Дзевяць ідэй для захапляльных ці карысных выхадных. Як правесці адпачынак, не губляючы шмат грошай
Надакучыла глядзець серыялы ці марнаваць час у сацыяльных сетках? Наша падборка дапаможа цікава правесці выхадныя, не патрацiўшы ні капейкі.
1. Займіцеся планаваннем або складзіце спіс мэт
Жадаеце ўпарадкаваць жыццё або прывесці думкі ў парадак — тады планаванне якраз тое, што вам патрэбна. Вось некалькі парад, якія дапамогуць не толькі вызначыцца з мэтамі, але і пачаць рухацца да выніку.
- Фармулюйце мэты так, каб у сказе фігуравала канкрэтнае дзеянне. Напрыклад, не «схуднець на пяць кілаграмаў», а «на месяц выключыць з рацыёну мучныя прадукты»; не «пачаць вучыць замежную мову», а «інвеставаць 15 хвілін свайго часу на вывучэнне мовы штодня». Чым больш канкрэтным будзе апісанне працэсу, тым з большай імавернасцю вы дасягняце поспеху.
- Штодня адсочвайце свой прагрэс. Завядзіце дзённік або праграму-трэкер і адзначайце там сваю працу. Не забывайцеся дзякаваць сабе за дасягненнi.
- Адкарэктуйце падыход праз нейкі час, калі няма выніку. Самаразвіццё павінна прыносіць задавальненне, таму, калі вам складана траціць гадзiну ў дзень на трэніроўкі, скараціце iх да 10 хвілін, але рабіце практыкаванні якасна i з поўнай аддачай.
2. Атрымайце навык, аб якім даўно марылі
Навучыцеся паказваць фокусы, асвойце некалькі акордаў на гітары, вывучыце мастацтва арыгамі або запішыце і апублiкуйце падкаст. Бясплатныя навучальныя ролікі можна знайсці на Youtube — галоўнае, каб падчас пошуку патрэбнай інфармацыі не завіснуць над відэа з коцікамі.
3. Схадзіце ў бясплатны музей
Ва ўніверсітэтах, школах ці на вялікіх прадпрыемствах часта працуюць ведамасныя музеі. Уваход у іх звычайна бясплатны, а экспанаты і экскурсіі бываюць вельмі цікавымі. Такі паход — выдатная магчымасць атрымаць новыя веды або адкрыць звыклыя рэчы з іншага боку.
Рэкамендуем наведаць, напрыклад: школьныя музеі ў Гальшанах і Мёрах, аптэку-музей у Гродне і ганцавіцкі музей барацьбы з алкагалізмам «АнтыБахус».
4. Стварыце капсулу часу
Знайдзіце невялікую скрынку або шкляную бутэльку і напоўніце яе «скарбам». У якасці артэфактаў падыдуць старонкі часопісаў з цікавай для вас інфармацыяй, манеты, значкі або аксесуары, якія выйшлі з моды, фатаграфіі і ліст з пажаданнем для людзей з будучыні, якія знойдуць ваша пасланне. Пакладзiце скрынку ў пакет або абматайце скотчам — так вашы каштоўнасці захаваюцца на шмат гадоў. Закапайце скрынку ў парку ці на сваім прысядзібным участку.
5. Пагартайце фатаграфіі і сямейныя архівы
Прагартайце старыя фотаальбомы, школьныя сшыткі або дзіцячыя малюнкі. Усё, што дорага вашаму сэрцу, захавайце ці алічбуйце. Такі занятак можа спадабацца ўсёй сям'і, а прыемныя ўспаміны сапраўды паднімуць настрой.
6. Адкрыйце свет гульняў з дапоўненай рэальнасцю
Усё, што трэба для гэтага, — ваш смартфон ды доступ у інтэрнэт. Дарэчы, акрамя знаёмай усім гульні Pokemon GO, ёсць і іншыя, не менш захапляльныя праграмы. Вось некалькі прыкладаў.
Ingress — навядзіце камеру тэлефона на славутасці вашага горада і ўдзельнічайце ў захапляльных прыгодах. Вас чакае займальная прагулка ў пошуках артэфактаў і пераходамi на розныя ўзроўні складанасці.
Мабільная праграма ІКЕА — выдатны прыклад практычнага выкарыстання дапоўненай рэальнасці, дзякуючы якому вы можаце «прымерыць» прадметы з каталога IKEA да інтэр'ера сваёй хаты.
Zombies, Run! — праграма для аматараў бегу, якая ператворыць трэніроўкі ў сапраўдныя прыгоды. Падчас прабежкі гульцу прапануецца ратавацца ад зомбі, шукаць схованкі са зброяй і медыкаментамі і шмат чаго яшчэ.
7. Прывядзіце ў парадак і прадайце старыя рэчы
Вызваліць прастору і зарабіць крыху грошай можна, размясціўшы аб'яву аб продажы старых рэчаў на барахолках. Але памятайце важнае правіла: не збірайце дома непатрэбныя прадметы; калі цягам месяца ў вас не атрымалася знайсці пакупнікоў на вашы скарбы, адвязіце іх у цэнтр прыёму дапамогi або выкіньце.
8. Складзіце генеалагічнае дрэва
Даўно не тэлефанавалі родным? Генеалагічнае дрэва — выдатная нагода гэта зрабіць. Запішыце імёны, месцы і даты нараджэння ўсіх сваякоў. Успомніце падрабязнасці жыцця ці займальныя гісторыі аб продках. Падпішыце фатаграфіі. За гэту працу нашчадкі будуць вам удзячныя.
9. Адкрыйце свет геакешынгу
Адпраўляйцеся на пошукі скарбаў з квэстам сусветнага маштабу. Прыхільнікі геакешынгу пакідаюць капсулы ў розных гарадах і прыдумляюць загадкі, якія да iх вядуць. Адкрывайце сайт праекта і шукайце прыгоды ў сваім горадзе.
І, урэшце, — выспіцеся.
Здаровы сон — залог бадзёрасці і добрага настрою. Адключыце гаджэты, прыміце цёплы душ, перасцяліце ложак, праветрыце пакой — i моцны сон вам забяспечаны.
Каментары