У мінскім Уруччы нарэшце зносяць нічыйны катэдж, які стаяў закінуты 20 гадоў
Гэты дзіўны катэдж у мінскім мікрараёне Уручча стаяў закінутым практычна з канца 90-х. Старажылы яшчэ памятаюць, як тут быццам бы збіраліся адкрыць рэстаран, але аб'ект так і не запрацаваў. Лёс пабудовы вырашалі больш за 20 гадоў, і вось на гэтым тыдні на вуліцы Гарадзецкай нечакана з'явілася будаўнічая тэхніка, як піша Realt.by.
08.07.2023 / 17:58
Паводле інфармацыі, знойдзенай Realt.by у адным старым дакуменце па выкарыстанні аб'ектаў незавершанага будаўніцтва на сайце Мінгарвыканкама, закінутая пабудова раней належала гаражна-будаўнічаму кааператыву «Будтэхніка». Кааператыў меў намер пабудаваць тут падземную стаянку на 22 месцы, а таксама ўзвесці офісную надбудову (той самы катэдж).
Яшчэ ў 2003 годзе ад забудоўшчыка запатрабавалі выканаць вымогі МНС па арганізацыі сістэмы аўтаматычнага пажаратушэння і дымавыдалення. Па якіх прычынах кампаніі «Будтэхніка» так і не ўдалося выканаць патрабаванні МНС, невядома, але пасля таго цагляны катэдж з чарапічным дахам прастаяў у замарожаным выглядзе яшчэ 20 гадоў і стаў мясцовай легендай.
Адны лічылі, што гэта «новы беларус» будаваў дом для сваёй сям'і, але не разлічыў сваіх магчымасцяў. Іншыя казалі, што гэта не дом, а рэстаран, які нават працаваў нейкі час, але хутка зачыніўся. Трэція думалі, што пабудову ўзвялі незаконна, бо стаіць блізка да жылога дома і займае яго зялёную тэрыторыю.
Здаецца, ніхто ў гэтай сітуацыі рацыі і не меў. Днямі загадкавы катэдж абгарадзілі, а на будаўнічым плоце з'явіўся пашпарт аб'екта. Заказчыкам работ на ім значыцца УКБ Заводскага раёна. У пашпарце паведамляецца, што на месцы дома праводзяцца работы па «добраўпарадкаванні і азеляненні парушаных зямель».
У выніку на пляцоўцы з'явілася будаўнічая тэхніка. Стаянку з камерцыйнай надбудовай, якая так і не пачала працаваць, пачалі зносіць. Справіцца са зносам капітальнага збудавання, а таксама добраўпарадкаваць і азеляніць участак збіраюцца да верасня гэтага года.
Журналісты Realt.by патэлефанавалі ва УКБ Заводскага раёна, дзе ім растлумачылі, што на вуліцы Гарадзецкай ва Уруччы ідзе знос аб'екта, не ўведзенага ў эксплуатацыю.
«Ідзе знос гэтай кавярні. Ёсць загад, па якім мы павінны ліквідаваць усе недабудаваныя аб'екты ў горадзе Мінску. Мы пасадзім траву і пойдзем. Нічога будаваць мы там не збіраемся».
Чытайце таксама:
У Мінску прадаецца неблагая кватэра за $31 000. Што не так
Вядомае ўсім кафэ ў самым цэнтры Мінска выставілі на продаж. Цана — больш за 2 мільёны даляраў
Ад 700 да 7000 даляраў у месяц. Што за катэджы і пачым здаюць у Мінску ў доўгатэрміновую арэнду