Культура22

Біблія на беларускай мове: цяжкасці перакладу

Даследчыкі налічваюць амаль два дзясяткі перакладаў на беларускую мову толькі Новага Запавету. Нядаўна выйшаў новы пераклад усяго тэксту Святога Пісання, які 12 гадоў рабіў пратэстанцкі пастар Антоній Бокун. Чым ён вылучаецца?

Стары Запавет Антоній Бокун пераклаў з іўрыта, а Новы Запавет — са старажытнагрэцкай мовы. 

Першыя спробы перакладу Святога Пісання на мясцовую гаворку былі здзейснены яшчэ да Скарыны ў XIV—XV стагоддзях. Пасля першадрукара значным перакладам была праца Васіля Цяпінскага. А вось пазней да гэтага не вярталіся аж да ХХ стагоддзя.

У 1931 годзе на тарашкевіцы пабачыў свет «Новы Запавет і Псалмы». У якасці перакладчыкаў выступілі пратэстанцкі святар Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч. Пераклад меў значную папулярнасць. Ім нават карысталіся каталіцкія святары.

У 1938 годзе лацінкай быў выдадзены пераклад Бібліі рымска-каталіцкага святара Вінцэнта Гадлеўскага. Ён насычаны ўласцівай для польскай мовы рэлігійнай тэрміналогіяй і тапанімікай.

У Савецкай Беларусі ў 1968 годзе за пераклад Святога Пісання ўзяўся Уладзіслаў Чарняўскі. Ён скончыў працу ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Выданне па частках было здзейснена толькі ў 1990-х — пачатку 2000-х. Поўны тэкст выйшаў у 2012-м. У перакладзе значна больш беларускіх тэрмінаў, азначэнняў, канструкцый у параўнанні з іншымі перакладамі для беларускіх каталікоў.

У 1989 годзе Праваслаўнай царквой была створана Беларуская біблійная камісія. Першае Евангелле яна выдала ўжо ў 1991 годзе, але далей царкоўныя ўлады працу не падганялі. У 2017 годзе быў прэзентаваны перакладзены з арыгінальнага старажытнагрэцкага тэксту Новы Запавет. Ён вызначаецца лексікай, якая блізкая да царкоўнаславянскай традыцыі. Напрыклад, там прысутнічаюць такія неўласцівыя беларускай мове словы, як «блажэнны», «благадаць», «свяшчэннаслужыцель».

У тым жа 2017 годзе выйшла поўнае выданне Новага Запавету, здзейсненае секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Каталіцкага касцёла. Каталікі традыцыйна выкарыстоўваюць форму імені «Езус».

Перакладамі займаліся і асобы па-за Царквою. Адметна, што менавіта гэтыя падзвіжнікі змаглі здзейсніць поўныя пераклады тэкстаў Святога Пісання. Першым, хто пераклаў усю Біблію на беларускую мову, быў гісторык мовы Янка Станкевіч. Стары Запавет ён перакладаў з яўрэйскай, а Новы Запавет — з грэчаскай моваў. Цалкам выданне з'явілася на свет у 1973 годзе. Гэты пераклад насычаны дыялектнымі словамі і так любымі гэтаму інтэлектуалу неалагізмамі.

У 1995 годзе пабачыў свет пераклад Новага Запавету і Псалтыра Васіля Сёмухі. А поўны пераклад Святога Пісання выйшаў у 2002 годзе. Тэкст вельмі багаты на беларускую лексіку. У той жа час яго крытыкуюць за вольнасць у перакладзе складаных месцаў, дыялектнае напісанне біблейскіх імёнаў. У віну ставіцца і тое, што за аснову перакладу быў узяты расійскі сінаідальны пераклад 1840 года.

Сваю працу Васіль Сёмуха пачынаў у складзе Біблійнай камісіі. Пазіцыя яе сяброў была такая: «каб было ў ім толькі тое, што й па-руску, і ні на крок убок». Сёмуха адзначаў цяжкасці перакладу: «Скажам, слова «благодать». Як перакласці? Па-беларуску «блага» — гэта «вельмі кепска», па-руску — наадварот, «вельмі добра». … Ад словазлучэння «ласка Божая», якое ўжываюць каталікі, я адмовіўся, бо гістарычна «ласка» ўзыходзіць да аднаго кораня са словам «ліслівасць».

Пастар Антоній Бокун раней адзначаў, што для яго самым складаным было вызначыцца з перакладам імёнаў. Распаўсюджаныя імёны ён даваў у агульнапрынятай форме, а вось рэдкія імёны і найменні пакідаў у заходняй традыцыі яўрэяў, таму ў тэксце Антонія Бокуна побач з Якубам, Язэпам, Даніілам прысутнічаюць Абрагам, Бэтлеем, Гальгота.

Менавіта правапіс і розныя варыянты ўласных назваў, у тым ліку назваў геаграфічных, адрозніваюць усе тэксты перакладаў. Кожная канфесія карыстаецца сваёй тэрміналагічнай традыцыяй. Нават імя Бога ва ўсіх пішацца па-свойму: Іісус, Езус, Ісус.

Прапануем чытачу самому параўнаць перадачу перакладчыкамі вядомых месцаў са Святога Пісання

Богу — Богава, а кесару — кесарава

Тады кажа ім: «Дык аддавайце тое, што цэзара, цэзару, а што Божае, — Богу». І здзіўляліся з Яго. — Пераклад А.Бокуна.

І, адказваючы, Ісус сказаў ім: аддайце кесарава кесару, а Божае Богу. І дзіваваліся з Яго. — Пераклад Л. Дзекуць-Малея. 

Езус-жа адказваючы сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. І дзівіліся з гэтага. — Пераклад В. Гадлеўскага.

