«Маск страціў цярпенне». Ілан Маск можа заблакаваць твітар (X) на тэрыторыі Еўрасаюза — Business Insider
19.10.2023 / 10:29
Па інфармацыі выдання Business Insider, мільярдэр Ілан Маск дапускае магчымасць поўнай блакіроўкі сацсеткі X (былы твітар) на тэрыторыі Еўрасаюза, а таксама абмежаванне доступу да яе для ўсіх жыхароў краін ЕС. Паводле крыніцы, такі настрой Маска выкліканы яго нежаданнем выконваць адзін з новых законаў ЕС.
Ілан Маск. Фота: Nathan Laine / Bloomberg via Getty Images
Як паведамляе крыніца выдання, Маск «расчараваны і раззлаваны» з-за неабходнасці выконваць новы закон ЕС аб лічбавых паслугах (Digital Service Act, DSA), які дазволіць Еўрасаюзу мацней рэгуляваць буйныя сусветныя сацсеткі для абароны карыстальнікаў ад дэзынфармацыі і прапаганды, асабліва расійскай.
«Маск страціў цярпенне і гатовы да самых радыкальных рашэнняў. Ён не разумее механізма рэалізацыі новага закона, таму не раз звяртаўся да ўладаў ЕС з просьбай аб падрабязных тлумачэннях, але ніякай яснасці ў гэтым пытанні да гэтага часу няма», — распавяла крыніца выдання Business Insider, блізка знаёмая з сітуацыяй.
Новы закон ЕС аб лічбавых паслугах уступіў у сілу ў жніўні гэтага года і закліканы больш пільна сачыць за дзейнасцю сацсетак, буйных анлайн-платформаў і інтэрнэт-пошукавікаў, чыя лічба ўнікальных карыстальнікаў перавышае 45 мільёнаў чалавек (усяго закон закранае 19 платформаў, уключаючы X, Facebook, Instagram, сэрвісы Apple і Google, «Вікіпедыю» і іншыя).
Галоўная мэта новага закона — абмежаваць уплыў дэзынфармацыі і прапаганды ў інтэрнэце, спрасціць механізм падачы скаргаў карыстальнікамі на такія публікацыі і забяспечыць большую абарону дзяцей ад рэкламы і кантэнту для дарослых.
Чытайце таксама:
«О божа, гэта нядобра!» Маск расказаў пра «цудоўную размову» з Пуціным
Што такое Bluesky, куды беларусы сыходзяць з твітара? І ў якім стане цяпер Bel_sky?