Былы сілавік, завочна асуджаны па справе аб «падпале дому Гайдукевіча»: Не ведаю, дзе той дом знаходзіцца

Дзяніс Хаміцэвіч — адзін з асуджаных па справе Гайдукевіча. Ён цяпер за мяжой, таму атрымаў завочны тэрмін. У эфіры ютуб-канала «Пара!» ён распавёў, што ведае пра фігурантаў крымінальнай справы, якім у сукупнасці прысудзілі 250 гадоў.

27.06.2023 / 09:41

Дзяніс Хаміцэвіч. Скрын ютуб-канала «Пара!»

Апошняе месца працы Дзяніса Хаміцэвіча — начальнік аховы ўчастка вытворчасці «Мінская пошта». Да гэтага ён служыў у 8-м упраўленні Дэпартамента аховы МУС Беларусі, якое займаецца аховаю дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў замежных дзяржаваў.

Дзянісу Хаміцэвічу завочна прысудзілі 16 гадоў па справе, звязанай з падпалам дома Гайдукевіча.

Сам ён не бачыў дома дэпутата і не ведае, дзе ён знаходзіцца. Але, па яго словах, калі б перад ім была пастаўлена такая задача, то «яна б была выкананая, і дом бы згарэў».

Хаміцэвіч мяркуе, што адзінае, з-за чаго на яго маглі звярнуць увагу праваахоўныя органы, гэта дваровыя маршы, у якіх ён браў удзел у 2020 годзе. Ён сцвярджае, што ніколі не ўдзельнічаў ні ў якіх падпалах, і справу аб падпале дома Гайдукевіча лічыць сфальсіфікаванай.

Абвінавачаныя па справе, адзін з эпізодаў якой — спроба падпалу дома Гайдукевіча. Фота: БелТА

Хаміцэвіч выказаў меркаванне, што на людзей, якія былі абвінавачаныя па справе, сілавікі выйшлі праз аднаго чалавека, з якім некаторыя з іх былі на сувязі. Але прозвішча не назваў.

«Гэты чалавек, на маю думку, недзе зрабіў грубую памылку, якая прывяла да ўсяго гэтага».

Звесткі пра людзей, хутчэй за ўсё, былі атрыманы праз інцыдэнт з камандай «Чорнай кнігі Беларусі», калі супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко змог у яе ўвайсці і працяглы час супрацоўнічаць.

На словах Хаміцэвіча, усе 18 абвінавачаных па справе ніяк не былі паміж сабою звязаныя. Адзін з абвінавачаных — Дзяніс Філончык, які атрымаў 9 гадоў пазбаўлення волі, — сябар Дзяніса Хаміцэвіча.

«З ім мы каля дома наводзілі прыгажосць. Дастаткова часта сустракаліся. Таму, мне здаецца, яго і ўзялі ў распрацоўку. Ён ніякі не сілавік. У свой час у яго былі прывады ў міліцыю», — адзначае Хаміцэвіч.

Дзяніс кажа, што не знаёмы з сям'ёй Вайцяховічаў з Барысава — у ёй муж з жонкай, сын і нявестка атрымалі ад 11 да 21 года.

Ён звяртае ўвагу, што гэтыя людзі былі арыштаваныя яшчэ ў жніўні 2021 года. А Дзяніс Філончык і Уладзімір Савянкоў былі затрыманыя толькі 2 снежня 2021 года.

«Калі б гэтыя людзі былі паміж сабою звязаныя, то такія людзі, як Уладзімір Савянкоў, ужо б не знаходзіліся ў Беларусі», — мяркуе Хаміцэвіч.

Дзяніс распавёў, што Уладзімір Савянкоў раней быў адным з камандзіраў Мінскага абласнога АМАП і некалі праходзіў службу ў вайсковай часці 3214.

«Мне здаецца, што гэты чалавек з-за сваёй палітычнай пазіцыі размаўляў са сваімі былымі таварышамі па службе. Магчыма, нехта з іх зрабіў данос на яго»,

— мяркуе Хаміцэвіч і адзначае, што з Савянковым яны разам былі ў адной спартыўнай арганізацыі, дзе Дзяніс быў сакратаром.

Пра гісторыю з падпалам дома Гайдукевіча Хаміцэвіч ведае, па яго словах, толькі з навінаў.

«Тое, што Гайдукевіч заяўляе, што ў яго дзеці і ён нікому не прабачыць, звяртаючыся, у тым ліку і да мяне, то хачу яму перадаць, што мы таксама ўсё памятаем і вернемся дадому ў любым выпадку»,

— заяўляе Хаміцэвіч.

Чытайце яшчэ:

Абвінавачаных па справе Гайдукевіча асудзілі да велізарных тэрмінаў. Пракоп'еву далі завочна 25 гадоў

«Змова сілавікоў»: хто тыя афіцэры, якіх судзяць разам з Пракоп'евым

Антось Жупран