Навука і тэхналогіі66

«Беларускі старлінк» сапраўды існуе. Праўда, ён не беларускі, а франка-італьянскі. І не старлінк, а танны аналаг. Вось як ён працуе

Беларусь сапраўды можа ствараць уласны канал спадарожнікавага інтэрнэту, у тым ліку для вайскоўцаў. Гэта магчыма дзякуючы спадарожніку, у якім стаіць еўрапейскае абсталяванне.

Падчас паездкі на Брэстчыну 6 кастрычніка Аляксандру Лукашэнку паказалі абсталяванне, якое назвалі беларускім аналагам Starlink — спутнікавай сістэмы, што забяспечвае высокахуткасны доступ у інтэрнэт.

«Ты тое, што Маск за мільярды даляраў рабіў, сам зрабіў бясплатна?» — спытаў Лукашэнка ў вайскоўца.

«Ну, не бясплатна, але за вельмі маленькія грошы», — адказаў той.

«То-бок Маск нам не патрэбны?» — «Нам — не».

«Дзесьці ў Мінску пункт доступу ў інтэрнэт: ён транслюецца праз станцыю спадарожнікавай сувязі, выходзіць сюды і праз роўтар Wi-Fi раздае інтэрнэт», — растлумачыў тады прынцып працы вайсковец.

Што паказалі Лукашэнку?

На відэа бачны роўтар, вельмі падобны да мадэлі D-Link DWR-921.

Ягоная адметнасць у тым, што ён можа прымаць сігнал як з устаўленай у яго сім-карты, гэтак і праз кабель, або працаваць у рэжыме рэтранслятара Wi-Fi-сігналу.

Маршрутызатар D-Link DWR-921. Фота: «Пул першага», dlink.com

Далей — нешта, падобнае да расійскай антэны «Трыяда МА-993». Яна здольная ўзмацняць 2G і 3G-сігналы.

Антэна «Трыяда МА-993». Фоты: «Пул першага» і, справа, opt-union.ru

Таксама бачная зарадная станцыя EcoFlow RIVER 2. Яна дазваляе забяспечваць бесперабойнае сілкаванне электрычных прыбораў і можа таксама забяспечвацца сонечнымі батарэямі. Вырабляецца яна ў Кітаі.

Зарадная станцыя EcoFlow RIVER 2. Фота: «Пул першага» і, справа, ecoflow.com

Самі вайскоўцы сказалі, што часта выкарыстоўваюць звычайны роўтар з сім-картай. Калі сігнал перадаецца са спадарожніка, то незразумела, праз што менавіта ён транслюецца на роўтар, бо вайскоўцы паказваюць Лукашэнку нешта за кадрам. Адзіны варыянт, як гэта магло б быць — праз раздачу Wi-Fi або 3G-сігналу ад спадарожнікавага мадэма.

Вайсковец кажа, што ў Мінску ёсць пункт доступу да інтэрнэту і сігнал адтуль рэтранслюецца праз станцыю спутнікавай сувязі, а пасля перадаецца на роўтар. Такім чынам, ёсць два рэжымы працы гэтай канструкцыі — «мабільны» і «спадарожнікавы». Невядома, ці могуць яны працаваць паралельна.

Гэта магчыма, але невядома, ці працуе гэта на практыцы, або Лукашэнку зноўку паказалі пшык. Прынамсі, вайскоўцы заявілі, што спадарожнікавы інтэрнэт у іх працуе. Спадарожнікавыя мадэмы ў такім выпадку лагічней падключаюць непасрэдна да маршрутызатара, які можа ствараць Wi-Fi-пункт — на відэа схема іншая.

Гэта б дазваляла атрымліваць стабільнае злучэнне з абедзвюх крыніц. То-бок у прыярытэце злучэнне са спадарожнікам праз кабель Ethernet, але калі яно губляецца, то маршрутызатар ловіць сігнал з мабільнай сеткі. У любым выпадку, сістэма, якую паказала Мінабароны, ад сістэмы Starlink мае вялікія адрозненні.

Дык ці можа Беларусь увогуле перадаваць інтэрнэт праз спадарожнік?