Ісус сказаў ім у адказ: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І здзіўляліся з Яго. — Пераклад У. Чарняўскага.

І сказаў ім Іісус у адказ: аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу. І дзівіліся Яму. — Пераклад Беларускай біблійнай камісіі.

І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Цэсарава аддавайце цэсару, а Божае Богу». І дзівіліся з Яго. — Пераклад Я. Станкевіча.

Ісус сказаў ім у адказ: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І здзіўляліся зь Яго. — Пераклад В. Сёмухі.

Валадарства маё — не ад гэтага свету

Адказаў Ісус: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Валадарства Маё, паслугачы Мае змагаліся б, каб Я не быў выдадзены Юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не згэтуль». — Пераклад А. Бокуна.

Ісус адказаў: Царства Маё не з гэтага свету; калі б з гэтага свету было царства Маё, то слугі Мае бароліся бы, каб жыды не выдалі Мяне. Але царства Маё не згэтуль. — Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Адказаў Езус: Каралеўства маё не ёсць з гэтага свету. Калі б каралеўства маё было з гэтага свету, то слугі мае пэўне ж біліся б, каб я не быў выданы жыдом. Цяпер жа каралеўства маё не ёсць адгэтуль. — Пераклад В. Гадлеўскага.

Адказаў Ісус: «Маё Валадарства не з гэтага свету; каб Маё Валадарства было з гэтага свету, паслугачы Мае ваявалі б, каб не быў Я выдадзены юдэям; але Валадарства Маё цяпер не адгэтуль». — Пераклад У. Чарняўскага.

Адказаў Іісус: Царства Маё не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было Царства Маё, то слугі Мае змагаліся б за тое, каб Мяне не выдалі Іудзеям. Але цяпер Царства Маё не адгэтуль. — Пераклад Беларускай біблійнай камісіі.

Ісус адказаў: «Гаспадарства Маё не з гэтага свету; калі б гаспадарства Мае было з гэтага свету, слугі Мае ваявалі б, каб Я не быў выданы Юдэям; цяпер жа гаспадарства Маё не адгэтуль». — Пераклад Я. Станкевіча.

Ісус адказваў: Царства Маё не ад свету гэтага; калі б ад свету гэтага было Царства Маё, дык слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў аддадзены Юдэям; але цяпер Маё Царства не адгэтуль. — Пераклад В. Сёмухі.

Прыказанне новае даю вам: любіце адзін аднаго

Новае прыказанне даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. — Пераклад А.Бокуна.

Даю вам новае прыказанне: каб любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любеце адзін аднаго. - Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Прыказанне новае даю вам, каб вы любілі адзін другога; так як я вас узлюбіў, каб і вы любілі адзін другога. — Пераклад В. Гадлеўскага.

Прыказанне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі. - Пераклад У. Чарняўскага.

Запаведзь новую даю вам: каб вы любілі адзін аднаго; як Я ўзлюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. — Пераклад Беларускай біблійнай камісіі.

Новае расказанне даю вам, каб вы мілавалі адзін аднаго; як Я мілаваў вас, каб і вы любілі адзін аднаго. — Пераклад Я. Станкевіча.

Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго. — Пераклад В. Сёмухі.

Гэта Кроў Мая новага запавету

І, узяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе, бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэння грахоў». — Пераклад А.Бокуна.

І сказаў ім: гэта ёсць кроў Мая новага запавету, што за многіх праліваецца. - Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

І сказаў ім: Гэтая ёсць кроў мая новага закону, каторая за многіх будзе праліта. — Пераклад В. Гадлеўскага.

І гаворыць ім: «Гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца». — Пераклад У. Чарняўскага.

І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, якая за многіх праліваецца. — — Пераклад Беларускай біблійнай камісіі.

І сказаў ім: «Гэта ё кроў Мая Новага Закону, за шмат выліваная». — Пераклад Я. Станкевіча.

І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная. — Пераклад В. Сёмухі.

Чытайце яшчэ:

Як выбраць паміж «ласкай» і «благадаццю» і з чаго лепш пачынаць Новы Запавет

Каментары2

  • Скарынка
    18.03.2023
    Аы меня прабачце. Калi ен выкарыстоувае слова гатунак каб перадаць тое, што па-руску род, або сухазем'е, каб назваць тое, што па-руску твердь, гэта у меня выклiкае аялiкiя пытаннi
  • Уже и давно
    18.03.2023
    У белорусских униатов, ВСЕ́ и ДАВНО переведено......

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў31

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў

Усе навіны →
Усе навіны

Нават калі схаваў твар, цябе пазнаюць — з'явілася новая сістэма відэаназірання6

Стаў вядомы прысуд пінскаму журналісту Яўгену Мікалаевічу, які вярнуўся ў Беларусь4

Сацыёлаг Коршунаў: Лукашэнка хоча паказаць, што ён дыктатар з чалавечым тварам, не доктар Асад

«У беларускім тэатры сёлета рост рэпрэсій. Толькі ў лістападзе звольнілі шэсць чалавек з РТБД»

У мінскім аэрапорце запускаюць электрычны перонны аўтобус1

«Растлумачце мне, дзе зайчыкі і сняжынкі?» Тата з Брэста абурыўся адзеннем чужых дзяцей на ранішніку31

Стала вядома, за што пасадзілі на чатыры гады журналістку Вольгу Радзівонаву2

Лідар паўстанцаў заявіў, што Сірыя не ўяўляе пагрозы для свету, і папрасіў зняць з краіны санкцыі7

Замежнікі змогуць прыязджаць у Беларусь па электронных візах3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў31

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў

Галоўнае
Усе навіны →