Беларуска збіраецца балатавацца ў польскі Сейм, каб бараніць правы іншаземцаў

Беларуская актывістка Яна Шостак абвясціла пра свой удзел у восеньскіх выбарах у польскі Сейм. Пра гэта яна заявіла падчас фестывалю «Тутака», які прайшоў у гэтыя выхадныя на Беласточчыне і на які з'ехаліся тысячы беларусаў, піша Most.

18.07.2023 / 19:45

Яна Шостак і польскі вайсковец. Фота: Most

Балатавацца ў парламент беларуска будзе ад Партыі «Зялёныя», якая ўваходзіць у апазіцыйную «Грамадзянскую кааліцыю». Цяпер Яна чакае зацвярджэння яе кандыдатуры ад кааліцыі.

«Хачу займацца інтэграцыйнай і міграцыйнай палітыкай у Польшчы, быць голасам прыезджых. Каб хтосьці мог адстойваць правы, а гэта лепш за ўсё рабіць знутры Сейма. Ведаю, якія ёсць праблемы ў іншаземцаў у Польшчы, і хачу ім дапамагчы. Я хачу быць голасам беларускай меншасці, а таксама беларускіх уцекачоў з Беларусі, Украіны і іншых краін», — патлумачыла свае намеры і матывы Яна Шостак.

Яна Шостак нарадзілася ў Гродне. Цяпер ёй 30 гадоў, але з 17-гадовага ўзросту дзяўчына жыве ў Польшчы і мае польскі пашпарт. Апошнія тры гады яна дапамагае беларускім і ўкраінскім уцекачам у Польшчы.

Шостак вядомая сваімі акцыямі і перформансамі. Самая вядомая яе акцыя — «Хвіліна крыку для Беларусі», якую яна правяла каля прадстаўніцтва Еўрапарламента ў Польшчы для таго, каб палітыкі звярнулі ўвагу на праблемы ў Беларусі.

У 2022 годзе беларуска стала пераможцай прэстыжнага польскага конкурсу «Пашпарт «Палітыкі». Таксама з пачаткам вайны ва Украіне беларуска актыўна дапамагала ўкраінскім уцекачам на польска-ўкраінскай мяжы.

Чытайце таксама:

Актывіст Ілья Дабратвор: Я вырашыў вярнуцца ў Беларусь у наступны панядзелак. Васкрасенскі сказаў, што ўсё будзе добра

«Галоўны прынцып — не баяцца рабіць памылкі». Беларусы ў эміграцыі расказалі, як даюць сабе рады з вывучэннем моў

«Мы пацярпелі ад пераездаў не менш, чым дарослыя». Беларускія падлеткі, якія эмігравалі з бацькамі, робяць падкаст пра такіх, як самі

Nashaniva.com