Так. У Беларусі сапраўды ёсць уласны спадарожнік, здольны ўсталёўваць інтэрнэт-злучэнне — гэта «Белінтэрсат-1». Аператар спадарожніка — беларускае прадпрыемства «Завод дакладнай электрамеханікі», які базуецца ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна. На гэты момант ён пад санкцыямі толькі з боку Канады.

«Белінтэрсат-1». Фота: belintersat.by

Спадарожнік выраблены ў Кітаі карпарацыяй «Вялікая сцяна» на базе платформы DFH-4. Але не абышлося і без дапамогі заходніх кампанентаў — пастаўшчыком перадатчыкаў і ўсёй апаратуры перадачы была еўрапейская кампанія Thales Alenia Space.

Гэта франка-італьянскі канцэрн, які займаецца вытворчасцю аэракасмічнай апаратуры. Карысная нагрузка ад гэтай кампаніі ёсць на большасці тэлекамунікацыйных спадарожнікаў свету, уключаючы расійскія. Кітайцам яе пастаўляюць па кантракце.

Нават у выпадку, калі б тэарэтычна супраць «Завода дакладнай электрамеханікі» ўвялі нейкія санкцыі, на функцыянаванне спадарожніка гэта б не паўплывала — у іх не прадугледжаная магчымасць рамонту, таму ўжо запушчаны спадарожнік асабліва ад іх не залежыць. З улікам таго, што Беларусь мае ўласны камандны цэнтр, які абслугоўваецца Кітаем, санкцыі ЕС ці ЗША не паўплываюць на ягонае функцыянаванне.

Перад запускам спадарожніка беларусы ездзілі ў Кітай, а пад Станькавам быў створаны камандны цэнтр. «Белінтэрсат» умее перадаваць па спадарожніку відэа і гук, а таксама забяспечваць выхад у інтэрнэт.

Што можа «Белінтэрсат»

Галоўная камерцыйная функцыя спадарожніка — гэта спадарожнікавае вяшчанне. Насамрэч, вялікага попыту на яго, мяркуючы з паведамленняў, няма, бо кампанія-аператарка спадарожніка прызнавалася, што ягоная загрузка — каля 35%. Найбольш кліентаў у спадарожніка — у Нігерыі, дзе праз яго транслююць восем эфірных каналаў.

Але ён можа і выходзіць у інтэрнэт. З улікам таго, што беларускія вайскоўцы могуць карыстацца толькі беларускім спадарожнікам, яны абмежаваныя ягонымі парогавымі параметрамі. У прэзентацыі спадарожніка стваральнікі «Белінтэрсата» раскрылі гэтыя магчымасці.

Кадр з прэзентацыі спадарожніка Belintersat

Нягледзячы на тое, што стваральнікі сцвярджаюць, што спадарожнік можа перадаваць даныя з хуткасцю да двух гігабіт за секунду, карыстальнікам кампанія прапануе значна меншую хуткасць — 6 мегабіт на прыём даных і 4 мегабіты на перадачу.

Кадр з прэзентацыі спадарожніка Belintersat

Прапануюцца таксама і гатовыя рашэнні для гэтага, то-бок вайскоўцы нічога новага не прыдумалі, яно і так было ў Беларусі. Прэзентацыя, якую мы цытуем, датуецца 2018 годам.

Кадр з прэзентацыі спадарожніка Belintersat. Тое, што паказалі Лукашэнку, рэалізаванае па другой схеме

Чаму «Белінтэрсат» — усё ж не Starlink?

Спадарожнік «Белінтэрсат» рэалізуе даволі старую ідэю і тэхналогіі. Ён мае геастацыянарную арбіту — знаходзіцца на вышыні 35 786 кіламетраў над узроўнем мора і абарачаецца вакол зямлі ў кірунку яе кручэння. То-бок ён увесь час «глядзіць» на адну і тую ж зону зямлі.

Гэта трэба для таго, каб амаль нерухомая антэна, накіраваная на спадарожнік, магла атрымліваць пастаянны сігнал з яго.

