Грамадства11

«Адсутнасць пашпарта — не канец свету». Супрацоўнікі Цэнтра беларускай салідарнасці ў Польшчы расказалі пра складаныя справы

Цэнтру беларускай салідарнасці (ЦБС) споўнілася тры гады. За гэты час спецыялісты ўстановы правялі амаль 34 тысячы кансультацый. Беларусы (і не толькі) звяртаюцца з пытаннямі, якія звязаныя з легалізацыяй, працай, дыскрымінацыяй, дэпартацыяй і гэтак далей. MOST паразмаўляў з супрацоўнікамі ЦБС пра найбольш складаныя кейсы і пра тое, чым можа дапамагчы цэнтр.

Фота: «Наша Ніва»

«Першы, каму мы дапамаглі, — заснавальнік «Байпола» Андрэй Астаповіч»

Прэс-сакратар ЦБС Антось Жукаў згадвае, што ідэя стварыць арганізацыю, якая б дапамагала беларусам, узнікла яшчэ летам 2020-га. Людзі ў дыяспары верылі ў перамогу пратэстаў, але шмат хто разумеў, што могуць распачацца вялікія рэпрэсіі.

— 7 верасня стала першым днём, калі мы распачалі працу. Як кажуць нашы юрысты, першы, каму мы дапамаглі, — заснавальнік «Байпола» Андрэй Астаповіч. Увогуле ж паток людзей быў велізарны, пік адбыўся ў канцы верасня — пачатку кастрычніка. Людзі пераязджалі, і ім была патрэбная дапамога. Тады яшчэ не было нейкіх адладжаных механізмаў, быў сапраўдны хаос. Мы працавалі на кухні, гэта была праца літаральна да 12 гадзіны ночы. Юрысты сыходзілі, проста каб паспаць і вярнуцца назад. Гэта быў вельмі складаны час насамрэч, — успамінае Антось.

Мужчына дадае, што напачатку ў ЦБС працавалі некалькі юрыстаў, вельмі моцна дапамагалі валанцёры. Цяпер жа каманда складаецца прыкладна з 25 чалавек. Пасля пачатку расійскай агрэсіі цэнтр вырашыў дапамагаць у тым ліку ўкраінцам. Па дапамогу таксама звярталіся грамадзяне Расіі, Узбекістана, Грузіі, Арменіі і нават Эквадора — амаль усе яны ўцякалі ад вайны ва Украіне.

«Законы ў Польшчы змяняюцца часта, таму да нас звяртаецца шмат людзей»

ЦБС дапамагае ў справах, якія датычаць легалізацыі, працоўных пытанняў (звальненні, нявыплата заробкаў, падман з дамовамі), дэпартацыі, выпадкаў дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце. Супрацоўнік інфалініі Мікіта адзначае, што звярнуцца па дапамогу можна

  • па тэлефоне +48 662 200 400;
  • праз электронную пошту [email protected];
  • праз Telegram — @CBShelp.

— Мы разглядаем запыт чалавека, якая дапамога яму патрабуецца, верыфікуем яго, ці з’яўляецца ён палітычным альбо сацыяльным актывістам, адкуль прыехаў, можа, з тэрыторыі Украіны пасля 24 лютага 2022 года. Потым спрабуем адказаць на пытанне ў рамках нашых ведаў і кампетэнцыі. Калі ж пытанне больш складанае, то запісваем яго на кансультацыю да юрыста, — кажа Мікіта.

Паводле слоў юрысткі ЦБС Марыны Грышчанкі, якая прыехала з Украіны, цяпер вельмі вялікі паток зваротаў. Спецыялісты стараюцца разглядаць іх усе.

— Насамрэч бывае па-рознаму. Могуць быць такія перыяды, калі зваротаў не так шмат, але законы ў Польшчы мяняюцца часта, таму калі адбываюцца змяненні, то да нас звяртаецца шмат людзей, — адзначае Марына.

