«Варэнне з нашага саду не будзе стаяць да зімы». Беларусы-эмігранты паказалі, якія ім прысылаюць падарункі з радзімы
Хлеб, бярозавы сок, беларускі шакалад і згушчонка, шкарпэткі з надпісамі на беларускай мове — такія падарункі атрымліваюць вымушаныя эмігранты з Беларусі. Выданне Ex-press.live спытала ў чытачоў, якія перадачы з Беларусі іх радуюць.
03.08.2023 / 16:05
Бярозавы сок, сушкі і згушчонка — такую перадачку прывезла сяброўка сям'і эмігрантаў з Мінска.
Падарунак з Мінска. Фота даслалі чытачы
«З банкі ад згушчонкі сын збіраецца зрабіць скарбонку. Вельмі яна яму падабаецца», — расказала чытачка Яна.
Хлеб вагой 2 кілаграмы 200 грамаў везлі з Беларусі ў Варшаву і перажывалі, ці прапусцяць памежнікі.
Падарунак беларусу, што жыве ў Польшчы. Фота даслалі чытачы
«Гэта вельмі смачны хлеб! Вельмі нагадвае дзяцінства. Хоць цяпер мы прывыклі і да польскай разнастайнасці, тут таксама шмат смачных рэчаў», — гаворыць Аляксандр.
Прысмакі з Беларусі амаль заўсёды ёсць у перадачах, якія прывозяць эмігрантам.
Падарунак беларусам у Польшчы. Фота даслалі чытачы
«Мы смяёмся, калі бачым шакаладку «Прэзідэнт» з Беларусі. Гаворым, хай хоць па кавалачках вязуць яго з нашай краіны», — расказвае Ірына.
Шалік вытворчасці фабрыкі «Элема» і слоік малінавага варэння — такую перадачу атрымала жыхарка Тбілісі з Жодзіна.
Падарунак з Жодзіна. Фота даслалі чытачы
«Мама гаворыць: «Насі шалік на белай вопратцы, хай будзе відаць, што ты беларуска. Так і збіраюся насіць. Тым больш што чырвоны і белы — нацыянальныя колеры і ў Грузіі. А варэнне з нашага саду не будзе стаяць да зімы, хоць гэта класныя лекі. Мы яго проста зараз з'ямо», — гаворыць Вольга.
Ручнік Аршанскага льнокамбіната, шакаладны папкорн і шакалад атрымала 23-гадовая беларуска Ганна.
Падарунак з Беларусі. Фота даслалі чытачы
«Я адкрыла пасылку і падумала: «Вельмі крута!» — кажа Ганна.
Пшанічнае зярнятка з беларускага поля ў Глыбоцкім раёне апынулася ў пасылцы ў Польшчу.
Падарунак з сэнсам. Фота даслалі чытачы
«Мяне так кранула гэтая знаходка… Нешта ў ёй ёсць такое, шчымлівае, што кліча. Сумую па сваёй хаце. Чакаю вяртання ў Беларусь», — напісала Марына.
Цэлую калекцыю шкарпэтак з Беларусі атрымала жыхарка Літвы.
Падарунак для беларускі ў Вільні. Фота даслалі чытачы
«Усіх прашу мне прывозіць шкарпэткі з Беларусі, больш нічога. На гэтых шкарпэтках вельмі прышпільныя, прыемныя надпісы на беларускай мове. І якасць нядрэнная», — расказвае Марыя.
Чытайце таксама:
У Пінску прайшоў «Парад калясак». Перамагла — у выглядзе БелАЭС