Польскі лекар спрабаваў цішком вынесці біялагічны матэрыял Саакашвілі — грузінскія ўлады
Міністэрства юстыцыі і Пенітэнцыярная служба Грузіі апублікавалі відэа, на якім ахоўнікі ўстановы, дзе ўтрымліваецца былы прэзідэнт Грузіі, прымусілі польскага лекара дастаць са свайго чаравіка скрутак з аналізам.
15.07.2023 / 15:34
Фрагмент відэа, апублікаванага грузінскімі ўладамі, на якім нібыта адлюстравана спроба польскага лекара вынесці ў чаравіку скрутак з аналізам былога прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. Крыніца: старонка ў фэйсбуку Пенітэнцыярнай службы Грузіі
Па афіцыйных паведамленнях грузінскіх улад, адзін з лекараў польскай медыцынскай групы, дапушчанай да абследавання былога прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, спрабаваў таемна вынесці яго біялагічны матэрыял на волю з рэжымнай установы. Пра гэта 14 ліпеня напісала выданне NewsGeorgia.
У якасці доказаў Міністэрства юстыцыі і Пенітэнцыярная служба Грузіі апублікавалі відэа, на якім польскі лекар у прысутнасці грузінскіх ахоўнікаў дастае са свайго чаравіка скрутак з нібыта біялагічным матэрыялам Саакашвілі.
Паводле сцвярджэнняў улад, сам інцыдэнт «незразумелы», бо ў польскай медыцынскай групы «ўжо былі афіцыйныя дазволы на вываз аналізаў».
«Згаданае дзеянне з боку польскага доктара дадае яшчэ большай двухсэнсоўнасці і незразумеласці, што несумяшчальна з этычнымі і прававымі нормамі. Гэта не паддаецца логіцы, бо з нашага боку быў дадзены дазвол на вываз «узораў» валасоў і пазногцяў, якія польскія лекары ўжо забралі раней», — заявіла Пенітэнцыярная служба Грузіі на сваёй афіцыйнай фэйсбук-старонцы.
Скрыншот відэа Пенітэнцыярнай службы Грузіі
Як паведаміла NewsGeorgia, у сувязі са здарэннем Міністэрства юстыцыі Грузіі прапанавала МЗС краіны запатрабаваць у амбасады Польшчы тлумачэння дзеянняў польскага лекара.
Таксама было выказана меркаванне, што наступны раз просьбы наведаць Саакашвілі з боку замежных лекараў будуць адхіленыя.
Нагадаем, што былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі яшчэ з 2021 года знаходзіцца пад вартай у сябе на радзіме. У гэты момант яго ўтрымліваюць у спецыяльнай медыцынскай клініцы «Вівамед», на фота з якой відаць, што палітык выглядае ашаламляльна жахліва.
Так як Саакашвілі мае дзейнае ўкраінскае грамадзянства, улады Украіны ўжо некалькі разоў заклікалі Грузію перадаць палітыка ім.
Чытайце таксама:
Саакашвілі рассакрэціў пол і імя свайго чацвёртага дзіцяці
Украінскія памежнікі адсочваюць перамяшчэнні вагнераўцаў у Беларусі
«Мы будзем шчаслівыя, калі ён не прыедзе». У ПАР зноў папрасілі Пуціна не ляцець на саміт БРІКС