60 гадоў з забойства Кенэдзі. Ці можа «Ніхто» змяніць курс гісторыі?
Загадкавае і дзёрзкае забойства 35-га прэзідэнт ЗША Джона Кенэдзі, здзейсненае пасярод 22 лістапада 1963 года ў Даласе, дагэтуль мучыць розумы людзей і спараджае бясконцыя інтэрпрэтацыі. Постаць Лі Харві Освальда, забойцы-адзіночкі, стала прадметам пільнай увагі даследчыкаў. «Наша Ніва» пагутарыла з Аляксандрам Лукашуком, аўтарам кнігі пра мінскі перыяд жыцця Освальда, каб даведацца пра ягоную матывацыю, мінскую оруэлшчыну і таталітарызм, беларускую гістарычную памяць і тое, чаму можа навучыць гэтая гісторыя беларусаў.
22.11.2023 / 20:07
Джон Кенэдзі са сваёй жонкай Жаклін у лімузіне за некалькі хвілін да стральбы. Фота: Wikimedia Commons
На тэму забойства Кенэдзі напісаны мільёны старонак тэксту, цёмных плямаў у гэтай гісторыі амаль не засталося. Фактычна ўсе матэрыялы па справе сёння даступны ў інтэрнэце. Таму мы нагадаем толькі асноўныя тэзісы перад тым, як пачаць гутарку.
У 12:30 па мясцовым часе на Элм-стрыт (Вуліца Вязаў, да якой адсылае назва знакамітых фільмаў жахаў) у Даласе, па якой праязджаў картэж прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі, прагучала некалькі стрэлаў. Стралок, які знаходзіўся на будынку школьнага кнігасховішча, першым стрэлам параніў прэзідэнта ў спіну. Куля прайшла наскрозь і выйшла праз шыю, таксама параніўшы ў спіну, правае запясце і левае сцягно губернатара Тэхаса Джона Коналі, які сядзеў наперадзе яго. Другі стрэл, які прагучаў праз лічаныя секунды, дабіў Кенэдзі прамым трапляннем у галаву.
Здымак праз імгненне пасля другога, смяротнага стрэлу ў Кенэдзі. Фота: Wikimedia Commons
Агент службы бяспекі Клінтан Дж. Хіл прыкрывае сваім целам пасажыраў прэзідэнцкага лімузіна ад магчымых наступным стрэлаў. Фота: Wikimedia Commons
Стралок паспеў пакінуць будынак да таго, як яго ачапілі, і вярнуцца дадому, дзе прабыў нядоўга. Калі на вуліцы яго спыніў патрульны паліцыянт, ён застрэліў яго чатырма выстраламі з рэвальвара.
Праз гадзіну і дваццаць хвілін пасля забойства Кенэдзі стралок быў затрыманы ў кінатэатры, дзе спрабаваў даць узброены адпор. Ім аказаўся 24-гадовы былы марскі пяхотнік Лі Харві Освальд, які год таму вярнуўся з Савецкага Саюза, дзе ён два з паловай года пражыў у Мінску ў доме па вуліцы Камуністычнай з краявідам на Свіслач.
З часу вяртання ў ЗША ён паспеў здзейсніць няўдалы замах на генерала Эдвіна Уокера, зацятага антыкамуніста і прыхільніка сегрэгацыі, але тады стралка не адшукалі.
Лі Харві Освальд пасля затрымання. Фота: Wikimedia Commons
Джэк Рубі забівае Лі Харві Освальда. Фота: Wikimedia Commons
Сваю ахвяру забойца перажыў ненашмат. Праз два дні, падчас пераводу з паліцэйскай управы ў акруговую турму, Освальд пад канвоем паліцыянтаў быў застрэлены ўладальнікам начнога клуба Джэкам Рубі.
Забойства прэзідэнта Кенэдзі на працягу дзесяці месяцаў расследавала спецыяльна скліканая камісія на чале са старшынёй Вярхоўнага суда ЗША Эрлам Уорэнам, якая прыйшла да высновы, што забойства сапраўды здзейсніў адзіночка Лі Харві Освальд.
У час працы гэтай камісіі ўпершыню прагучала інфармацыя пра тое, што Освальд жыў у Мінску. Праўда, савецкае кіраўніцтва, якое само было пераляканае тым, што адбылося, і магчымымі наступствамі ў разгар Халоднай вайны, здолела адвесці ад сябе ўсялякія падазрэнні.
Але большасць амерыканцаў, якія былі глыбока шакаваны і траўмаваны гэтай падзей, дагэтуль не вераць у афіцыйную версію. Вакол забойства Кенэдзі існуюць шматлікія тэорыі змоваў, якія кажуць пра некалькіх забойцаў, пра ўдзел ЦРУ, кубінцаў або мафіі ў забойстве прэзідэнта. І хоць ніводная з іх не мае пацвярджэння, яны застаюцца прыцягальнымі для мільёнаў людзей па ўсім свеце.