«Беларуску хацелі дэпартаваць з-за прозвішча, як у расійскага дыпламата»

Гаворачы пра пікі зваротаў, супрацоўнікі адзначаюць першыя месяцы пасля пачатку вайны. Гэта звязана як з тым, што прыехала шмат новых людзей, у тым ліку з Украіны, так і з тым, што стала больш выпадкаў дыскрымінацыі, а таксама спраў, звязаных з дэпартацыяй. Марына Грышчанка кажа, што часта польскія ўлады нават не спрабавалі разабрацца ў сітуацыі.

— Напрыклад, у мяне ёсць такая справа. Беларуса ўнеслі ў рэестр асоб, чыё знаходжанне ў Польшчы непажаданае. Матэрыялы справы таемныя, таму мы дакладна не ведаем прычыны. Але мы думаем, што гэта можа быць звязана з яго татуіроўкамі. Яны ў мужчыны па ўсім целе. Ёсць інфармацыя, што органы думаюць, што татуіроўкі паказваюць на прыналежнасць беларуса да польскіх крымінальных груповак. Справа вельмі складаная, а ў выпадку дэпартацыі беларусу пагражае турма, — запэўнівае юрыстка.

Яна прыводзіць яшчэ адзін прыклад. У пачатку вайны беларуску, якая даўно жыве ў Польшчы, хацелі дэпартаваць толькі праз тое, што яе прозвішча было такое ж, як і ў аднаго з расійскіх дыпламатаў. Дзяўчыну выклікалі на размову да спецслужбаў, дапытвалі, шукалі сувязі з Расіяй.

Марына падкрэслівае, што такіх выпадкаў цяпер стала менш, але, напрыклад, справа чалавека з татуіроўкамі цягнецца дагэтуль, і невядома, чым скончыцца.

«Паліцыя часта не прымае заяў і ў саміх палякаў»

Другая вялікая праблема, якая абвастрылася пасля пачатку вайны, — дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце. Беларусы скардзяцца, што ім могуць не адкрыць рахунку ў банку ці паліцыя не прыме заявы, калі адбыўся нейкі міжнацыянальны канфлікт.

— Але трэба разумець, што людзі часта блытаюць звычайныя канфлікты з дыскрымінацыяй. Напрыклад, беларусы пабіліся з украінцамі, і беларусы ўжо думаюць, што іх дыскрымінуюць. Таксама і банкі па законе маюць права адмовіць у абслугоўванні. А паліцыя часта не прымае заяў і ў саміх палякаў, калі адбываюцца нейкія канфлікты, — запэўнівае Марына.

Антось расказвае, што пасля пачатку вайны ён папрасіў у сацыяльных сетках ЦБС, каб людзі напісалі пра выпадкі дыскрымінацыі, з якімі яны сутыкнуліся не так даўно. Назбіралася каля 500 гісторый. Але палова з іх датычылася абраз у інтэрнэце. Другая ж палова — сур’ёзныя сітуацыі, у тым ліку звязаныя з булінгам дзяцей у школе.

— Але трэба, зноў жа, да гэтых гісторый адносіцца з асцярожнасцю, — дадае Марына. — У мяне была гісторыя, калі 10-гадовую дзяўчынку-беларуску пабіў аднакласнік. Там было сур’ёзна: сінякі, страсенне мозга. А праз нейкі час мы даведаліся, што тым аднакласнікам быў хлопчык-беларус, а не паляк.

«Будзем працаваць, каб змены ў атрыманні польскага праязнога дакумента дзейнічалі і надалей»

Пасля ўступлення ў сілу ўказа пра тое, што беларускія дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты, стала больш зваротаў, якія звязаныя з гэтым пытаннем. Антось Жукаў падкрэслівае, што людзі баяцца ў тым ліку дэпартацыі.

