У Азаронка і Лазуткіна спыталі, ці стане Беларусь часткай Расіі. Адказ і логіка нечаканыя
«Ці можа Беларусь калісьці стаць часткай Расіі?» — задалі пытанне прапагандысту Рыгору Азаронку і камуністу Андрэю Лазуткіну падчас учорашняга стрыму на канале Салаўёва.
11.11.2023 / 16:52
Скрын стрыму
«Не, Беларусь не стане часткай Расіі», — адказаў Азаронак. А пасля патлумачыў.
Яго абурыла, што былому расійскаму паліцэйскаму, які зліў даныя Дар'і Дугінай (дачкі адыёзнага філосафа Дугіна, якую падарвалі летась у аўто), далі 4 гады калоніі.
«У нас па справе аб Мачулішчах, дзе ніхто не загінуў, нагадаю, але гэта было кваліфікавана як тэрарыстычны акт, усе 30 чалавек — і пофігу, што ты там рабіў (на машыне падвёз тэрарыста, грошы яму размяняў, яшчэ чагосьці) — усе ідуць па расстрэльным артыкуле, незалежна ад ступені ўдзелу», — выказаўся Азаронак.
(Нагадаем, у лютым падчас дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах быў пашкоджаны каштоўны расійскі самалёт дальняй разведкі А-50. Пасля гэтага ў ваколіцах прайшлі зачысткі. Некаторых пры затрыманні моцна збілі).
«А каб не прыйшлі такія, як Зяленскі, будзе Усебеларускі народны сход і пралукашэнкаўскія партыі», — дадаў прапагандыст.
«Уся беларуская палітыка — гэта будзе партыя курсу Лукашэнкі».
Андрэй Лазуткін таксама сказаў, што аб'яднанне краін немагчымае. Але прычынай назваў пытанне ўласнасці. Лазуткіна хвалявала: калі Беларусь, дзе 50% дзяржуласнасці, становіцца часткай іншай дзяржавы, то чыя ўласнасць гэта будзе? Калі б доля была аднолькавая ў нас і ў Расіі, аб'ядналіся б у момант, лічыць ён.
Чытайце таксама:
Бягун раскрытыкаваў Азаронка: Ашалелы папулізм, памножаны на стэрэатыпную прапаганду