Эрл Уорэн уручае прэзідэнту Ліндану Джонсану выніковы даклад камісіі. Фота: Wikimedia Commons
Маладаследаваным застаецца хіба што мінскі перыяд жыцця Освальда, таму што беларускі КДБ дагэтуль не рассакрэчвае ягоную справу. Толькі ў пачатку 1990-х, у перыяд кароткачасовай дэмакратызацыі, даследчыкі змаглі атрымаць некаторыя звесткі з гэтай справы. Адным з такіх быў амерыканскі пісьменнік Норман Мэйлер, які праўдамі-няпраўдамі вывудзіў копіі матэрыялаў са справы, якія раскрываюць дэталі пільнага сачэння савецкіх органаў за амерыканскім перабежчыкам. Разам з дзённікам Освальда гэтыя матэрыялы даюць не толькі каштоўную інфармацыю пра асобу забойцы, але і раскрываюць для нас рэаліі жыцця ў савецкім Мінску 1960-х гадоў.
Кніга «След матылька. Освальд у Менску» Аляксандра Лукашука. Фота: Радыё Свабода
Гэтаму перыяду жыцця Освальда прысвечана і кніга беларускага журналіста Аляксандра Лукашука «След матылька. Освальд у Менску», выдадзеная ў 2011 годзе. У ёй аўтар праводзіць асацыяцыю паміж будучым забойцам і матылём з найвядомейшага апавядання Рэя Брэдберы «І грымнуў гром», гібель якога ў мінулым прыводзіць да каласальных перамен у будучыні, і аўтар задаецца пытаннем: ці сапраўды адзін такі «матылёк» можа нешта змяніць?
«Наша Ніва»: Спадар Аляксандр, што прыцягнула вас у гэтай гісторыі, чаму вы вырашылі яе даследаваць?
Аляксандр Лукашук: Пра Освальда ў тыя часы, калі я займаўся журналістыкай, зусім у Мінску не гаварылі ў 1980-я гады. Тыя, хто яго ведаў, трымалі рот на замку. А тыя, хто ведаў яго яшчэ больш — тыя ўвогуле ніколі нічога не гаварылі.
Але падчас перабудовы, у самым канцы, 1989 годзе я ўпершыню за шмат гадоў выехаў за мяжу да сваякоў у Амерыку. І вось мой амерыканскі сваяк падарыў мне часопіс Life 1964 года. У гэтым часопісе быў апублікаваны гэтак званы «Гістарычны дзённік» Освальда. Упершыню ягоны запісы былі апублікаваны. Ён іх здолеў бесперашкодна вывезці з Мінска, спачатку ў Маскву, а пасля праз мяжу Беларусі і Польшчы і далей.
Для мяне гэта было вельмі цікава пачытаць дзённік амерыканца, які жыў у Мінску на самым пачатку 1960-х. Я яго пераклаў, і тады здолелі апублікаваць яго ў часопісе «Крыніца» — гэта была такая манументальная публікацыя, першая ў Савецкім Саюзе. Такім чынам гэты дзённік Освальда вярнуўся назад.
І стала, канечне, відавочна, што аднаго дзённіка мала для гэтай гісторыі. Там нашмат больш усяго. Так што можна сказаць, што такім быў пачатак.
Магшот Лі Харві Освальда пасля затрымання. Фота: Wikimedia Commons
«НН»: Ці было нешта ўнікальнае ў тым, што Освальд пераехаў у СССР або ў той час гэта была нярэдкая практыка? На яго ўздзейнічала нейкая прапаганда ці ён зрабіў гэта проста насуперак усім?
АЛ: Чытачы нашы, мусіць, ведаюць амерыканскага пісьменніка Джэрома Сэлінджэра, самы знакаміты ягоны раман «Лавец у жыце», галоўны герой якога, Колфілд, гэта фактычна псіхалагічны партрэт Освальда. Гэта падлетак, які ўяўляе самога сябе больш самаўпэўненым, больш адукаваным, больш дасведчаным, які валодае нейкімі тайнымі ведамі.
У яго, Освальда, выпадку, ён проста прачытаў нейкую марксісцкую брашуру.
І ён настолькі ўпэўнена глядзіць на свет, што ён ведае, як бы яго можна было змяніць, перайначыць. Гэта такі псіхалагічны партрэт.
А ў практычным сэнсе Освальд часта змяняў школы, калі быў яшчэ хлопчыкам. Сямейная сітуацыя была няпростай: маці была другі раз замужам, яны часта пераязджалі, у яго былі праблемы ўвесь час у школе.
І вось падчас розных сустрэч Освальд сапраўды патрапіў на сход сацыялістычнай моладзевай лігі. Яны там распаўсюджвалі марксісцкую літаратуру, ён яе прачытаў.
Ён амаль нічога не ведаў, але быў занадта самаўпэўненым, і вырашыў, што ён ведае, што сапраўднае шчасце толькі ў Савецкім Саюзе. У гэтым сэнсе ён, канечне, ахвяра савецкай і марксісцкай прапаганды.
«НН»: А ці ёсць адказ, чаму для Освальда быў выбраны менавіта Мінск? Зыходзілі з таго, што ў Беларусі любая нязгода задушана, што нейкі амерыканец ужо не паўплывае?
