Азаронак: Універсітэты — гэта авангард дзяржаўнай думкі. Дык якога чорта ніводзін рэктар не пад санкцыямі?
Наведванне Аляксандрам Лукашэнкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта натхніла Рыгора Азаронка на развагі аб ролі інтэлігенцыі. Азаронка паслухала «НВ».
27.08.2023 / 10:51
Рыгор Азаронак. Фота: СТБ
«Бацька вам і тэатры, і кафедры, і ўніверсітэты. Кніжкі хочаце — наце. Пішыце, тварыце. А ніхто не задаваўся пытаннем, нібыта ж універсітэты — гэта авангард дзяржаўнай думкі. Дык якога чорта ніводзін рэктар не пад санкцыямі?
А акрамя некалькіх выключэнняў, хто-небудзь з вас асудзіў знішчэнне царквы ва Украіне ці разгул фашызму? А дзе працы аб згубнасці сучаснага лібералізму? А дзе сучасныя п'есы і фільмы пра сусветны пералом? Што? Не цікава вам? Цікавей бясконцыя дысертацыі другога сорту пісаць пра гендары? Жэрці крошкі з заходняга атрутнага стала ды жадана марыць пракаціцца на сімпозіум? Ножкі прамачыць баіцеся? Дык мы вас замочым!
Бацька добры. Але пытанні стаяць. З кім вы, майстры культуры? Яго перад вамі ласкава ставяць. Але калі працягнуцца гэтыя свінскія паводзіны, то яго паставяць у стылі Жданава», — сказаў Рыгор Азаронак.
«Шкада, не было на вас Берыі, Сталіна і Жданава. Каб ставіць у стойла, каб спытаць: пачым вы, майстры культуры?»
Сам Лукашэнка ў БДУ запэўніваў, што ніхто нікога не збіраецца шчаміць і ціснуць, і не трэба наскокваць адно на аднаго, што павінны быць розныя меркаванні, што не трэба «ламаць адно аднаму рэбры».
Што ж тычыцца сумна вядомага савецкага партыйнага дзеяча Андрэя Жданава, на досвед якога спасылаецца Азаронак, то гэта ён у жніўні 1946 года выступіў з дакладам, у якім асуджаліся вершы Ганны Ахматавай і сатырычныя апавяданні Міхаіла Зошчанкі. Зошчанка быў ахарактарызаваны як «падонак літаратуры», а паэзія Ахматавай была названая Жданавым «цалкам далёкай ад народа». Да прадстаўнікоў «рэакцыйнага цемрашальства і рэнегацтва ў палітыцы і мастацтве» былі аднесены Дзмітрый Меражкоўскі, Вячаслаў Іваноў, Міхаіл Кузмін, Андрэй Белы, Зінаіда Гіпіус, Фёдар Салагуб.
Чытайце таксама:
Рэктар БДУ пакуль захавае сваю пасаду
«Але ворага трэба бачыць». Нарада Лукашэнкі ў БДУ была злавеснай
Мастачцы Жыгімонт прымроіліся «сатанізм» і «хахляцкі трызуб» у зусім нечаканым месцы
У Мінску на прэм’еру фільма з фэйкамі пра Бучу прыйшла толькі Бондарава з сяброўкамі