Школам у Віцебскай вобласці масава надаюцца імёны савецкіх герояў
За апошнія чатыры гады з 350 сярэдніх навучальных устаноў Віцебскай вобласці больш за сто ўжо набылі імёны розных людзей, што праславіліся ў савецкі час. У асноўным гэта вайскоўцы ці партызаны, якія атрымалі званні Герояў Савецкага Саюза. Толькі ў адным Віцебску такіх школ — каля двух дзясяткаў, як заўважыла «Віцебская вясна».
05.07.2023 / 22:35
Уладзімір Цярэньцьеў — каля мікрафона
Ідэйным натхняльнікам і выканаўцам гэтага праекта стаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
Паводле слоў чыноўніка, цяпер больш як 100 школ Віцебшчыны маюць імёны савецкіх герояў, і праца гэтая будзе працягвацца.
28 чэрвеня Цярэнцьеў узяў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды прысваення сярэдняй школе №2 горада Новалукомля імя старшага лейтэнанта войскаў НКВД-НКГБ Героя Савецкага Саюза Фёдара Азміцеля. У Чашніцкім раёне гэта ўжо трэцяя школа, якая атрымала імя Героя Савецкага Саюза.
А на наступны дзень той жа Цярэнцьеў прысутнічаў на новым публічным мерапрыемстве — у гонар прысваення сярэдняй школе №2 Оршы імя камандзіра дывізіёна 462-га артылерыйскага палка 13-й арміі Заходняга фронту Героя Савецкага Саюза Барыса Хігрына.
Пры гэтым нават у суседняй расійскай Смаленскай вобласці падобнага імпэту не назіраецца. З 425-ці мясцовых школ імёны савецкіх герояў носяць толькі 17.
Чытайце таксама:
Хісткае становішча. Пад Мінскам развальваецца рэканструяваны Курган Славы