АЛ: Пераезд з ідэалагічных меркаванняў не рэдкасць. У тыя часы было некалькі выпадкаў, калі амерыканцы, як мы б сёння сказалі, прасілі палітычнага прытулку. Прасілі дазволу застацца, жыць, атрымаць грамадзянства. І з імі заўсёды разбіраліся ў Маскве. Бо, па-першае, амбасады замежныя былі толькі ў Маскве, і людзі там адмаўляліся ад грамадзянства, а маскоўскія ўлады ўжо вырашалі куды іх паслаць.
Лі Харві Освальд у марской пяхоце ЗША. Фота: Wikimedia Commons
Адначасна з Освальдам у СССР пераехала адно такое сямейства, таксама перакананых маладых марксістаў. Папрасілі прытулку ў Маскве і хацелі, каб іх пасялілі ў Ленінградзе, але ім адмовілі ў Ленінградзе і наікравалі ў Адэсу. Другі амерыканец закахаўся ў афіцыянтку ў рэстаране ў Маскве і напісаў жонцы і дзецям, што ён вырашыў застацца ў Савецкім Саюзе. Таксама папрасіў яго паслаць далей, але яго пакінулі працаваць у Маскве.
З Освальдам сітуацыя была даволі трывожная. Калі ён пайшоў у амерыканскую амбасаду і заявіў, што ён хоча застацца. Ён ехаў з гэтым намерам застацца, гэта было не спантаннае рашэнне, ён планаваў яго.
Яго ў амбасадзе спрабавалі адгаварыць, бо ведалі пра ўсе гэтыя выпадкі, як яны сканчаліся. Яны сканчаліся даволі аднолькава — яны проста пасля прасіліся «вярніце нас у Амерыку хутчэй».
Ну і псіхічна хворыя былі людзі.
Освальд зладзіў там фактычна дэбош. Думаў, што калі падслухоўваюць, то няхай Саветы ведюць, што ён сапраўды за савецкую ўладу. Але, калі ён звярнуўся ў Інтурыст з тым, што ён хоча застацца, яму адмовілі. І савецкая ўлада яму сказала: не, ваша віза сканчаецца, вы мусіце пакінуць краіну да 12-й гадзіны ночы. І тады Освальд зрабіў учынак, які, канечне, яшчэ больш усхваляваў савецкае кіраўніцтва. Ён паспрабаваў здзейсніць самагубства. У былым гатэлі «Берлін» ён напусціў вады ў ванну і парэзаў сабе вены. Але прыйшла яго перакладчыца, знайшла яго там, яго ўратавалі і адвезлі ў клініку для псіхічна хворых, таму што самагубства заўсёды трактавалася ў Савецкім Саюзе як вынік псіхічнай хваробы.
Яго не выслалі. Ён чакаў доўга, нарэшце праз паўтара месяца было прынята рашэнне яго пакінуць. Яго выклікалі ў Аддзел віз і рэгістрацый (АВІР) і сказалі, што яму дазволена застацца, а месцам прызначаны горад Мінск. І Освальд задаў пытанне: «Гэта ў Сібіры?» І чыноўнік АВІРа засмяяўся — гэта першы смех, які прагучаў у савецкай гісторыі Освальда. Гэты дыялог ён запісаў у сваім дзённіку.
У Мінску Освальд атрымаў кватэру ў доме, які сёння знаходзіцца па адрасе Камуністычная вуліца, 4. Фота: Poshyk.info
Рашэнне выбраць Мінск было даволі лагічным. Па-першае, узровень жыцця ў сталіцах рэспублік усё ж быў вышэйшы за любы горад у Савецкім Саюзе апроч Масквы.
Па-другое, у Мінску больш менш быў не толькі ўзровень жыцця, але ўзровень працы з замежнікамі быў лепшы, чым у якім-небудзь Варонежы.
Мінск быў яшчэ раней выбраны як адно з месцаў, куды рабілі «рэлакацыю» іспанцаў, тых хто з іспанскай грамадзянскай вайны заставаўся ў Савецкім Саюзе. У Мінску было цэлае аддзяленне вялікае ў Чырвоным Крыжы, якое займалася гэтымі замежнікамі. У горадзе тады было ўжо і даволі шмат студэнтаў замежных, у тым ліку з афрыканскіх краін, з Блізкага Усходу. У аддзеле замежнікам выдавалі дадатковыя грошы, забяспечвалі сувяззю, калі гэта было магчыма, з іхнімі краінамі, сачылі за парадкам.
Мінск быў па працы з замежнікамі на высокім узроўні нават цывільным, не толькі ў плане кадэбісцкай інфраструктуры. А што тычыцца апошняй, то паколькі БССР была памежнай рэспублікай, а ў той час памежныя войскі ўваходзілі ў склад КДБ, Мінск лічыўся заходнім фарпостам. Надзейным, не такім, як краіны Балтыі.
І больш-менш кампактным у параўнанні з Украінай. За ім было лёгка сачыць. У горада на той час была добрая рэпутацыя індустрыяльнага цэнтра, можна было паказаць, што Савецкі Саюз — развітая індустрыяльная дзяржава.
