На пасольстве Беларусі ў Нідэрландах напісалі «Лука тэрарыст» і разбілі шыбы
Напад на дыппрадстаўніцтва ў Гаазе адбыўся сёння ўначы.
02.07.2023 / 12:00
Паліцыя фіксуе разбурэнні дыпламатычнага будынка. Фота: Regio15
У будынку на вуліцы Groot Hertoginnelaan разбіта тры шыбы і з'явіліся надпісы, сярод якіх чорным колерам напісана «Лука тэрарыст», як паведамляе нідэрландскае выданне Omroep West.
Акрамя таго, невядомыя напісалі па-беларуску чырвоным колерам «Жыве Беларусь!» і «Жыве вечна!» — слоганы беларускага вызваленчага руху.
Нідэрландскія выданні тлумачаць, што «Лукой» у народзе называюць кіраўніка Беларусі.
Паведамляецца, што па падазрэнні ва ўчыненні гэтага акта вандалізму затрыманы 31-гадовы мужчына.
Дэпутат нідэрландскага парламента Сёрд Сёрдсма асудзіў гэты напад на пасольства. «Няважна, наколькі вы абураныя і справядліва абураныя рэжымамі Беларусі, Расіі ды іншых краін, не нападайце на іх пасольствы ці рэзідэнцыі, — напісаў ён у твітары. — Гэта нічога не дае, затое пагаршае бяспеку нашых дыпламатаў у гэтых краінах».
Нідэрландскія выданні нагадваюць, што Аляксандр Лукашэнка — блізкі саюзнік Уладзіміра Пуціна, у тым ліку ў крывавай вайне ва Украіне, на якой загінулі дзясяткі тысяч людзей.
У самой Беларусі працягваюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі. Яны пачаліся з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.
З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.
За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінуты нават самыя базавыя нормы законнасці і маралі. Дзясяткі тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій.
Чытайце таксама:
Следчы камітэт успомніў пра «напад на беларускае пасольства ў Вялікабрытаніі» паўтарагадовай даўніны
«Ніякага дачынення не маем», — арганізацыя «Надзея» пра выпадак каля пасольства Беларусі ў Лондане
МЗС паведаміла аб нападзе на беларускае пасольства ў Лондане