У Казахстане перасталі прадаваць квіткі на канцэрты комікаў, якія з'ездзілі на Данбас

У Казахстане перасталі прадаваць квіткі на выступленні папулярнай каманды Клуба вясёлых і знаходлівых «Камызякі». Раней яе ўдзельнікі, комікі Азамат Мусагаліеў і Дзяніс Дорахаў, выступілі на канцэрце да «Дня вызвалення Данбаса» на мемарыяльным комплексе «Савур-Магіла».

13.09.2023 / 18:25

Фота: tengrinews.kz

Сваё канцэртнае турнэ па Казахстане «Камызякі» павінны былі пачаць выступам у Алматы 5 кастрычніка, на 7-8 кастрычніка мерапрыемствы былі запланаваныя ў сталіцы рэспублікі Астане, а заключным мусіў стаць канцэрт у горадзе Шымкенце 9 кастрычніка.

Аднак 8 верасня ў Казахстане стала вядома, што ўдзельнікі каманды Мусагаліеў і Дорахаў выступілі на зладжаным расійскімі акупантамі канцэрце каля мемарыяла «Савур-Магіла» на Данбасе. Тады комікі заявілі, што пабывалі там упершыню, што яны «вельмі ўражаныя, а месца кранае душу». Азамат Мусагаліеў пажадаў усім «мірнага неба, здароўя і ўсмешак».

Пасля гэтага ў казахстанскім сегменце інтэрнэту карыстальнікі сталі заклікаць адмяніць выступы артыстаў у краіне, а таксама пісалі словы абурэння на старонках Мусагаліева і Дорахава.

У выніку квіткі на канцэрты комікаў перасталі прадаваць усе даступныя ў краіне платформы.

Чытайце таксама:

Беларусы, якія сталі зоркамі ў Расіі: што з імі стала за час поўнамаштабнай вайны?

Маскоўская каманда КВЗ пажартавала пра Прыгожына, Лукашэнку і электронныя позвы

Беларуская каманда КВЗ працягвае ездзіць у Маскву. І жартуе пра 80/20, нацыяналізацыю і беларускі ноўтбук

Nashaniva.com