«Тэслу» расследуюць у сувязі з яе таямнічым праектам шклянога дома
Таксама ставяцца пад сумнеў сцвярджэнні пра запас ходу аўтамабіля кампаніі, які, мажліва, быў перабольшаны.
08.09.2023 / 20:44
Фота: Getty Images
Сама меней дзве дзяржаўныя ўстановы разглядаюць сакрэтны праект шклянога дома Tesla, які атрымаў назву «Праект-42», паведамляе The Wall Street Journal. Яшчэ ў ліпені паведамлялася, што рада дырэктараў аўтавытворцы пачала расследаванне ў сувязі з асцярогай, ці не злоўжываў рэсурсамі кампаніі яе генеральны дырэктар Ілан Маск для згаданага праекта. Цяпер пракуратура запытала інфармацыю аб тым, колькі Tesla выдаткавала на праект, і аб асабістай выгадзе Маска. Таксама Камісія каштоўных папер і біржаў (SEC) пачала грамадзянскае расследаванне і запытала тую ж інфармацыю.
Планы «Праекта-42» прадугледжвалі будаўніцтва шкляной канструкцыі, якая выглядала як жылое памяшканне са спальнямі, ваннымі пакоямі і кухняй побач з прадпрыемствамі Tesla ў Остыне, штат Тэхас. Некалькі канцэпцый прадстаўлялі будынак у выглядзе «скручанага шасцівугольніка». Іншыя выявы паказвалі шырокую шкляную скрыню, якая, здавалася, уключала і жылы раён.
Рада дырэктараў кампаніі пачала расследаванне пасля таго, як супрацоўнікі выказалі заклапочанасць з нагоды спецыяльнага шкла, замоўленага для праекта, якое, на іх думку, будзе каштаваць кампаніі мільёны даляраў. Пакуль незразумела, ці скончана расследаванне і ці выканана замова кампаніі на гэтае спецыяльнае шкло.
Правілы SEC патрабуюць, каб публічныя кампаніі раскрывалі інфармацыю аб транзакцыях на суму звыш 120 000 даляраў, у якіх звязаная з кампаніяй асоба, напрыклад, кіраўнік, мае істотную зацікаўленасць. Правілы таксама патрабуюць, каб інфармацыя пра любыя льготы або іншую асабістую выгаду на суму большую за 10 000 даляраў, якія выплачваюцца найвышэйшым кіраўнікам, паведамлялася інвестарам.
У дадатак да расследаванняў у дачыненні да «Праекта-42» Tesla, як паведамляецца, таксама сутыкаецца з запытамі з боку федэральных пракурораў наконт далёкасці руху яе аўтамабіляў. У ліпені агенцтва Reuters паведамляла, што кампанія Tesla завысіла адлегласць, якую яе транспартныя сродкі могуць праехаць на адной зарадцы батарэі.
Ну, і ў якасці вішанькі на торце Міністэрства юстыцыі і SEC таксама распачалі расследаванне таго, ці не ўвяла Tesla ў зман кліентаў і інвестараў адносна прадукцыйнасці сваёй перадавой сістэмы дапамогі кіроўцу, вядомай як аўтапілот.
У апошнія гады Маск інвеставаў значныя сродкі ў Тэхас, асабіста пераехаўшы туды з Каліфорніі і перанёсшы туды штаб-кватэру Tesla. Ён наракаў на правілы Каліфорніі, называючы штат краінай «празмернага рэгулявання, празмернага судовага разбору, празмернага падаткаабкладання». Тэхас жа прапануе падатковыя льготы для самых багатых людзей у свеце: так, у адрозненне ад Каліфорніі, штат не абкладае падаткам індывідуальныя даходы фізасоб або прырост капіталу.
Чытайце таксама:
Першага тунэля Hyperloop Ілана Маска больш няма. Чаму ідэя так і не была рэалізаваная?
«О божа, гэта нядобра!» Маск расказаў пра «цудоўную размову» з Пуціным