У Пінску зафіксавалі першы доказ гнездавання ў нас адной з найменшых птушак у Еўропе

Пінчанка Лілія Кахновіч сфатаграфавала птушанят-подлеткаў чырвонагаловых каралькоў у гарадскім парку Пінска, паведамляе тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

05.07.2023 / 18:09

 

Фота: Лілія Кахновіч, чат «Птушкі з фотастужкі», @ptushkafota

 

«Чырвонагаловых каралькоў я ўбачыла ўпершыню ў нашым парку летась у красавіку, — расказала Лілія. — Яны былі разам з жоўтагаловымі, якія ў нас зімуюць, і я падумала, што чырвонагаловыя ў нас пралётам.

Я чытаю пра нашых птушак на сайце Мікалая Гуркова «Фаўна Беларусі», таму ведала, што гэты від у нас можна сустрэць, але што яны тут гняздуюць, не ведала. Убачыўшы зараз подлеткаў, я вельмі здзівілася і ўзрадавалася.

Месца, дзе яны пасяліліся, — гэта цэнтр парку, высокая яліна. Парк у нас невялікі, і ціхім яго, на жаль, не назавеш. Але калі пайсці туды зусім рана, калі яшчэ няма людзей, можна паздымаць розных птушак: побач рака, а за ракой «джунглі».

Чырвонагаловы каралёк — адна з самых дробных птушак Еўропы. Знешне ён падобны да жоўтагаловага каралька. Гэтыя птушкі гняздуюць у Заходняй Еўропе і на ўсходзе Польшчы нават ля беларускай мяжы. З пачатку ХХІ стагоддзя від пачаў раптам распаўсюджвацца на ўсход.

Цяпер чырвонагаловых каралькоў можна сустрэць ва ўсіх абласцях Беларусі. Самцы актыўна пяюць у гнездавы сезон, але добра схаванае гняздо каралька знайсці цяжка нават арнітолагам.

Гнездаванне гэтага віду ў нас дапускалася, але «жалезных» доказаў дагэтуль не было. Пашанцавала сёлета птушкарцы з Пінска.

«Ведаеце… Мне шмат гадоў, — кажа Лілія. — І зараз мне вельмі шкада, што я раней не захаплялася птушкамі — вось проста не заўважала, як многія людзі. Усё пачалося з берасцянкі ў парку: а хто гэта так гучна спявае? І панеслася… Цяпер я ведаю спевы ўсіх нашых птушак, якіх я сустракала: я спачатку чую, потым бачу».

Чытайце таксама:

У Еўропе белыя буслы гняздзяцца разам з чорнымі і нават утвараюць аднаполыя пары

У Славакіі лебедзі не злятаюць з макавых палёў з-за наркатычнага ап'янення

У Беларусі ёсць птушкі, якія ўжо цяпер выпраўляюцца ў вырай

Nashaniva.com