Было шмат насамрэч аргументаў, чаму быў выбраны Мінск, на мой погляд, даволі слушныя. Бо перад органамі стаяла некалькі задач.
Па-першае, высветліць ці сапраўды Освальд шчыры перабежчык з ідэалагічных меркаванняў, ці, магчыма, гэта агент, якога засылаюць дзеля таго, каб высветліць, як Савецкі Саюз, КДБ працуюць з перабежчыкамі.
Па-другое, ці не хавае ён свой сапраўдны ўзровень валодання рускай мовай, бо Освальд заяўляў, што ведаў рускую мову. Вядома, ён не гаварыў, ведаў некалькі слоў кшталту «таварыш».
Па-трэцяе, высветліць таксама, ці не можа ён быць душэўна хворым.
У Маскве палічылі, што кадры, якія яны маюць у Мінску, здольныя гэтыя задачы выканаць.
Лі Харві Освальд з хлопцамі з мінскага завода «Гарызонт», на якім ён працаваў. Фота: Wikimedia Commons
«НН»: Уразіла дэталь, што перад пераездам у СССР Освальд чытаў Оруэла. А ў канцы вашай кнігі апісанне сачэння за кватэрай Освальдаў было быццам спісанае са старонак рамана «1984», дзе гэтак жа сачылі за жыццём, у тым ліку інтымным, галоўных герояў Уінстана і Джуліі. Якое ўражанне на вас аказала раскрыццё метадаў працы КДБ?
АЛ: Для мяне як любога чалавека, які ведае замежныя мовы, чытаў Салжаніцына, гэта было прадказальна. Вядома, мы і фільмы шпіёнскія бачылі, разумелі, як могуць сачыць.
Але ведаеце, чаму тое, пра што пісаў Оруэл, супадае з практыкай таго, што рабілі ў Мінску? Таму што Оруэл даволі добра разбіраўся ў практыцы спецслужбаў, не толькі савецкіх, але ў прынцыпе.
З савецкімі ён, дарэчы, сутыкнуўся ў Іспаніі падчас грамадзянскай вайны. Усе спецыяльныя і сакрэтныя службы ў свеце, а таксама паліцыя вядуць сачэнне за сваімі аб’ектамі, якія ўяўляюць, на іхнюю думку, нейкі інтарэс — альбо пагрозу, альбо наадварот магчымасць атрымаць нейкія выгоды, эканамічныя ці палітычныя.
І ў прынцыпе метады працы гэтых службаў даволі кансерватыўныя. Я думаю, што калі паглядзець практыку працы за часамі фараонаў ці Біблію пачытаць, то мы пабачым, што ў прынцыпе задача адна — пільнаваць, быць ценем гэтага чалавека, у выпадку з Освальдам — з дапамагай найноўшых тагачасных тэхнічных сродкаў.
У цяперашняй Беларусі тое ж робіцца з дапамогай дыгітальных сродкаў, наперадзе, відаць, штучны інтэлект, які зробіць гэтую працу больш эфектыўнай для спецслужбаў.
Тое, што ў Мінску падышлі да пастаўленай задачы сачэння за Освальдам вельмі старанна, гэта факт. Факт таксама, што стараннасць не азначае, што сачэнне вялося татальна, не, канечне. Было шмат правалаў.
І ў тым, што яны пісалі ў сваіх данясеннях, рапартах, яны блыталі даволі шмат усяго — і даты, і часам спазняліся, не заўважалі шмат якія рэчы. Я б сказаў, што яны працавалі з Освальдам на 3 з плюсам, відаць, лепш не ўмелі.
«НН»: Наколькі шокам для савецкіх органаў было тое, што Освальд, на якога яны ніякіх надзей не ўскладалі ў плане вярбоўкі, здолеў сам забіць прэзідэнта ЗША? Ці паляцелі галовы?
АЛ: Не. Ведаеце, КДБ Беларусі змог прадставіць у Маскву ўсе дакументы справы Освальда, з якіх дакладна вынікала, што, па-першае, не было спробаў вярбоўкі, па-другое, што было пасіўнае і часам актыўнае сачэнне.
Марына і Лі Харві Освальды на балконе сваёй кватэры ў Мінску. На заднім плане штаб Беларускай вайсковай акругі, а побач з домам тэле– і радыёцэнтр. Такое размяшчэнне замежніка побач з важнымі рэжымнымі аб'ектамі многія лічаць недаглядам спецслужбаў. Фота: Wikimedia Commons
Так што абвінаваць Савецкі Саюз у нейкай працы, падрыхтоўцы Освальда ніхто не змог бы. Каналы нефармальнай сувязі паміж сілавымі структурамі, на палітычным узроўні заўсёды існавалі. І ў гэтым сэнсе Савецкі Саюз адчуў сябе з палёгкай.
Падкрэслена была афіцыйная пазіцыя, выказаны спачуванні Джэкі Кенэдзі і ўсяму амерыканскаму народу. І ў прынцыпе, нікога за гэта не пакаралі, як ні дзіўна, не толькі ў СССР, але і ў ЗША, хоць вось там было каго пакараць за тое, што Освальд дачакаў 23 лістапада на волі ды з карабінам і здолеў здзейсніць свае забойствы.
