У Варшаве выставілі няскончанае палатно Алеся Пушкіна
У варшаўскім цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» стварылі міні-экспазіцыю, прысвечаную славутаму беларускаму мастаку, які сёлета памёр у зняволенні. У цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» выставілі няскончанае жывапіснае палатно Алеся Пушкіна «Карціна Свабоды», паведаміў Reform.by.
12.09.2023 / 19:27
Фота: Reform.by
Штогод 25 сакавіка, на Дзень Волі, мастак ладзіў перформанс на галоўнай плошчы роднага мястэчка Бобр: усталёўваў на мальберт гэтае незавершанае палатно, змешваў фарбы на палітры: светлыя, калі год быў харошы, або цёмныя, калі год быў нядобры, — і пісаў у прысутнасці рэдкіх гледачоў.
Такім чынам, палатно пісалася толькі раз на год, а сам перформанс адбываўся на працягу больш як 25 гадоў. Мастак абяцаў скончыць твор, калі Беларусь будзе вольнай.
Галоўны персанаж карціны — жанчына, сімвал Беларусі, што пакутуе ад камуністычнага мінулага і дыктатарскай сучаснасці.
Фота: Reform.by
26 жніўня 2016 года ў Познані адкрылася выстава пад назвай «Нацыянальна-радыкальны Алесь Пушкін», на якой мастак паказаў і партрэты серыі «Беларускі Рэзыстанс», якія ён не мог выставіць у Беларусі, і «Карціну свабоды», якая пасля выставы ў Беларусь не вярнулася. Алесь заявіў, што гэта можа адбыцца толькі пасля зрынання рэжыму Лукашэнкі.
Урэшце карціна трапіла ў «Замак Уяздоўскі», дзе ў 2021 годзе яе паказалі на выставе «Палітычнае мастацтва».
Фота: Reform.by
Цяпер дырэкцыя «Замка» зладзіла адмысловы паказ, дзе можна ўбачыць гэтую манументальную карціну, а таксама дакументальнае кіно, на якім паказваецца фрагмент працэсу стварэння палатна. Таксама ў экспазіцыю ўвайшла дошка памяці з чорнымі стыкерамі, на якіх ахвотныя маглі нешта напісаць.
Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня на 58-м годзе жыцця ў рэанімацыі гродзенскай бальніцы.
Як стала вядома, у яго была прабадная язва, яму своечасова не дапамаглі ў турме.
Вядомы беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, перформер быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года і праз год асуджаны на пяць гадоў калоніі па абвінавачанні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (артыкул 370 КК) і распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК). Спачатку пакаранне адбываў у івацэвіцкай калоніі, а потым быў пераведзены на турэмны рэжым у Гродне.
Чытайце таксама:
У Беластоку адкрылі выставу рэпрэсаванага беларускага мастацтва. Яе прысвяцілі памяці Алеся Пушкіна
Апошні перформанс Алеся Пушкіна
Алесь Пушкін мучыўся страшнымі болямі, але яго не шпіталізавалі. Хто начмед у турме, дзе ён памёр
«Усё ж часы былі тады іншыя». Пахаванне Алеся Пушкіна ў 2023-м vs пахаванне Ларысы Геніюш у 1983-м