У Гродне зарадка ад тэлефона ледзь не спаліла кватэру

Ратавальнікі далі некалькі парадаў, як выйсці з такой сітуацыі.

16.10.2023 / 08:51

Фота: МНС

Здарэнне адбылося днём у нядзелю. Ратавальнікам паступіла паведамленне, што гарыць кватэра на дзявятым паверсе ў шматпавярховіку на вуліцы Айчыннай, паведамляе МНС.

Як распавялі гаспадары, яны паставілі тэлефон зараджацца і выйшлі ў кухню. Праз некаторы час пачулі хлапок і пабачылі, што ў пакоі гарыць канапа.

Яны неадкладна выйшлі на вуліцу і паведамілі пра здарэнне ў МНС. Ратавальнікі ліквідавалі пажар. Эвакуацыя жыхароў з пад'езда не спатрэбілася.

Аднак агнём была знішчаная маёмасць у пакоі, закураныя сцены і столь у кватэры. Імаверна, прычынай здарэння стала кароткае замыканне зараднай прылады.

У МНС рэкамендуюць, каб пазбегнуць так званых электрычных пажараў, не перагружаць сетку. У адну разетку ўключаць толькі адзін электрапрыбор. У выпадку загарання дастаць вілку з разеткі або выключыць засцерагальнікі на лічыльніку. Толькі пасля гэтага можна заліць полымя вадой або накінуць на яго шчыльную коўдру.

Калі самастойна справіцца з пажарам не можаце — выклікайце ратавальнікаў па нумарах 101 або 112.

Чытайце таксама:

У жыхара Гомеля мабільнік загарэўся проста ў машыне. Мужчына атрымаў апёкі

Аргенцінец захацеў зварыць каву на вогнішчы. Атрымаўся пажар фантастычных памераў, эвакуююць цэлымі сем'ямі

У цэнтры Астраўца згарэў пункт продажу шаўрмы ВІДЭА

Nashaniva.com