Галоўны мінус геастацыянарнай арбіты ў нашых шыротах — гэта тое, што ў некаторыя перыяды часу антэна губляе з ім сувязь. Гэтая з'ява называецца «сонечнай засветкай», і адбываецца яна тады, калі спадарожнік і сонца аказваюцца на адной восі. Сігнал ад спадарожніка перабіваецца выпраменьваннем сонца. Сувязь губляецца на перыяд да дзесяці хвілінаў за суткі.

Яшчэ адна праблема — гэта затрымкі. Час перадачы туды-назад ад спадарожніка складае да паўтары секунды, што можа быць крытычна, калі трэба перадаваць звесткі ў рэжыме рэальнага часу.

У Starlink арбіта не геастацыянарная, спадарожнікі пастаянна рухаюцца ўздоўж паверхні зямлі і знаходзяцца на вышыні ад 300 да 600 кіламетраў. Каб яны працавалі, патрэбныя наземныя станцыі, якія будуць рэтрансляваць сігнал ад спадарожніка.

Спадарожнікі Starlink у небе над ЗША. Фота: Jud McCranie / Commons.wikipedia.org

Бесперабойны доступ да сеткі з нашмат меншай, чым у геастацыянарных спадарожнікаў, затрымкай, забяспечваецца за кошт таго, што такіх мікраспадарожнікаў на арбіце ўжо больш за чатыры тысячы. Хуткасці таксама нашмат большыя — да соцень мегабіт за секунду. Нават калі ўлічыць, што карыстальнікаў больш за мільён, старлінк можа без праблемаў забяспечыць патрэбы ў інтэрнэце для ўсёй украінскай арміі.

Магутнасці ж «Белінтэрсата», нават калі ўявіць сабе, што ён будзе перадаваць інфармацыю толькі для вайскоўцаў, будзе недастаткова, каб забяспечыць больш-менш стабільным інтэрнэт-злучэннем усю беларускую армію.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Айфон Плафонович
    11.10.2023
    Старлинк это автономный, мобильный пункт интерне-соединения выходящий прямо на спутник. То, что показали диктатору, это пародия. Накрой томагавком командный пункт в Станьково или просто основную спутниковую антенну и всё белорусское войско лишиться спутникового интернета. С таким же успехом вояки могли показать обычный смартфон в режиме точки доутспа получающий трафик по мобильной связи. Смех. 
  • Чарговы Старпук у лукашыстаў, а не Старлінк
    11.10.2023
    Айфон Плафонович , так і ёсць, гэта бачна і на слайдзе з прэзіньацыі, дастаткова вырубіць хаб (камандны пункт) пад Станькова і на лініі хрэніна знікне інтэрнэт, як і ва ўсіх ваяк таксама.
  • ё
    11.10.2023
    Саня реально выглядел недалеким, которому развешивали на ушах лапшу.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ад старой Грушаўкі пакінуць толькі векавы клён1

Ад старой Грушаўкі пакінуць толькі векавы клён

Усе навіны →
Усе навіны

У пенсіянера з Палесся — 92 унукі. І гэта рэкорд18

Кітай спыніў экспарт рэдказямельных металаў на фоне гандлёвай вайны з ЗША3

У ДАІ на праспекце Дзяржынскага, 3 у Мінску часова нельга абмяняць правы1

«Пакінуў ежу на талерцы — плаці?» Госць здзівіўся штрафу ў мінскім рэстаране з безлімітам10

Кароўнік, свінарнік, гандаль крыптой. Як беларускія IT-спецыялісты прафесійна дэградуюць падчас заняволення «за палітыку»4

На вайне з Расіяй загінула 100 тысяч украінскіх вайскоўцаў — CBS15

Маладая акцёрка Коласаўскага тэатра зачапіла людзей сваім выказваннем пра беларускую мову81

«Мне сказалі, што яны зрабілі памылку». Трамп пракаментаваў удар па Сумах, але Расію не згадаў10

«Узяў наган 1917 года». Польшча развярнула 3D-мастака на мяжы з-за хобі і забараніла ўезд на 5 гадоў. Дома таксама праблемы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад старой Грушаўкі пакінуць толькі векавы клён1

Ад старой Грушаўкі пакінуць толькі векавы клён

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць