Аляксандр Глеб сабраў у школу дачку-першакласніцу. Ці хапіла рэкамендаванай чыноўнікамі сумы?
Беларускія чыноўнікі мяркуюць, што для таго, каб адзець дзіця ў школу, сёлета дастаткова і 100 рублёў. «Арыенціровачны кошт камплектаў адзення дзелавога стылю і абутку складае ад 98 беларускіх рублёў. Кошт аптымальнага набору школьніка — да 300 рублёў», — казала на прэс-канферэнцыі начальніца ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Наталля Мельнікава.
16.08.2023 / 20:40
Скрыны сторыз Святланы Глеб
Вырашылі паглядзець, ці такой сумы дастаткова на прыкладзе дачкі беларускага футбаліста Аляксандра Глеба. Святлана Глеб, яго жонка і блогерка, паказала сваім падпісчыцам у Instagram уборы, набытыя для дачкі-першакласніцы. Падлічылі прыкладны кошт школьнага шопінгу.
Святлана выбрала для дачкі адзенне брэнда Choupette. Гэта расійскі брэнд адзення, абутку і аксесуараў для дзяцей.
Атрымаліся два школьныя вобразы: першы — сарафан і блузка з кароткім рукавом, а другі — клятчастая спадніца, блузка з доўгім рукавом і цёплая камізэлька. Дапаўняюць лукі гольфы і цёмныя туфлікі.
Святлана Глеб падзялілася з падпісчыкамі ўборамі, якія выбрала для дачкі-першакласніцы. Скрын сторыз Святланы Глеб
У мінскай краме гэта каштуе прыкладна так:
— сарафан — 240 рублёў (але цяпер на гэту мадэль зніжка 30%);
— камізэлька — 160 рублёў;
— блузка з доўгім рукавом — ад 98 рублёў;
— спадніца — 139 рублёў;
— блузка з кароткім рукавом — 76 рублёў;
— гольфы — 19 рублёў;
— туфлікі — ад 200 рублёў.
У інтэрнэт-крамах некаторыя з гэтых рэчаў можна знайсці танней.
Атрымліваецца, што на тое, каб адзець дачку-першакласніцу, у сям’і Аляксандра Глеба пайшло каля 860 рублёў. Калі лічыць кожны вобраз асобна, то атрымаецца агульны кошт першага вобраза 463 рублі, а другога — 616.
Канечне, называючы лічбы школьнага шопінгу, чыноўнікі арыентаваліся на сем'і з сярэднестатыстычным даходам, а не топавага ў мінулым футбаліста.
Чытайце таксама:
У Мінску і ваколіцах з'явяцца чатыры новыя дзіцячыя садкі: дзе і калі
Спіс школ Мінска і буйных гарадоў, дзе вучаць па-беларуску
Ва ўсіх школах Мінска ў новым навучальным годзе будзе дзейнічаць прапускны рэжым