«НН»: Ці мог ён разумець, што ён пад шчыльным каўпаком, ці заставаўся досыць наіўным?
АЛ: Я думаю, што Освальд паводзіў сябе, як часта паводзяць сябе многія нават у цяперашняй беларускай эміграцыі. Яны ведаюць, што ёсць небяспека, за імі сочаць, але ў штодзённых дзеяннях чалавек так жыць не можа, ён расслабляецца, ён усё роўна працягвае жыць, быццам нічога гэтага не існуе.
На словах Освальд пра гэта гаварыў, нават з жонкай Марынай падазраваў, што іх праслухоўваюць праз электралічыльнікі. І нават спецыяльна з таварышам маёрам гаварылі праз гэты электралічыльнікі. Освальд быў вельмі скрытны, не толькі ад таго, што па характары такі быў, але і таму што разумеў, што трэба быць такім.
Лі Харві Освальд (спінай) на пікніку за горадам, куды яны выязджалі з Зігерамі.
Напрыклад, свайму даўняму знаёмаму ў Мінску, англамоўнаму Эрнсту Цітаўцу ён не расказваў, што ён ужо год ездзіць у Маскву, спрабуе вярнуцца ў ЗША, дамагаецца візы, што ўжо нават купіў квіткі. Сказаў яму, што ад’язджае на наступным тыдні, хоць лічыў яго адным з самых блізкіх сяброў. Ён хаваў гэтую інфармацыю і лішняга не гаварыў. Вядома, што для КДБ гэта ўсё не было сакрэтам.
Мы тут бачым такі спосаб паводзінаў, калі ты ведаеш, што сочаць. І сёння могуць залезці ў твой тэлефон ці камп’ютар, але людзі ўсё роўна і давяраюць, і адкрываюць файлы, і дасылаюць інфармацыю. Ну а пасля мы назіраем сітуацыю, як на мінулым тыдні, калі ідзе «семінар па бяспецы» і раптам да яго далучаецца чалавек з КДБ (маецца на ўвазе інцыдэнт з Беларускім моладзевым хабам. — НН). Гэта звычайная сітуацыя.
«НН»: А па дзённіках Освальда можна зразумець, у які момант ён змяніў сваё стаўленне да СССР?
АЛ: Гэта вельмі добрае пытанне. Я думаў пра гэта. Дзень не назаву, бо дзённікі хоць насамрэч карэктныя, але яны не пастаянныя, там бываюць прабелы па некалькі месяцаў.
Я бы сказаў, што ёсць адна дата, пра якую можна так сказаць — гэта дзень, калі ён звярнуўся ў амерыканскую амбасаду з просьбай вярнуць яму пашпарт і заявіў, што хоча вярнуцца. Гэта адбылося цягам першага года.
Ён паляцеў у Маскву, напісаў гэты ліст і стаў шукаць спосабу вярнуцца ў Амерыку. Ён тады яшчэ не ажаніўся з Марынай Прусаковай, але ўжо пачаў гэтыя захады. Яны пайшлі ў ЗАГС і ён ёй нічога пра свой зварот не гаварыў — яшчэ адна прыкмета ягонай скрытнасці. Ён ужо прыняў рашэнне кардынальна змяніць сваё жыццё, а яна яшчэ разлічвала, што будзе жыць з ім у Мінску.
«НН»: Было непрыемна даведацца, што для амерыканца не існавала ніякай ні Беларусі, ні беларусаў — усё навокал «расейскае». Ці слушна гэта адлюстроўвае сітуацыю ў Мінску 1960-х?
АЛ: Я спецыяльна надаваў увагу гэтаму пытанню.
Ведаеце, мы сёння гаворым праз ужо больш чым 30 гадоў беларускай незалежнасці, і то ў мяне падазрэнне, што калі б Освальд прыехаў зараз у Мінск, то можна было б задаць амаль што тое ж пытанне.
Лісты Освальда да Марыны, запісаныя па-руску. Лі Харві меў дыслексію.
Канечне, у пачатку 1960-х разуменне, што Мінск быў беларускі, мела толькі беларуская культурная эліта. Людзі, можна не сумнявацца, гаварылі па-беларуску, таму што яны ўсе, у тым ліку рабочыя на «Гарызонце», дзе працаваў Освальд, былі выхадцамі з вёскі. Гэта было першае пакаленне якое пасля вайны скончыла школу і рванула з калгасаў.
У нас назіралася вялікае перасяленне з беларускай вёскі ў гарады. Яны не ўмелі гаварыць па-руску, яны гаварылі на трасянцы, бо стараліся гаварыць «па-гарадскому», высмейвалі тых, хто дрэнна гаварыў — усё гэта было. Але, канечне, яны не ўсведамлялі сябе беларусамі.
Нават эліта, адукаваныя людзі, з якімі працаваў Освальд, як, напрыклад Станіслаў Шушкевіч (Шушкевіч вучыў Освальда рускай мове. — НН), ні разу ніякім намёкам не далі яму зразумець, што гэта нешта іншае.
