У твітары пярэпалах: латвійскі блогер зрабіў вазэктамію
15.07.2023 / 15:12
У твітары разляцеўся радасны пост мужчыны, які прайшоў праз вазэктамію. Латвійскі блогер Раман @Roman_of_Spades апісвае свой стан як «вельмі шчаслівы», але шматлікіх каментатараў яго допіс абурыў.
Фота: @Roman_of_Spades / Twitter
Раман — круп’е, працуе на круізных лайнерах. Звычайна ён расказвае ў твітары гісторыі пра мора, казіно і падарожжы, але нядаўна вырашыў падзяліцца чымсьці больш асабістым — гісторыяй сваёй вазэктаміі. Так называюць аперацыю, падчас якой у мужчын перавязваюць або выдаляюць фрагмент семявыводных пратокаў. У выніку мужчына губляе здольнасць мець дзяцей, але ў яго захоўваецца магчымасць весці палавое жыццё. То-бок вазэктамія — гэта радыкальны спосаб вырашыць пытанне кантрацэпцыі, аперацыя ў нечым падобная да перавязвання матачных труб у жанчын.
На такую працэдуру і рашыўся блогер. Чытачоў ён запэўніў, што даўно хацеў зрабіць вазэктамію і яго будучая жонка яго цалкам падтрымлівае, у выніку «ў нас не будзе дзяцей, толькі каханне». Аперацыя ў Латвіі абышлася Раману ў 553 еўра: 322 еўра каштавала сама вазэктамія, 190 — агульны наркоз, 41 еўра — палата ў бальніцы на дзень. Блогер адзначыў, што пасля аперацыі яму яшчэ і прынеслі паесці: Раман атрымаў боршч, катлету з бульбай, салату і кампот.
Да аперацыі пасты мужчыны набіралі збольшага па 10—20 тысяч праглядаў, але публікацыі, звязаныя з вазэктаміяй, б’юць рэкорды папулярнасці. У паста пра тое, што Рамана чакае такая працэдура, больш за мільён праглядаў і 826 каментароў, у публікацыі пра тое, што працэдура скончылася, — больш за 255 тысяч праглядаў і 203 каментары.
Сярод каментатараў знайшліся тыя, хто падтрымаў Рамана (хоць і не ўсе ўсур'ёз). Людзі зычылі яму поспехаў, а таксама адзначалі, што з яго боку вельмі пахвальна ўзяць на сябе адказнасць за кантрацэпцыю ў пары.
З іншага боку, хапала і такіх каментатараў, хто крытыкаваў мужчыну.
Трэцяя катэгорыя каментатараў проста не ведала, як рэагаваць на адмову маладога блогера мець дзяцей.
Як потым адзначыў сам Раман, пасля вазэктаміі ўсё-такі можна мець дзяцей. Для гэтага трэба скарыстацца метадам ЭКА або ўсынаўленнем, ёсць і зваротная аперацыя. Удакладнім, што яна зусім не гарантуе станоўчага эфекту: калі зрабіць аперацыю цягам 10 гадоў пасля вазэктаміі, шансы на поспех складаюць 55%, а потым і ўвогуле зніжаюцца да 25%.
«Правіла пяці хвілін». Беларусы расказалі, як зліваюцца са спаткання, калі яно не падабаецца
Пасля аргазму (асабліва разам) лепш спіш, цяпер афіцыйна
Студэнтка прааналізавала, як пратэсты паўплывалі на сэксуальнае жыццё беларусаў