Студэнтка прааналізавала, як пратэсты паўплывалі на сэксуальнае жыццё беларусаў
Студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Валерыя Баравец напісала магістарскую працу, у якой даследавала, як беларуская рэвалюцыя і назіранне за гвалтам паўлывалі на сэксуальнасць беларусаў. Высновамі яна падзялілася з «Нашай Нівай». Як змяніліся ўспрыманне цялеснасці і падыход да выбару партнёраў і чаму для некаторых беларусаў сэкс стаў недарэчным?
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Досвед траўмы дазволіў крытычна паставіцца да асабістай сэксуальнасці ці перафармуляваць правілы адносінаў»
Валерыя з’ехала з Беларусі ў чэрвені 2022-га. Дзяўчына паступіла ў магістратуру ў Вільні.
«Пасля пачатку вайны стала зразумела, што ўсё, трэба ехаць. Кола звужаецца, і ты разумееш, што недзе ў нейкім спісе ты ёсць і можаш быць наступным. Плюс мы з хлопцам абое працавалі ў Беларусі ў сферы культуры. І пасля пратэстаў рэпрэсіі ў гэтай сфэры, ды як і ва ўсіх астатніх, сталі вельмі актыўнымі», — расказвае яна пра свой ад’езд.
Дзяўчына стараецца даследаваць тое, што асабіста яе хвалюе.
«Ведаеце, гэта як жанчыны, якія сутыкаліся з хатнім гвалтам, ідуць працаваць у фонды па падтрымцы ахвяраў такога гвалту. Або людзі, якія змагаюцца са СНІДам, звычайна дапамагаюць людзям з такой жа хваробай альбо з ВІЧ. Для мяне было неяк відавочна, што трэба напісаць аб Беларусі, аб пратэстах, аб рэвалюцыі», — кажа яна.
У 2020-м грамадства, дзе за каштоўнасць прымаецца асабістая свабода і адказнасць, сутыкнулася з жорсткасцю пад лозунгам «часам не да законаў», з рэжымам, якія функцыянуе ў адпаведнасці з зусім іншымі ўстаноўкамі.
У магістарскай працы Валерыя паставіла мэту даследаваць, як назіранне за гвалтам уплывае на асабістае жыццё чалавека, яго цялеснасць і сэксуальнасць.
Напрыклад, візуальныя выявы гвалту фармуюць погляд і стаўленне чалавека да жорсткасці. Яны могуць выклікаць як спачуванне ці эмпатыю, якая змяшчае элемент салідарнасці і калектыўнай адказнасці, з аднаго боку, так і своеасаблівую легітымізацыю жорсткасці — з другога.
Таксама ў магістарскай працы Валерыя разгледзела, як падзеі ў Беларусі адбіліся на фармаванні ідэнтычнасці і на культурных кодах наступных пакаленняў.
«Я шукала канкрэтна прыклады, калі гэта адбілася на сэксуальнасці. Вось самае простае: эмбарга на сэксуальныя адносіны з антаганістам. Памятаеце, як дзяўчаты на пратэстах крычалі «Вам ніхто не дасць»? І наступнае, што мяне цікавіла, як досвед траўмы дазволіў крытычна паставіцца да асабістай сэксуальнасці ці перафармуляваць правілы адносінаў.
Адбываецца як бы зрушэнне траўматычных перажыванняў грамадства ва ўнутр. Калі чалавек успрымае гэтую траўму як сваю асабістую, гэта непасрэдна можа ўплываць на яго цела, сэксуальнасць, яго практыкі», — кажа яна.
«Некаторыя казалі, што падчас пратэстаў сэкс для іх стаў недарэчны»
Дзяўчына ўзяла 11 інтэрв’ю ў беларусаў ва ўзросце ад 20 да 45 гадоў, якія ў 2020-м жылі ў краіне. Сярод іх большасць — жанчыны і адзін гомасэксуальны мужчына.
Усе апытаныя расказалі, што на іх моцна паўплывалі пратэсты і стрэс, гэта прывяло да зменаў у сэксуальным жыцці.
Лібіда альбо высока ўзлятала, таму што толькі такім чынам чалавек мог пазбавіцца ад стрэсу, альбо рэзка падала, бо яму было не да гэтага падчас пратэстаў і іншых падзей у краіне.
