ГУБАЗіК паказаў двух затрыманых мінчукоў. Распавядаем, як іх адшукалі і як яны маглі б абараніцца
18.07.2023 / 17:46
Аднаго з іх сілавікі вінавацяць у напісанні каментароў, а другога — ва ўдзеле ў пратэстах, «экстрэмісцкіх спасылках» і «рэгістрацыі ў плане «Перамога».
Мікалай Ліцвінаў і Яўген Равуцкі. Фота: старонкі «УКантакце» мужчын
Першага з мужчын клічуць Мікалай Ліцвінаў. Яму 43 гады, ён мае непаўналетніх сына і дачку. У відэа сілавікоў дэманструюцца яго каментары пад допісамі ў тэлеграм-каналах «Краіна для жыцця» і «Беларусь галаўнога мозга». Мужчыну змаглі адшукаць, хутчэй за ўсё, таму, што ў тэлеграме ён меў нікнэйм «Nik L», а ягоны акаўнт «б'ецца» па ягоным уласным нумары тэлефона.
Пра другога з затрыманых напісала «Вясна». Гэта 35-гадовы мінчук Яўген Равуцкі. Мужчына захапляецца страйкболам. Паведамляецца, што да яго прыйшлі праз тое, што ён «засвяціўся» на фота з пратэстаў, а пасля ў яго тэлефоне нібыта адшукалі актываваны бот плана «Перамога» і каментары ў тэлеграм-чатах. Жонка мужчыны, Ганна, каля 12 ліпеня таксама знікла з усіх сацсетак і тэлеграма — імаверна, яе таксама затрымалі.
Як яны маглі б абараніцца?
У кейсе Мікалая Ліцвінава важна было абараніць свой тэлеграм-акаўнт. Гэта значыць, па-першае, зарэгістраваць ананімны акаўнт (пра гэта ў нас ёсць гайд), а па-другое, выставіць у ім максімальныя налады прыватнасці і забараніць пошук па нумары тэлефона. Для гэтага зайдзіце ў «Налады», націснуўшы тры рыскі ў верхнім левым куце кліента.
Тры рыскі, якія «прывядуць» вас у «Налады», — у верхнім левым куце
Далей абярыце «Налады».
Меню тэлеграма. Тут націсніце «Налады» (апошні пункт на скрыншоце)
Пасля гэтага ўвайдзіце ў пункт «Прыватнасць і бяспека». Максімальныя налады бяспекі выглядаюць так.
Пункт «Прыватнасць і бяспека»
Пасля гэтага перайдзіце ў пункт «Нумар тэлефона». Пераканайцеся, што ў пункце «Хто можа знайсці мяне па нумары?» выстаўлены адказ «Мае кантакты». Пасля праверце, каго вы дадалі ў «Заўсёды дазваляць». Лепш увогуле нікому не паказваць ваш тэлефон, але яшчэ важней не паказваць яго выпадковым людзям.
Праверце, каб шукаць па нумары вас маглі толькі кантакты, а ў «выключэннях» не было лішніх людзей
З Яўгенам Равуцкім усё складаней. Ён патрапіў на фота з пратэстаў, якое дэманструюць сілавікі. У матэрыяле пра распазнаванне твараў мы распавядалі падрабязней пра тое, як шукаюць людзей.
Іншая рэч — тое, што адшукалі ў ягоным тэлеграме ўжо пасля затрымання. У артыкуле пра надзейнае выдаленне інфармацыі з тэлеграма мы давалі парады пра тое, як можна пачысціць яго. А тут можна прачытаць пра тое, як надзейна пачысціць тэлеграм-боты, у якія вы пісалі. Калі вы хочаце ўсталяваць сабе «партызанскі тэлеграм», які дазваляе выдаліць «пратэсны» акаўнт, прачытайце інструкцыю ад «Кіберпартызанаў».
Бясплатныя кансультацыі па інфармацыйнай бяспецы прапануе ініцыятыва CyberBeaver.
Чытайце таксама:
За каментары затрымалі айцішніка, які выдаліў тэлеграм-акаўнт паўтара года таму. Вось як яго знайшлі
Kotatogram: губазікаўцы паказалі, як яны аналізуюць пратэсныя чаты. Вось што варта ведаць
Затрымалі беларуса, які вярнуўся з-за мяжы, — за каментары з 2020 года. Расказваем, як яго знайшлі