэча з будучай жонкай вярнула да зацікаўленасці рэлігіяй
«Мая жонка прывяла мяне да сапраўднай сустрэчы з Хрыстом і адкрыцця яго ў скініі. Я зразумеў тады, што адкрыў праўду, якую даўно шукаў», — дзеліцца Гордан Хаўпт.
«Калі я сустрэў сваю цяперашнюю жонку, яна задала мне дзіўнае пытанне: «Вы верыце ў Бога?» Я быў збянтэжаны, хоць і стараўся не паказваць гэтага. Я верыў у Бога, але не меў пра яго ніякага ўяўлення. Нарэшце я адказаў: «Так, я веру ў Бога! А вы?»
Ад евангелічнай царквы да каталіцызму
Спачатку шлях прывёў Хаўпта ў свабодную евангелічную царкву.
Каб паслядоўна ісці за верай, мужчыну трэба было адмовіцца ад свайго жыцця, у якім дамінаваў кікбоксінг. Такім чынам, ён завяршыў кар’еру і пачаў цікавіцца багаслоўем — прачытаў дзясяткі кніг пратэстанцкіх аўтараў. У інтэрнэце ён сачыў за дэбатамі паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі багасловамі, і ў некаторых дыскусіях браў удзел.
Спачатку пазіцыя каталікоў у гэтых дэбатах Гордана не пераконвала, але з цягам часу ён пачаў чытаць ды вывучаць і каталіцкіх тэолагаў — і на некалькі пытанняў, якія датычаць царкоўнага вучэння, знайшоў пераканаўчы адказ менавіта ў каталікоў.
Некаторы час мужчына яшчэ вагаўся паміж каталіцтвам і пратэстантызмам, але паваротным момантам у яго даследаванні сталі працы ранніх хрысціян. «Так я знайшоў Ігната Антыахійскага, вучня святога апостала Іаана. Я дазнаўся, што раннія хрысціяне верылі, што Еўхарыстыя на самай справе была целам і крывёю Хрыста. У іх таксама быў алтар; гэта значыць пасвячонае святарства, біскупы, ахвярнік. Першыя хрысціяне былі каталікамі да мозгу касцей. Прыйшоў час і нам стаць каталікамі».
Гордан не абыякавы да таго, чым жыве каталіцтва. І нават абмяркоўвае гэта на сваім ютуб-канале
Гордан Хаўпт прызнаецца, што яго вельмі турбуе кірунак, які цяпер абірае «Сінадальны шлях» на яго радзіме. На думку мужчыны, паводзіны «Сінадальнага шляху» — гэта «марная мітусня і пагоня за ветрам». Праз іх вера падрываецца, і Касцёл у Германіі трапляе пад пагрозу расколу.
Хаўпт таксама перакананы, што кожны, хто шукае сапраўднае хрысціянства, павінен прачытаць Біблію і звярнуцца да гісторыі ранняй Царквы, каб даведацца, у што верылі прамыя паслядоўнікі апосталаў і як практыкавалі гэту веру. Сваім досведам і разважаннямі мужчына дзеліцца праз канал на YouTube (KathPlosiv), а таксама ён кажа, што пачаў пісаць кнігу.
Чытайце яшчэ:
Біблія на беларускай мове: цяжкасці перакладу
Амерыканцы сталі нашмат менш рэлігійнымі і менш мараць пра дзяцей