У Мінску затрымалі юрыста буйной міжнароднай кампаніі за ўдзел у пратэстах
У відэа ГУБАЗіКа мужчыну абвінавачваюць у выхадзе на праезную частку.
28.08.2023 / 13:02
Аляксандр Філіпушка. Фота: ягоная старонка «УКантакце»
Затрыманага клічуць Аляксандр Філіпушка. Яму 33 гады, родам ён з Паставаў.
Пасля школы Аляксандр паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і скончыў там магістратуру. Пасля першай ступені ўніверсітэта тры гады працаваў падатковым інспектарам у падатковай Маскоўскага раёна г. Мінска. Пасля гэтага, з 2015 да 2019-га года, быў аўдытарам у фінансавай кампаніі «ФБК-Бел». Наступныя два гады — аўдытарам і кіраўніком праектаў у мінскім офісе адной з найбуйнейшых аўдытарскіх кампаній свету Grant Thornton.
Чатыры месяцы таму мужчына перайшоў у яшчэ адну буйную фінансавую кампанію Revera law group на пасаду падатковага кансультанта. Тыдзень таму ў Аляксандра скончыўся выпрабавальны тэрмін. У відэа губазікаўцы змушаюць яго назваць заробак — чатыры тысячы рублёў.
Аляксандра Філіпушку абвінавачваюць у тым, што ён «хадзіў па дарогах падчас пратэстаў». Звычайна гэта значыць, што чалавеку пагражае крымінальная справа па артыкуле 342 КК Беларусі — «Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Чытайце таксама:
Распазнаванне твараў: што гэта такое, як яно працуе і якія здольнасці беларускіх сілавікоў
За каментары затрымалі айцішніка, які выдаліў тэлеграм-акаўнт паўтара года таму. Вось як яго знайшлі