Высветлілася, колькі будзе каштаваць ўстаноўка чыпа Neuralink ад Ілана Маска для звычайных людзей

Агенцтва Bloomberg азнаёмілася з дакументамі, якія былі прадстаўлены інвестарам праекта Neuralink, які ўзначальвае Ілан Маск. У справаздачы пазначаны кошт і колькасць запланаваных аперацый па імплантацыі чыпаў на некалькі гадоў наперад.

10.11.2023 / 23:59

Фота: NurPhoto / Contributor Getty Images

Паводле дакументацыі інавацыйнай кампаніі Neuralink, якая распрацоўвае аднайменныя мазгавыя чыпы для людзей, адна аперацыя па імплантацыі прылады будзе ацэньвацца ў 10,5 тысячы даляраў з чалавека, што ўключае ў сябе абследаванне, ўсталёўку і кошт самаго чыпа.

А страхавыя кампаніі будуць плаціць па 40 тысяч даляраў, перадае Bloomberg.

Усяго будзе праведзена 22 820 хірургічных аперацый да 2030 года, што, па падліках Neuralink, павінна прынесці да 100 мільёнаў даляраў прыбытку.

«Аперацыямі, акрамя прафесійных хірургаў, будзе займацца і асобны хірургічны робат, які будзе адказваць за пазбяганне крывацёку ў пацыентаў. Чакаецца, што ўвесь працэс зойме некалькі гадзін, уключаючы 25 хвілін на імплантацыю самаго чыпа ў мозг чалавека», — піша Bloomberg.

Прататып мазгавога чыпа Neuralink, які будзе імплантавацца людзям. Фота: Damien Maloney / Bloomberg Businessweek

Агенцтва дадае, што пасля аперацыі да галавы пацыента будуць прымацоўваць маленькі пульт-камп'ютар памерам з кубік лёду, каб чалавек мог карыстацца і кіраваць чыпам у мозгу. Акамулятара Neuralink будзе хапаць на некалькі гадзін з магчымасцю бесправадной падзарадкі пры дапамозе спецыяльнай фірменнай кепкі.

Нагадаем, што раней тэхналогія Neuralink прайшла паспяховае тэставанне на малпах.

У кампаніі спадзяюцца, што з дапамогай новых мікрачыпаў стане магчымым лячэнне такіх захворванняў, як параліч і слепата. Таксама мяркуецца, што яны дапамогуць людзям з абмежаванымі магчымасцямі больш шырока выкарыстоўваць камп'ютары і іншыя новыя тэхналогіі.

Адна з функцый чыпаў — інтэрпрэтацыя генераваных мозгам сігналаў і перадача інфармацыі на прылады праз Bluetooth.

На думку Ілана Маска, уладальніка кампаніі Neuralink, новая распрацоўка асабліва важная на фоне засцярогаў, што штучны інтэлект можа аднойчы замяніць людзей у розных галінах жыцця. Чып можа стаць сапраўдным і моцным камп'ютарам у галаве чалавека.

Чытайце таксама:

Мама Маска адмяніла яго бой з Цукербергам

Ілан Маск уступае ў гульню са штучным інтэлектам. Яго новая кампанія пачынае працу над стварэннем ШІ

«Беларускі старлінк» сапраўды існуе. Праўда, ён не беларускі, а франка-італьянскі. І не старлінк, а танны аналаг. Вось як ён працуе

Nashaniva.com