«Шкадаваў, што яго жыццё так склалася». Бацькі закатаванага трохгадовага хлопчыка са Слуцка выступілі з апошнім словам

У Слуцку сёння адбыўся працяг разгляду крымінальнай справы аб забойстве трохгадовага хлопчыка Сямёна Таратуты. Ягоныя бацькі — Аляксандр і Анастасія Таратуты — выступілі з апошнім словам, піша «Мінская праўда».

18.10.2023 / 12:35

Анастасія і Аляксандр Таратуты. Скрыншот відэа «Мінская праўда»

Аляксандр Таратута ў апошнім слове шкадаваў, што яго жыццё так склалася. Успомніў свой першы шлюб, у якім у яго не было скандалаў:

— Ніякіх намераў, змоваў не было, — падкрэсліў ён наконт сітуацыі са смерцю 3-гадовага Сямёна. — Не хацеў я забіваць, ніякіх такіх думак не было.

Анастасія Таратута напісала сваё апошняе слова пісьмова. Суд, удакладніўшы меркаванні пракурора і адваката, адмовіўся далучаць гэты дакумент да матэрыялаў справы

Жанчыне яшчэ раз было прапанавана агучыць услых сваю пазіцыю, прачытаць яе з паперы. Аднак яна наадрэз адмовілася зачытваць напісанае ёю ўслых.

***

Разгляд крымінальнай справы пачаўся 3 кастрычніка. Аляксандра і Анастасію Таратутаў абвінавачвалі ў катаванні і забойстве з асаблівай жорсткасцю трохгадовага сына Сямёна. Крымінальную справу разглядае Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку.

Іх судзяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

— ч. 2 арт. 154 (Наўмыснае прычыненне працяглага болю, пакут спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты, сістэматычнае нанясенне пабояў (катаванне), здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане і ў залежным становішчы);

— п. 2, 6, 15 ч.2 арт. 139 (Наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), заведама малалетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, групай асоб).

Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза, праведзеная мужам Таратута, прызнала абодвух адэкватгнымі.

У панядзелак у судзе адглядалі аператыўныя матэрыялы следства, калі абвінавачаны даваў паказанні на месцы злачынства — у кватэры, дзе адбылося забойства хлопчыка. Абвінавачаны, якога для дачы паказанняў на месцы прывезлі ў кайданках і пад канвоем, паказаў следчым на манекене і распавёў, як біў дзіця тапкам, рукамі, але часцей — нагой.

Як вынікае з відэа, якое адгледзелі ў судзе, абвінавачаны кажа, што маленькі Сямён раздражняў і яго, і ягоную жонку, бо «краў са стала і разбіваў талеркі». Аляксандр паведаміў следчым, што «пачаў біць Сямёна з двух гадоў».

Некаторым сведкам, якія былі ў зале суда, станавілася блага ад убачанага.

Пракурор запытаў для 48-гадовага Аляксандра Таратуты расстрэл, а для яго 37-гадовай жонкі 25 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму і лячэнне ад алкагалізму.

Чытайце таксама:

Бацьку, які забіў трохгадовага сына ў Слуцку, хутчэй за ўсё, расстраляюць

«1000 дзён пекла». Маці забітага трохгадовага хлопчыка дала паказанні ў судзе

У Слуцку пачаўся суд над бацькамі, якіх вінавацяць у забойстве трохгадовага сына

Nashaniva.com