Беларускія школы перавядуць на новы фармат харчавання. Калі і як?

Частка школ пяройдзе на новы фармат з 1 верасня, другая — з 1 студзеня 2024 года, а астатнія — з 1 верасня 2024-га.

16.08.2023 / 12:55

Фота: 1prof.by

У мінулым навучальным годзе больш за 20 школ і гімназій удзельнічала ў пілотным праекце па харчаванні. Зараз новаўвядзенне плануюць распаўсюдзіць на ўсе навучальныя ўстановы краіны, распавяла начальніца аддзела арганізацыі харчавання Мінадукацыі Люцыя Міхальчук падчас прэс-канферэнцыі, піша Office Life.

У пілоце ўдзельнічалі 17 гарадскіх школ і 6 — з сельскай мясцовасці. За час эксперымента апрабавалі новыя тэхналогіі прыгатавання абедаў, змяніліся і падыходы да харчавання школьнікаў. Да 1 верасня Мінадукацыі плануе падрыхтаваць персанал, каб распаўсюдзіць праект на іншыя навучальныя ўстановы.

Як удакладніла Люцыя Міхальчук, частка школ пяройдзе на новы фармат з 1 верасня, другая — з 1 студзеня, а тыя, што засталіся, — з 1 верасня 2024-га.

У меню вучняў з'явяцца новыя стравы. Дзеля гэтага распрацавалі рэцэптурны зборнік на аснове смакавых пераваг школьнікаў, якія вывучылі за час эксперымента. У ім каля 400 страў. Зборнік ёсць у адкрытым доступе, у тым ліку на сайце Мінадукацыі.

Яшчэ адна асаблівасць — распрацоўка прыкладных двухтыднёвых рацыёнаў харчавання на падставе складзенай Міністэрствам аховы здароўя адзінай табліцы нормаў трохразовага харчавання. Прычым гаворка ідзе пра адзін набор прадуктаў для адна-, двух– і трохразовага харчавання з улікам патрабаванняў па рацыянальным размеркаванні каларыйнасці.

Больш актыўна будуць прыцягваць і бацькоў — ад майстар-класаў па прыгатаванні страў, у тым ліку на бацькоўскіх сходах, да віктарын. Акрамя таго, павысяць прафесійную кваліфікацыю работнікаў школьных сталовых.

Чытайце таксама:

У Мінску і ваколіцах з'явяцца чатыры новыя дзіцячыя садкі: дзе і калі

У Беларусі няма платнай адукацыі, гэта форма сацыяльнай падтрымкі моладзі — міністр адукацыі

Спіс школ Мінска і буйных гарадоў, дзе вучаць па-беларуску

Старшакласнікам раздадуць падручнікі аб генацыдзе

Nashaniva.com