Дэпартамент міграцыі Літвы чакае наплыў беларусаў па пашпарт замежніка і тлумачыць, што атрымаюць яго не ўсе
Пасля таго, як Беларусь спынілі выдачу пашпартоў у амбасадах і консульствах за мяжой, беларусы, якія ўцяклі ад рэжыму ў Літву, змогуць звяртацца ў Дэпартамент міграцыі па афармленне пашпарта замежніка. Дырэктарка Дэпартамента міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце прагназуе, што колькасць беларусаў, якія жадаюць атрымаць пашпарт замежніка, значна вырасце. Гэта, у сваю чаргу, яшчэ больш павялічыць нагрузку на ўстанову.
11.09.2023 / 09:49
«Гэта вельмі важная навіна. Тыя, хто баіцца вяртацца ў Беларусь, панікуюць, што рабіць. Але ёсць такі механізм — аформіць пашпарт замежніка. І калі раней мы выдавалі некалькі дзясяткаў такіх пашпартоў на год, то цяпер іх будзе нашмат больш», — прагназуе Гудзінскайце.
«Цяжка дакладна сказаць, колькі такіх беларусаў у Літве, але гаворка ідзе пра некалькі тысяч беларусаў, якія могуць мець патрэбу», — дадала яна.
Аднак начальніца Дэпартамента міграцыі звяртае ўвагу, што пашпарт замежніка могуць атрымаць толькі тыя беларусы, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь з гуманітарных або палітычных прычын. Таму перад выдачай дакументаў будзе праходзіць дадатковая экспертыза.
«Давядзецца даваць ацэнку, таму што пашпарт замежніка выдаецца толькі тым асобам, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь, якія абʼектыўна не могуць атрымаць пашпарт сваёй краіны», — сказала яна.
Гудзінскайце прызнае, што гэтыя новыя абставіны ствараюць вялікую праблему для Дэпартамента міграцыі, бо, паводле яе, нагрузка на ўстанову і так вялікая. Дэпартамент просіць дадатковае фінансаванне. Яна гаворыць, што ўрад абяцае яго, але пакуль дадатковых грошай не было.
Чытайце таксама:
Ціханоўская абмеркавала праблемы беларусаў у МУС Літвы
Заканчваецца беларускі пашпарт. І што цяпер рабіць? Парады адваката