«Забойцы кветкавага месяца» — эпічны фільм Марціна Скарсэзэ пра крывавае нараджэнне Амерыкі
20 кастрычніка на сусветныя кінаэкраны выходзіць стужка Марціна Скарсэзэ «Забойцы кветкавага месяца». Яна расказвае пра жахлівыя забойствы прадстаўнікоў індзейскага племені асэйдж у пачатку XX стагоддзя. Карэнныя амерыканцы ў Аклахоме былі забітыя падступнымі людзьмі, якія хацелі атрымаць іх грошы і зямлю, багатую на нафту.
18.10.2023 / 18:45
Эрнэст (Леанарда Ды Капрыа) аказваецца ўцягнутым у брудныя інтрыгі свайго дзядзькі Біла (Роберт Дэ Ніра) у фільме «Забойцы кветкавага месяца». Фота: Apple TV / Everett Collection
Крымінальны трылер Марціна Скарсэзэ («Ірландзец», «Банды Нью-Ёрка») грунтуецца на навукова-папулярным бестселеры Дэвіда Грана «Забойцы кветкавага месяца. Нафта. Грошы. Кроў». Разам з суаўтарам сцэнарыя Эрыкам Ротам Скарсэзэ стварыў эпічную гісторыю, напоўненую павольным экзістэнцыйным жахам, які літаральна паралізуе. У аснове — аповед пра серыйныя забойствы, якія нагадваюць генацыд і імітуюць яшчэ больш маштабнае знішчэнне карэнных амерыканцаў у ЗША. Урэшце, гэты фільм — пра тое, пра што і ўсе вестэрны, і, магчыма, уся гісторыя — пра жорсткі захоп зямлі, рэсурсаў і ўлады. Таксама на першы план выходзіць шлюб, напоўнены газлайтынгам і хлуснёй — своеасаблівая гісторыя «атручанага кахання».
Лілі Гладстан з трагічнай сілай выконвае ролю Молі Беркхарт —карэннай амерыканкі з племя асэйджаў, якая, як і ўсе яе супляменнікі, нечакана разбагацела, бо ва ўяўна камяністай і бесперспектыўнай зямлі ў Аклахоме, на якой улады дазволілі пасяліцца асэйджам, аказаліся велізарныя запасы нафты. Але на індзейцаў па-ранейшаму распаўсюджваецца расісцкая ўмова «апекі»: каб прэтэндаваць на даход і траціць яго, людзям з асэйджаў патрэбны беласкуры «падпісант». І ёсць сёе-тое яшчэ: Молі і яе сям'я глыбока занепакоеныя таямнічымі хваробамі, якія забіваюць асэйджаў адно за адным.
У гэтую сітуацыю трапляе слізкі, прадажны чалавек, якога завуць Эрнэст (Леанарда Ды Капрыа), амбіцыйны, але ў той жа час рахманы і абсалютна неадэкватны чалавек, дурны і прагны. Ён вяртаецца ў ЗША пасля службы на Першай сусветнай вайне і прыязджае ў маёнтак свайго багатага дзядзькі, які пакрывае гвалт і карупцыю.
Дзядзька Эрнэста, жывёлавод-плутакрат Уільям Хэйлі, якога грае Роберт Дэ Ніра, — чалавек з хранічнай незадаволенасцю жыццём і бясконцым пачуццём уласнай важнасці, ён ганарыцца сваімі добрымі адносінамі з народам асэйджаў. Хэйл наймае Эрнэста на няпэўную пасаду свайго падначаленага, памочніка па бруднай працы, і заахвочвае яго сустракацца, а таксама ажаніцца з Молі, што дало б яму (і такім чынам Хэйлу) правы на нафту.
Молі (Лілі Гладстан) пачынае шчасліва жыць у шлюбе з Эрнэстам (Ды Капрыа), але ў яе жыцці адбываецца рэзкі і жудасны паварот. Фота: Мелінда Сью Гордан
І вось пачынаецца асуджаны шлюб Эрнэста і Молі, ускладнены жудаснымі страхамі хворай маці Молі, а таксама дыябетам самой Молі — ён дзіўным чынам пагаршаецца з-за лекаў. Іх расстараўся для яе Хэйлі, пры гэтым Эрнэст увесь час манерна бядуе з нагоды пагаршэння яе здароўя.
Калі сітуацыя становіцца занадта складанай, каб федэральныя ўлады маглі яе ігнараваць, Вашынгтон накіроўвае дзеля высвятлення абставінаў супрацоўніка Бюро расследаванняў (пазней гэта ФБР). Скарсэзэ паказвае палітыку: запозненае з'яўленне бюро звязана з тым, каб «разруліць» складаную сітуацыю, у якой апынуліся белыя людзі і непазбежна багатыя асэйджы, а таксама — узмацніць федэральны кантроль над новым штатам Аклахома.
У выкананні Гладстан і Ды Капрыа адносіны паміж Молі і Эрнэстам выклікаюць агіду: Эрнэст па-свойму шчыры ў сваіх пачуццях да жонкі, але ў той жа час яны ёсць часткай схемы, пабудаванай на нядобрасумленнасці і гвалце. Сапраўдныя адносіны Эрнэста — гэта адносіны з яго дзядзькам, «да якога ён хутка пачынае быць падобны, як сабака да свайго гаспадара: больш маладая версія ахвяры-злыдня з тымі ж поўнымі страху і варожасці вачыма і тым жа драпежным ротам з апушчанымі вугалкамі», — піша Пітэр Брэдшоу ў аглядзе для The Guardian.
Кіраванне Хэйлі, такое адкрыта клапатлівае і чулае да асэйджаў, на самай справе мае вынікам шырокую дэпрэсію сярод людзей, алкагалізм, беззаконне, смяротныя хваробы і забойствы. Гладстан стварае для Молі вобраз недасканалай і схільнай да самабічавання асобы, якая адчувае некаторы сорам за тое, што супрацоўнічала са сваім прыгнятальнікам. Пры гэтым яна мае спакой і годнасць і ўзвышаецца над навакольнай галечай, але гэты спакой абумоўлены ў тым ліку хваробай, што робіць яе не такой актыўнай. Молі ведае, што Эрнэст ніколі не быў добрым чалавекам, але ён усё адно зачараваў і спакусіў яе.
«За тры з паловай гадзіны на экране разгорнецца разгалінаваная і складаная павуціна хлусні, над якой вы будзеце доўга думаць пасля завяршэння цітраў», — рэзюмуе Джоні Алексінскі ў аглядзе для New York Post.
Скарсэзэ, які ў 80 гадоў — на піку кар'еры, у нядаўнім інтэрв'ю выступіў у абарону працягласці свайго фільма. «Людзі скардзяцца, што гэта тры гадзіны, але няўжо гэта так страшна? Давайце выкажам кінематографу трохі павагі», — заклікаў рэжысёр.
Чытайце таксама:
Леанарда Ды Капрыа назваў самую ганебную ролю ў сваёй кар'еры