Афіша, сэрвісы, беларускі ютуб — дзесяць карысных сэрвісаў праграмы «Новая Беларусь»

Хутка год, як працуе мабільная праграма «Новая Беларусь», стваральнік якой — адзін з самых вядомых беларускіх айцішнікаў Павел Лібер. За гэты час праграма папоўнілася мноствам карысных сэрвісаў. Расказваем пра іх (калі вы жывяце ў Беларусі, вазьміце пад увагу, што лукашэнкаўцы прызналі праграму «экстрэмісцкай»).

30.11.2023 / 18:11

Крыніца: відэа «Што такое Новая Беларусь?»

Не прапусціць канцэрт любімага музыкі

Як даведацца пра канцэрты ў вашым горадзе, калі вы не сочыце актыўна за сеткамі ўсіх сваіх куміраў ці калі проста хочаце добра прабавіць час? 

У раздзеле з апошнімі падзеямі можна знайсці канцэрты беларускіх музыкаў і калектываў, якія адбудуцца ў хуткім часе, а таксама інфармацыю пра беларускія выставы, імпрэзы ці стэндап. 

Скарыстацца паслугамі суайчыннікаў

У «Новай Беларусі» ёсць мапа бізнэсу, дзе вы можаце пабачыць найбліжэйшыя да вас беларускія кампаніі. Падбірайце рэстаран, аўтасэрвіс, рэпетытара, масажыста ці цырульніка або наносьце на мапу сябе, каб гуртаваць вакол свайго бізнэсу беларусаў.

Так зможаце і скарыстацца патрэбнай паслугай, і падтрымаць сваіх, а часам і атрымаць адмысловую зніжку.

Адшукаць, што паглядзець і пачытаць пра Беларусь і беларусаў

Каб вы не прапусцілі нічога важнага, «Новая Беларусь» збірае ў адным месцы апошнія відэа з папулярных беларускіх ютуб-каналаў. Побач з гэтай стужкай ёсць асобная ўкладка, дзе сабрана больш за 200 беларускіх ютуб-праектаў з лінкамі і апісаннем. Таму, калі не ведаеце, што паглядзець, тут дакладна нешта для сябе адшукаеце.

Асобна адзначым, што ў праграме ў раздзеле «Медыя» ёсць укладка «Гайды», дзе можна знайсці адказы на пытанні наконт легалізацыі. Унутры падрабязныя інструкцыі для беларусаў у Літве, Польшчы, Грузіі і Германіі не толькі пра тое, як атрымаць ДНЖ, але і як адкрыць банкаўскі рахунак ці ІП, тлумачэнні наконт пытанняў падаткаабкладання ці дэкларавання месца жыхарства, замены правоў кіроўцы, інфармацыя пра аказанне медыцынскіх паслуг, атрыманне адукацыі для дзяцей і ўтрыманне хатніх гадаванцаў. 

Атачыць сябе беларусамі

Праграма дапаможа знайсці беларускамоўныя экскурсіі ў вашым горадзе, адсвяткаваць разам са сваімі Багач ці Купалле, наведаць файныя беларускія імпрэзы (у тым ліку анлайн), а там і знайсці новыя знаёмствы. Для гэтага заходзьце ў раздзел «Сустрэчы».

Знайсці карысны анлайн

Ёсць і асобны раздзел з анлайн-сэрвісамі. Абірайце, што вам сёння цікава: гульні і забавы, вандроўкі, мастацтва і літаратура, культурныя каштоўнасці, урокі роднай мовы, адукацыйныя праграмы, забавы для дзяцей або гісторыя і традыцыі. У гэтых рубрыках — вартыя рэсурсы і відэа па тэме, а таксама інфармацыя пра цікавыя падзеі. 

Праявіць салідарнасць

«Беларус беларусу — беларус» — так часта апісваюць нашу салідарнасць. Стваральнікі праграмы сабралі ў адным месцы фонды і ініцыятывы, якія падтрымліваюць беларусаў і беларусак — а гэта больш за 25 арганізацый.

Акрамя грашовай дапамогі, «Новая Беларусь» падкажа, як напісаць палітвязню, паведаміць пра вядомыя вам факты рэпрэсій і выказаць салідарнасць з Украінай.

Кіраваць сваімі падаткамі

У 2023-м «Новая Беларусь» паспяхова скончыла падатковы праект. Беларусы Польшчы і Літвы маглі пералічыць асобным фондам частку сваіх штогадовых падаткаў і абраць праз публічныя абмеркаванні, на што гэтыя грошы будуць патрачаныя. 

У зборы ўдзельнічала каля 250 чалавек, атрымалася сабраць прыкладна 20 тысяч еўра. Выйгралі дзве ідэі: у Літве — стварэнне беларускай бібліятэкі, у Польшчы — англамоўнага партала па гісторыі Беларусі.

Абодва праекты ўжо ператвараюць у жыццё. У 2024-м стваральнікі «Новай Беларусі» плануюць паўтарыць падатковы праект на шырэйшым узроўні, бо ўжо ёсць і досвед, і інструменты.

Знайсці свайго доктара

Як атрымаць кваліфікаваную медыцынскую кансультацыю, калі вы ў незнаёмай краіне, не валодаеце мясцовай мовай ды яшчэ, магчыма, і абмежаваныя ў сродках? У праграме вы знойдзеце медычны сэрвіс Okdoc.me (платформа «еЗдароўе»), праз які зможаце атрымаць ананімную анлайн-кансультацыю з медыкамі розных спецыяльнасцяў. Для карыстальнікаў з Беларусі платформа бясплатная.

Адказы на пытанні па ментальным здароўі можна знайсці праз платформу Wemayhelp, якая аб'ядноўвае экспертаў у галінах псіхалогіі, коўчынгу і цялесна-арыентаваных практык.

Атрымаць юрыдычную дапамогу

Юрысты, адвакаты і праваабаронцы — з усімі імі можна звязацца праз сэрвіс LegalHub, які вы таксама знойдзеце ў «Новай Беларусі». Свае пытанні можна задаць ананімна, плаціць за дапамогу не трэба. Спецыялісты кансультуюць і па беларускім заканадаўстве, і часткова польскім.

Не прапусціць новыя магчымасці 

Цяпер у праграме тэстуюцца функцыі лічбавага пашпарта і віртуальнага бюлетэня (Digital ID), а на наступным этапе стваральнікі «Новай Беларусі» абяцаюць зрабіць магчымым лічбавае галасаванне (Digital Voting).

Таксама будуць развіваць петыцыі і зваротную сувязь — важныя рэчы для грамадзянскай супольнасці.

Разам з праектамі Kultmapka і «Дзяды» стваральнікі праграмы ладзяць культурны модуль — мапу беларускіх славутасцяў і пахаванняў вядомых беларусаў.

Таксама ў дадатку за апошні час дадалася функцыя супольнасці (можна стварыць на платформе арганізацыю любога тыпу), модулі для публічных абмеркаванняў і генерацыі ідэй, модуль «мне цікава», які дазваляе падбіраць беларускія анлайн-падзеі, бізнэсы і сэрвісы паводле інтарэсаў.

«Ноч паэтаў» сёлета пройдзе ў 12 краінах — расклад мерапрыемстваў

Расказваем, чаму з Google Docs варта быць асцярожнымі — калі вы іх адкрыеце, яны могуць вас выдаць

«Беларускі старлінк» сапраўды існуе. Праўда, ён не беларускі, а франка-італьянскі. І не старлінк, а танны аналаг. Вось як ён працуе

Nashaniva.com