Зяленскі: Не хачу ехаць у Вільню дзеля забавы, Украіна павінна атрымаць гарантыі бяспекі

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што саміт NATO вельмі важны, і «гэта справа палітычнай волі — знайсці патрэбныя фармулёўкі і запрасіць Украіну».

10.07.2023 / 06:48

Уладзімір Зяленскі. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што не хоча ехаць на саміт NATO ў Вільні «дзеля забавы» і чакае, што Украіна атрымае запрашэнне ў Альянс і гарантыі бяспекі на перыяд, пакуль яна не з'яўляецца чальцом NATO. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю ABC news.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што саміт NATO вельмі важны, і «гэта справа палітычнай волі — знайсці патрэбныя фармулёўкі і запрасіць Украіну».

«Гэта будзе важны мэсэдж — што NATO не баіцца Расіі. Украіна павінна атрымаць дакладныя гарантыі бяспекі, пакуль яна не ў NATO. Гэта вельмі важна. Толькі ў гэтых умовах наша сустрэча будзе мець сэнс. Інакш гэта чарговая палітыка», — сказаў Зяленскі.

На рэпліку вядучай: «Гучыць так, што вы наўрад ці паедзеце» Зяленскі ўсміхнуўся і адказаў:» Чаму? Я думаю, мы зробім шмат працы».

У нядзелю віцэ-прэм'ер у пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга Сцефанішына заявіла, што пакуль няма фінальнага рашэння што да ўдзелу Зяленскага ў Віленскім саміце NATO, які пройдзе 11-12 ліпеня.

Чытайце таксама:

«NATO ператварыла Вільню ў крэпасць». Альянс умацоўвае мяжу з Беларуссю перад самітам у сталіцы Літвы

Байдэн: Каб разгледзець заяўку Украіны ў НАТА, павінна скончыцца вайна

Nashaniva.com