— Да таго ж пакуль незразумела, ці будзе прадоўжаны тэрмін дзеяння змен, згодна з якімі праязны дакумент іншаземца выдаецца ўладальнікам усіх відаў ДНЖ. Думаю, што мы ў найбліжэйшы час будзем працаваць з польскімі ўладамі, каб гэтыя змены дзейнічалі і надалей. Бо гэта сапраўды вельмі важна, асабліва ў такіх абставінах, — кажа прэс-сакратар ЦБС.

Марына Грышчанка падкрэслівае, што людзі і раней звярталіся з пытаннямі пра замену пашпарта, бо баяліся ісці ў пасольства. Юрыстка ЦБС раіць афармляць польскі праязны дакумент, а калі такой магчымасці няма, то падавацца на міжнародную абарону.

— У любым выпадку можна звяртацца да нас, — дадае Антось, — мы пракансультуем і наконт польскага праязнога дакумента, і наконт міжнароднай абароны. Што датычыць таго, каб усё ж паехаць у Беларусь і памяняць пашпарт, то гэта можа быць небяспечна.

Нават калі чалавек нідзе не ўдзельнічаў, ён мог пакінуць «няправільны» каментар у інтэрнэце. Асабліва ў той перыяд пратэстаў, калі ў кожнага было столькі эмоцый. Лепей не ехаць, бо гэта як латарэя. Адсутнасць пашпарта — не канец свету. Рашэнне гэтай праблемы ёсць.

«Да нас звярталіся людзі, якія хацелі засудзіць чалавека, які ім прадаў ката не таго полу»

Магчымасці ЦБС не бязмежныя, таму супрацоўнікі цэнтра не могуць прадстаўляць інтарэсы людзей у крымінальных справах — гэта можа рабіць толькі адвакат. Больш за тое, згодна з польскімі законамі, калі нехта дае доступ да матэрыялаў справы іншаму чалавеку, то яго чакае пакаранне. Але спецыялісты ЦБС могуць выслухаць чалавека і параіць кансультанта, у тым ліку бясплатнага.

Антось Жукаў кажа, што звароты па крымінальных справах — не самае страшнае. Бывае, што людзі звяртаюцца з вельмі дзіўнымі пытаннямі.

— Напрыклад, у нас пыталіся, як знайсці найбліжэйшую краму Żabka. Ці вось звярталіся людзі, якія хацелі засудзіць чалавека, які ім прадаў ката не таго полу.

Марына ўспамінае яшчэ адзін выпадак, калі ў ЦБС патэлефанавала жанчына, у якой былі клапы ў кватэры, і яна пыталася, як іх пазбавіцца. Былі выпадкі, калі людзі прасілі грошай на арэнду кватэры ці патрабавалі знайсці ім працу.

— Так, бываюць такія людзі, якія прыходзяць з патрабаваннямі, — дадае Мікіта, — яны не просяць, а патрабуюць, каб мы ім дапамаглі з вядзеннем бізнэсу, далі грошай. Але я за месяц працы пакуль не сутыкаўся з такімі пытаннямі. Але мог бы парэкамендаваць усё ж самастойна паспрабаваць разабрацца з такімі пытаннямі.

Антось адзначае, што тыя, хто звяртаецца з такімі пытаннямі, часцей пакідаюць негатыўныя водгукі і ў чымсьці абвінавачваюць супрацоўнікаў ЦБС.

— Наогул, ёсць такая тэндэнцыя, што самыя ўдзячныя людзі — гэта тыя, хто звяртаецца з сур’ёзнымі праблемамі. Тыя, хто перажыў гвалт, палітзняволеныя. Яны з вялікай падзякай успрымаюць нашу дапамогу.

Каментары1

  • mikola
    08.09.2023
    Nederlandski Paspart-lepshy. Mozna usiudy ehac,byli b groshy.

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

На свеце з'явілася яшчэ адна краіна доўгажыхароў. Што гэта за краіна?

Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ8

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю9

Кіраўніка партыі «Зялёныя» асудзілі на 6 гадоў калоніі3

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам». Улады шукаюць рады на заходнія санкцыі1

Расія нанесла ўдар балістычнай ракетай па Крывым Рогу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →