Каб вандроўка не ператварылася ў сваркі: як паводзіць сябе, калі падарожнічаеш у кампаніі

Нехта хоча ў кавярню, нехта — у туалет, а хтосьці прагне як мага хутчэй убачыць славутасці. Планаваць падарожжа ўжо ў працэсе падарожжа — такая сабе ідэя. Да таго ж, падарожныя стрэсы ў спалучэнні з розніцай характараў могуць ператварыць адносіны ў кашмар. Вось правілы, якія дазволяць пазбегнуць найгоршых сцэнароў.

12.07.2023 / 19:41

Эксперты па канфліктных сітуацыях, тэрапеўты і гіды склалі парады, як выбудоўваць адносіны ўнутры групы падчас сумесных падарожжаў. Фота: Наша Ніва

Эксперты па канфліктных сітуацыях, тэрапеўты і гіды групавых экскурсій склалі парады, як выбудоўваць адносіны ўнутры групы падчас сумесных падарожжаў. Вось на што варта звярнуць увагу.

1. Абмяркуйце чаканні ад вандроўкі загадзя

Спытаеце сябе: навошта мы выпраўляемся ў гэтае падарожжа? Адпачываць ці працаваць? Каб убачыць нейкія гістарычныя цікавосткі, умацаваць адносіны ўнутры каманды ці паставіць спартыўныя рэкорды? Няхай кожны раскажа пра свае мэты і намеры.

Называйце гэта як хочаце — кансультаванне перад паездкай, заключэнне сацыяльнага кантракта, устанаўленне сувязі — рэч у тым, каб загадзя прадбачыць патэнцыйныя цяжкасці і праблемы ды абмеркаваць магчымыя шляхі іх вырашэння.

Адно з пытанняў, якое часта выпускаецца з-пад увагі, — пытанне пра тое, як група будзе прымаць рашэнні. Гэта можа быць рашэнне на аснове кансэнсусу: «мы будзем арыентавацца на тое, як пачуваецца самы стомлены чалавек», ці «мы будзем арыентавацца на меркаванне таго, хто зможа аплаціць рахунак за ўсіх». Вы можаце хаця б прыкінуць магчымыя варыянты.

2. Калі вы інтраверт, улічвайце свой характар

Памятайце, што вам патрэбны час на сябе, каб падарожжа вас не выматала і не ператварылася ў пакуту. Падумайце, што б вы хацелі рабіць сам-насам і калі можна знайсці на гэта час.

Нават калі вы ў прыемнай кампаніі, але ваш унутраны рэсурс ад няспынных адносін зніжаецца — у выніку вы пачнеце адчуваць сябе дрэнна. Вы будзеце найлепшым кампаньёнам ў падарожжы, калі адпачнеце і зарадзіцеся энергіяй.

3. Чаргуйце распланаваны і свабодны час

Некаторыя падарожнікі любяць планаваць кожнае імгненне, іншыя больш спантанныя і хочуць дазнацца, куды іх завядзе настрой. Наяўнасць і таго, і іншага дапамагае збалансаваць паездку.

Напрыклад, калі ў вас пяцідзённая вандроўка і падчас яе два дні будуць распланаваныя, а два — незанятыя, — ідэальна.

4. Вазьміце з сабой улюбёную рэч

Па словах псіхатэрапеўткі Лізы Кейс, мы часта недаацэньваем стрэс, які ўзнікае падчас падарожжа.

Нават калі мы выдатна бавім час, вандроўка — гэта ўсё ж невялікая атака на наша цела і розум. Каб вытрываць гэта выпрабаванне, вазьміце з сабой штосьці з вашых улюбёных прадметаў ці рэчаў, звязаных са штодзённымі звычкамі. Гэта можа быць падборка песень у Spotify ці дыванок для ёгі, якую вы заўсёды робіце па раніцах.

У стрэсавыя моманты гэтыя рэчы не дадуць вам страціць сувязь з вашым унутраным «я».

5. Шчыра і адкрыта абмяркоўвайце праблемы ў адносінах

Не пазбягайце канфліктаў, каб быць ветлівым, і не дазваляйце «нездаровым адчуванням» назапашвацца.

Нездаровы мір, падчас якога ўсё выглядае ідэальна і міла, але ўнутры ва ўсіх «кіпіць і бурліць» — гэта на самай справе не мір.

Здымайце напружанне, шчыра размаўляючы пра любыя праблемы ў стасунках. Бо калі пануе «нездаровы спакой» — гэта звычайна заўважаюць усе ўдзельнікі групы. Так што не бойцеся яго разбурыць — можа быць, жартам ці проста пытаннем, як усе сябе адчуваюць.

«Я ведаю, што групы лепш аднаўляюцца і пераадольваюць крызіс, калі нехта скажа: «Гэй, мне здаецца, ці адбываецца нешта дзіўнае?» — дзеліцца досведам Ліза Кейс. «Звычайна ўсе такія: «Ой, дзякуй богу, хтосьці гэта сказаў».

6. «Разборкі» ў парах ці больш малых групах не павінны ўплываць на планы ўсёй кампаніі

Людзі закохваюцца падчас падарожжаў ці аб’ядноўваюцца ў міні-групы. Але калі ўнутры такіх ячэек наспяваюць канфлікты, яны не павінны вызначаць планы ўсёй кампаніі.

У выпадку праблемных сітуацый эксперты раяць папрасіць удзельнікаў канфлікту абмеркаваць сітуацыю па тэлефоне з сябрам ці сябрамі, якіх няма ў паездцы.

7. Будзьце сябрамі настолькі, каб дараваць

Звычайна канфлікт становіцца тым больш няёмкім, чым даўжэй ён цягнецца. Таму старайцеся вырашаць праблему, як толькі яна ўзнікае. Гэта можа быць цяжка, і гэта напраўду смелы ўчынак. Але ён таго варты.

А калі праблема вырашана, нарэшце можна атрымліваць асалоду ад паездкі, якая павінна застацца прыемным успамінам.

 

Чытайце яшчэ:

Дзевяць ідэй для захапляльных ці карысных выхадных. Як правесці адпачынак, не губляючы шмат грошай

Цяпер «Беларускія Мальдывы» можна наведаць афіцыйна

Сем прычын, чаму Непал — не найлепшая краіна для падарожжа

Nashaniva.com