«Некаторыя казалі, што падчас пратэстаў сэкс для іх стаў недарэчны. Гэта паказвае механізм салідарнасці з ахвярай, калі такім чынам цэнзуруецца свая радасць, задавальненне, у цэлым атрыбутыка нармальнага жыцця. Такім чынам людзі паказвалі, што яны салідарныя з тымі, хто пакутуе. Такую адмову ўсведамляюць як грамадзянскую пазіцыю.
Адна з апытаных дзяўчат, якая мела досвед зняволення, адмаўляе сабе ў нармальным жыцці, каб быць разам з тымі, хто застаўся ў Беларусі, бо людзі там не могуць жыць паўнавартасным жыццём. Яна свядома адштурхоўвае, блакуе думкі аб уласнай сэксуальнасці.
Іншая апытаная дзяўчына разважала: у выпадку, калі яна зацяжарыць, а сітуацыя ў рэгіёне будзе нестабільнай — вайна пачнецца, краіна стане вельмі беднай, — дзе гэтае дзіця будзе жыць? Яна баіцца, што, напрыклад, давядзецца гэтае дзіця перакідаць цераз калючы дрот», — расказвае Валерыя.
«Грамадзянская салідарнасць становіцца асновай для сэксуальнай камунікацыі»
Некаторыя апытаныя дзяўчаты ўсвядомілі, што не гатовы цярпець у адносінах з партнёрам няроўнасць.
«Адна з дзяўчат расказала, што пасля таго, што здарылася, яна адчула сябе згвалтаванай дзяржавай, адчула абсалютную ўладу гвалтаўніка. І затым сказала, што, з аднаго боку, ёй стала прасцей глядзець на сэкс з культурнага пункту гледжання (табу), з другога — яна пераканалася ў каштоўнасці роўнасці, для яе стала непрымальнай любая праява дысбалансу ўлады ў асабістых адносінах з мужчынамі ў той ці іншы бок.
Яшчэ ў рамках працы я рабіла інтэрв’ю з псіхолагамі, і адна з іх падзялілася досведам сваёй кліенткі, якая падчас пратэстаў не магла займацца сэксам з мужам, бо яны якраз практыкавалі вось такое падпарадкаванне, і для яе нібыта рэпрэзентацыя гвалту падчас пратэстаў склеілася з уласным досведам. Прыйшлося разам з псіхолагам неяк гэтыя карцінкі аддзяляць адну ад адной», — тлумачыць Валерыя.
Сэксуальны гвалт нават праз рэпрэзентацыю фізічнага гвалту, назіранне за гэтым — адзін з метадаў палітычнага падпарадкавання», — кажа яна.
Адна з дзяўчат, якую апытвала Валерыя для даследвання, адзначыла, што яе тыпаж мужчын пасля пратэстаў змяніўся.
«Зараз гэта траўмаваны чалавек (перажывае за радзіму, за Беларусь). То-бок такая грамадзянская салідарнасць становіцца асновай для сэксуальнай камунікацыі. Адна з дзяўчат адзначала, што партнёр павінен спраўляцца з гэтай траўмай нароўні з ёй.
Ва ўсіх апытаных беларусаў палітычны крызіс пранік у зносіны ў выглядзе забароны на адносіны з антаганістам, немагчымасці зносін з апалітычнымі ці не зацікаўленымі ў нашай рэальнасці людзьмі. Напрыклад, адзін хлопец прызнаўся, што пасля пачатку вайны яму было няёмка хадзіць на спатканні з украінцамі. Так ці інакш палітычны крытэр прысутнічае», — расказвае Валерыя.
Чытайце таксама:
Беларускі назвалі звычкі ў мужчын, якія іх раздражняюць
«Сэкс — гэта галоўнае, дзеля яго ўсё і робіцца». Вядомыя беларусы расказалі, што забівае каханне
-
Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена
-
Дэпіляцыя інтымнай зоны больш не ў модзе, папулярная валасатасць. Гэта прыводзіць да нечаканых наступстваў
-
Каб даведацца пол будучага дзіцяці, мінчукі замовілі асабістую падсветку 27-павярховага бізнэс-цэнтра
Каментары