Алекс Гальчанюк, які са скандалам пакінуў НХЛ, будзе гуляць за пецярбургскі СКА

Кантракт з амерыканскім форвардам беларускага паходжання разлічаны на два гады, паведамляе прэс-служба расійскага клуба.

26.08.2023 / 12:38

Фота: СКА (Санкт-Пецярбург)

9 ліпеня форварда «Арызоны Каётс» Алекс Гальчанюк быў затрыманы паліцыяй горада Скотсдэйл, пасля таго, як урэзаўся на аўтамабілі ў дарожны знак. Хакеіст неаднаразова выкарыстоўваў расавыя абразы ў адрас супрацоўніка паліцыі падчас затрымання і пагражаў забіць двух паліцэйскіх.

Гальчанюк тады спаслаўся на сувязі ў Маскве, сказаўшы: «Я збіраюся парэзаць цябе, тваю жонку, тваю дачку» і «адзін тэлефонны званок, і вы ўсе мёртвыя, уся ваша сям'я, ваша радня будуць мёртвыя», — гаварылася ў справаздачы паліцыі.

У выніку яму першапачаткова выставілі шэсць абвінавачванняў: у нападзе на прыватную ўласнасць, хуліганстве, аварыі, непадпарадкаванні і супраціве арышту, а таксама ў пагрозах паліцыянтам. Хакеіста спачатку заключылі пад арышт, а затым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

21 жніўня суд Скотсдэйла зняў з Гальчанюка пяць з шасці абвінавачванняў, у тым ліку абвінавачванні ў хуліганстве і супраціве арышту, прысудзіўшы 30 сутак арышту.

Адзін дзень з тэрміну зняволення спартсмену залічылі як адбыты, бо ён суткі правёў пад вартай.

Таксама паведамлялася, што 27 дзён будуць адмененыя пасля паспяховага праходжання спартсменам праграмы лячэння ад алкагалізму і 12 месяцаў без ужывання алкаголю.

Гальчанюк выступаў у НХЛ за «Манрэаль», «Арызону», «Пітсбург», «Мінесоту», «Атаву», «Таронта» і «Каларада». На сезон-2023/24 Гальчанюк зноў падпісаў пагадненне з «Арызонай», якое было скасавана праз 12 дзён пасля яго арышту. Пасля гэтага з'явілася інфармацыя, што Алекс працягне кар'еру ў Кантынентальнай хакейнай лізе.

СКА двойчы выйграваў Кубак Гагарына (галоўны прыз КХЛ), гэта было ў 2015 і 2017 годах, у сезоне 2022-2023 заваяваў бронзу.

Чытайце таксама:
Беларускага хакеіста ў ЗША Гальчанюка прысудзілі да 30 сутак арышту. Ён фактычна выйшаў сухім з вады
«Гальчанюку выстаўлена абвінавачанне». Стала вядома, з-за чаго сын экс-гульца зборнай Беларусі пазбавіўся кантракта ў НХЛ
Малады беларускі брамнік падпісаў кантракт з камандай НХЛ

Nashaniva.com