Мінабароны выдала новую заяву адносна парушэння верталётамі дзяржаўнай мяжы. Гэтым разам больш стрыманую, чым учора

Паводле заявы Міністэрства абароны, «сумесна з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь былі падрыхтаваны і прадстаўленыя польскаму боку падрабязныя даныя аб'ектыўнага кантролю палётаў паветраных суднаў Рэспублікі Беларусь, а таксама Рэспублікі Польшча 1 жніўня ў прыгранічнай тэрыторыі». Яны нібыта «пацвярджаюць адсутнасць якіх-небудзь падстаў для абвінавачвання ў парушэнні дзяржаўнай мяжы».

02.08.2023 / 20:30

Як сцвярджаюць беларускія вайсковыя чыноўнікі:

«Верталёты Рэспублікі Беларусь выконвалі палёты на вышыні 150-200 метраў, а траекторыя палётаў не набліжалася бліжэй, чым 1900 метраў да дзяржаўнай мяжы».

І зразу ж пераводзяць стрэлкі на іншы бок:

«Пры гэтым у той жа дзень польскі верталёт Мі-2 выконваў палёт за 200 метраў ад нашай мяжы, што пацверджана данымі кантролю радыёлакацыйных станцый».

Акрамя таго, Мінабароны сцвярджае, што ў адпаведнасці з міждзяржаўнымі дамоўленасцямі, маўляў, «польскі бок быў у вызначаным парадку праінфармаваны аб планаваных палётах верталётаў. Здзяйсненне якіх-небудзь правакацый у падобнай сітуацыі, калі перасоўванне паветраных судоў адназначна адсочваецца сумежным бокам, відавочна нелагічнае».

Таксама было згадана пра «пастаяннае ўзаемадзеянне з дзяжурным авіяцыйнага руху дзяжурнай баявой групы Цэнтра паветраных аперацый камандавання кампанентам паветраных сіл Рэспублікі Польшча» з нібыта адсутнасцю якіх-небудзь прэтэнзій з яго боку. 

Напярэдадні вечарам стала вядома пра парушэнне 1 жніўня польскай паветранай прасторы з боку Беларусі двума верталётамі.

Спачатку афіцыйная Варшава адмаўляла факт парушэння паветранай прасторы, але пазней патлумачыла, што перасячэнне мяжы адбылося ў раёне горада Белавежа на вельмі нізкай вышыні, і гэта ўскладніла выяўленне верталётаў радыёлакацыйнымі сістэмамі.

У адказ на інцыдэнт міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак аддаў загад аб павелічэнні колькасці вайскоўцаў на мяжы і разгортванні дадатковых сіл і сродкаў, у прыватнасці баявых верталётаў.

Міністэрства абароны Беларусі адразу ж стала адмаўляць факт парушэння беларускімі верталётамі дзяржаўнай мяжы, прытым учора рабіла гэта ў здзеклівай форме.

Чытайце таксама:

У Пентагоне пракаментавалі інцыдэнт з беларускімі верталётамі, што заляцелі на тэрыторыю Польшчы

Беларускія верталёты заляцелі на тэрыторыю Польшчы ў той час, як Лукашэнка трэці дзень знаходзіцца побач у Віскулях — «Беларускі Гаюн»

МЗС Польшчы лічыць інцыдэнт з верталётамі элементам эскалацыі

Nashaniva.com