Яго жонка, Марына Прусакова, прыехала з Ленінграда. Таму не было проста падстаў дзе-небудзь гэтую нацыянальную тэму сустрэць ці пабачыць.
Лі Харві Освальд са сваімі мінскімі сябрамі Паўлам Галавачовым, Розай і Элай Герман. Фота: Wikimedia Commons
Я думаю, што і многія сённяшнія беларусы, калі б яны паехалі ў Іспанію, то былі б вельмі здзіўленыя, што каталонцы гэта зусім іншая нацыя, ці што Шатландыя гэта не Англія, што гістарычна гэта зусім розныя народы, гісторыя, культура. Чаго ж чакаць ад Освальда?
Мы многае можам ведаць і разумець пра свет. Але калі мы спецыяльна не задаём сабе нейкага пытання, то мы не будзем бачыць нават, што адбываецца глабальнае пацяпленне.
Каб «пабачыць» Беларусь, трэба было мець на гэта і слых, і вока, і падказкі. Ані слыху, ані вока, ані падказак вакол Освальда не было.
«НН»: У вашай кнізе ёсць тэзіс пра тое, што Беларусь была вельмі каштоўная для заходніх даследнікаў у тым плане, што тут засталіся нескажонымі, закансерваванымі ўспаміны людзей. Сёння беларусы перажываюць лёсавызначальныя падзеі, ці можна неяк зберагчы ад скажэнняў свае ўспаміны або гэта магчымае толькі ў закрытых таталітарных сістэмах, дзе ёсць загад маўчаць?
АЛ: Гэта вельмі важнае пытанне. Сапраўды, ацэнка беларускай гістарычнай памяці як надзвычай чыстай, моцнай, надзейнай належыць Норману Мэйлеру. Калі я гаварыў з ім, то ён проста нахваліцца не мог, якая выдатная ў Беларусі памяць у параўнанні з амерыканскай.
У амерыканскім грамадстве было столькі напісана пра Освальда, паказана і расказана, што людзі не памяталі, ці яны сапраўды гэта ведаюць, ці проста недзе прачыталі або пабачылі. А ў Беларусі маўчалі, і калі даследчык звярнуўся да іх у 90-х — гэта быў першы раз, калі яны адкрывалі гэты рэзервуар памяці.
Што адбываецца з беларускай памяццю сёння? Адбываюцца два працэсы. Па-першае, усё ж вельмі шмат таго, што адбывалася пачынаючы з 2020 года, беларускія незалежныя СМІ — і «Наша Ніва», і «Радыё Свабода», «Белсат», «Зеркало», «Еўрарадыё», «Рацыя», шматлікія сайты — паспелі зафіксаваць адразу.
Такая колькасць фіксацыі, як адбывалася за гэтыя тры гады, раней была проста немагчымая. Пры чым зроблена гэта было незалежнымі СМІ, якія імкнуліся падаваць факты так, як яны ў той момант успрымаліся. У нас ужо закладзеная велізарная база гэтай памяці моманту гістарычнага пералому.
Лі Харві Освальд з Марынай прагульваюцца па набярэжнай Свіслачы каля свайго дома. Фота: Wikimedia Commons
Па-другое, многія людзі, зразумеўшы гістарычную значнасць гэтых падзей, таксама дзякуючы СМІ, пачалі рабіць свае запісы. Выйшла даволі шмат тэкстаў, напісаных аўтарамі са спробай асэнсаваць тое, што адбывалася вакол ці з імі самімі.
Вось нядаўна ўручалася прэмія за турэмную літаратуру імя Аляхновіча. Людзі, якія сталі лаўрэатамі за апошнія некалькі гадоў, яны ж зафіксавалі многія дэталі.
Трэці момант, які ўсяляе аптымізм, хоць не самы лепшы, гэта тое, што адбылася велізарная траўма для соцень тысяч людзей. Людзі выехалі і не могуць вярнуцца ў мясціны, якія ім вельмі дарагія. Гэта стварае нечаканы эфект каталізацыі памяці. Людзі вельмі моцна (гэта нейрафізіялагічны эфект) пачынаюць захоўваць тое, што было.
З аднаго боку, яны стараюцца, калі гэта вельмі непрыемны досвед, адкласці яго, не вяртацца да яго. Але адначасна ён вельмі моцна зафіксаваны ў такой народнай памяці, з якой зараз наступае час працы. Бо мы ўступаем у перыяд некалькіх гадоў, калі мы чакаем вялікіх зменаў, не выбараў, вядома, у Беларусі і Расіі, а зменаў, звязаных з жыццёвым цыклам дыктатараў.
І вось у гэты перыяд важна мець праграму ў незалежным грамадстве, якая пачынае задаваць пытанні і спецыяльна людзей распытваць.
Такія праграмы і практыкі існуюць у свеце. У Амерыцы memorial history, вуснай гісторыяй, іншым словам размовамі з людзьмі і запісам успамінаў пра пэўныя падзеі з іхняга жыцця, як яны іх адчувалі і перажывалі, займаюцца ўніверсітэты, дзяржаўныя ўстановы, дэпартамент вуснай гісторыі ёсць у Кангрэсе, ёсць у Пентагоне.
У бібліятэцы Кангрэса ЗША есць велізарная калекцыя, якую пачалі на дзяржаўным узроўні ствараць яшчэ ў гады Вялікай дэпрэсіі. У 1935 годзе ўрад Рузвельта, каб дапамагчы журналістам, бібліятэкарам, рэдактарам якія засталіся без працы, прыдумаў праграму, у рамках якой набіралі на працу, каб апытваць людзей, якія былі, напрыклад, сведкамі рабства, удзельнічалі ў Першай сусветнай вайне, перажылі сухі закон, будавалі амерыканскі паветраны флот.
Лі Харві Освальд з жонкай Марынай і яе цёткай Любоўю Аксёнавай. Фота: Wikimedia Commons
Гэтая праграма працягвалася аж да самай Другой сусветнай вайны і ў выніку амерыканцы атрымалі надзвычай каштоўны архіў вуснай гістарычнай памяці, з якім цяпер працуюць і кінематаграфісты, даследчыкі, студэнты, пісьменнікі.
Беларуская нацыянальная памяць зараз патрабуе такой жа да сябе ўвагі. Хацеў бы сказаць нашым калегам, журналістам і пісьменнікам, што гэтую рэч важна рабіць.
У наступным годзе я спадзяваюся якраз такую праграму распачаць, і з дапамогай у тым ліку «Нашай Нівы» мы зможам прыцягнуць да яе ўдзелу значную колькасць людзей.
«НН»: Не пакідае ўражанне, што гісторыя Освальда — гэта матрошка: кожнае новае пакаленне даследуе не толькі забойства і асобу забойцы, але і пашырае даследаванне на абставіны, людзей, падзеі і на тое, як даследавалі гэтую тэму папярэднікі. Мінула ўжо 60 гадоў з моманту забойства, здаецца ўжо ўсё вядома, ці спыніцца цяпер, на вашу думку, гэты працэс вывучэння освальдазнаўства ці ў яго яшчэ ёсць патэнцыял?
АЛ: Калі гаварыць на ўзроўні дакументаў, невядомых раней, гэты працэс працягваецца. У Амерыцы нават сёлета была рассакрэчана вялікая колькасць дакументаў.
Але што тычыцца Беларусі, то тут, як кажуць, конь не валяўся. Уся справа Освальда дагэтуль недаступная даследчыкам.
Норман Мэйлер на пачатку незалежнасці атрымаў за вялікія грошы доступ да гэтай справы, дый то не напрасткі, а яму рабілі копіі. Яшчэ адным такім чалавекам быў Сяргей Навумчык, яму справу паказалі як дэпутату Вярхоўнага Савета, ён трымаў яе ў руках. Але напрасткі даследчыкі ў цывільным (у сапраўдным цывільным) з ёю не працавалі. Так што ў гэтым плане ёсць яшчэ на што спадзявацца.
Лі Харві Освальд з жонкай Марынай і дачкой Джун у Мінску. 1962. Фота: Wikimedia Commons
А з пункту гледжання больш шырокага пытання, ведаеце, гэтая гісторыя ўжо як Біблія. Яна бясконцая, яна занадта яркая, каб спынілася. Здаецца было ўжо ўсё, быў нават мюзікл пра Освальда.
Але сама па сабе гісторыя ўсё роўна працягвае прыцягваць людзей, таму што ў ёй ёсць нават не загадка, а стымул. Ці можа Ніхто змяніць курс гісторыі? І ці можа Давід перамагчы Галіяфа? Ці можа сапраўды гэта адбыцца, ці можа чалавек быць настолькі моцным, што нішто яго ў свеце не можа спыніць?
Вось гэтае захапленне самой сітуацыяй забойства будзе ў душах маладых, асабліва не развітых, амбітных, будзе заўсёды прыцягваць, бударажыць іх фантазію.
У гэтым сэнсе справа Освальда адна з тых архетыпічных гісторый XX стагоддзя, каторым наканавана амаль што бессмяротнасць.
«НН»: Як вы ставіцеся да таго, што асоба забойцы ператварылася для Мінска ў пэўны «турыстычны брэнд», які прэзентуюць замежнікам. Ці гэта проста такі спосаб праз знаёмае пазнаёміць замежнікаў з незнаёмым, то-бок Беларуссю? Адна справа распавядаць турыстам пра тое, як жылі нейкія абстрактыя людзі ў Мінску 60-х, а іншая — як жыў Освальд у тых жа ўмовах.
АЛ: Патэнцыял такога падыходу, вядома, ёсць. Жыццё савецкага вялікага горада, сталіцы краіны вачыма амерыканскага перабежчыка, чаму не?
Мне, праўда, не вядома, каб гэтая гісторыя стала брэндам і з ёй працавалі. Я сам, канечне, сваіх амерыканскіх гасцей абавязкова вадзіў і паказваў. У мяне былі добрыя адносіны з гаспадаром кватэры, дзе жыў Освальд, і заводзіў іх абавязкова ў тую кватэру. Ну і, канечне, я ведаў шмат людзей, якія ведалі Освальда. Але не скажу, што мне вядома, каб гэта выкарыстоўвалася.
Калі гаварыць агульна пра прафесійны падыход да гэтага, то гэта нармальна. Напрыклад, у Празе могуць паказаць месца, дзе быў зроблены замах на гаўляйтара Багеміі падчас вайны, ці дзе былі пакараныя смерцю нейкія гістарычныя дзеячы, у Францыі вам пакажуць месца, дзе стаяла гільяціна.
Такія старонкі гісторыі прыцягваюць увагу і, вы правільна кажаце, даюць магчымасць расказаць праз іх пра тое, як жылі людзі, як адбывалася гісторыя, якія наступствы падзеі маюць, ці наадварот — не маюць, пра тое, як мы з вамі жывём.
Лі Харві і Марына Освальды са сваімі дзіцем і сямействам Зігераў, якое вярнулася ў СССР з Аргенціны. 1962. Фота: Wikimedia Commons
«НН»: Пра наступствы. Освальд ва ўспамінах пакінуў прароцтва, што сталінізм вернецца ў Беларусь і Грузію. З Грузіяй, здаецца, не апраўдалася, але з Беларуссю… маем, што маем. Ці праўда ў падмурак краіны было закладзена нешта такое, што нават 60 гадоў таму дазваляла замежніку бачыць, да чаго гэта прывядзе, або гэта проста выпадковае траплянне ў цэль?
АЛ: Калі Освальд прыехаў у Мінск, тут жа яшчэ помнік Сталіну стаяў. Ён таксама перажыў XXII з’езд КПСС, калі Сталіна выносілі з маўзалея, а ён жа яшчэ быў у маўзалеі, калі Сталін там ляжаў.
Гэтая выснова ў яго з’явілася не проста так, не таму, што, як кажуць, ляпнуў што хацеў.
Як чытач Оруэла, ён вельмі не палюбіў тое, з чым сутыкнуўся на заводзе — палітінфармацыяй і сходамі. Для яго гэта сталі сінонімам такога таталітарызму.
Ён раптам пабачыў, як выглядае насамрэч тое, пра што ён чытаў яшчэ з кніг. І хоць так адбывалася ва ўсіх савецкіх рэспубліках, ён быў усё ж у Мінску…
У яго былі падставы пра гэта казаць пасля года азнаямлення з савецкай рэчаіснасцю і пасля размоваў з сям’ёй Зігераў, эмігрантаў з Аргенціны, якія вярнуліся ў Савецкі Саюз і жылі ў Мінску, і якія вельмі хутка зразумелі, куды яны, паверыўшы, вярнуліся. І асабістыя яго сябры таксама скептычна былі настроены да савецкай рэчаіснасці.
У яго былі свае назіранні, і вакол яго былі людзі, якія выказвалі свае меркаванні. Тое, што ён напісаў, гэта была ўсвядомленая ацэнка.
Освальды пакідаюць Савецкі Саюз. Фота: Wikimedia Commons
«НН»: Вы казалі, што перакананыя ў тым, што зайбойцам усё ж быў Освальд, але ці ёсць нейкая тэорыя змовы вакол гэтага забойства, якая здаецца вам цікавай, або яны ўсе выключна маргінальныя?
АЛ: Тэорый змоваў вакол Освальда сапраўды шмат, некаторыя з іх цікавыя, таму што яны насамрэч даволі дакладна характарызуюць як мысленне, так і некаторыя палітычныя рэаліі таго часу, яны як бы высвечваюць дэталі.
З іх можна нешта ўведаць пра тое, як быў уладкаваны свет і што людзі думалі ў той час.
Я вярнуўся нядаўна з Амерыкі, дзе паўгода жыў у Вашынгтоне. І вось спадар, у якога я здымаў кватэру, аматар вашынгтонскай старыны, які шмат дзе мяне вадзіў, шмат што паказваў, расказваў, ён усё сваё жыццё цікавіцца Освальдам. Калі ён уведаў, што я кніжку напісаў пра Освальда, для яго гэта была вялікая радасць. І ён таксама аматар вось гэтых розных тэорый, як гэта ўсё адбывалася «насамрэч» — у яго то мафія, то кубінцы, то яшчэ нешта. Паслухаўшы яго, я зразумеў гэтых людзей.
Ведаеце, любая канспіралагічная тэорыя робіць жыццё трошкі больш каляровым, больш цікавым і ставіць цябе ў цэнтры яе: я больш разумны, чым нехта іншы, таму што я ведаю і разумею праўду, а не тое, што афіцыйна напісала камісія Уорэна.
Гэта, у прынцыпе, другі бок жыцця людзей у свабодным грамадстве і поўнай свабодзе слова. У апошнія гады мы сутыкнуліся з тым, што сёння называюць фэйкамі, прапагандай, гэта ж у пэўным сэнсе сталася магчымым таму, што стала магчыма гаварыць і сцвярджаць усё, што хочаш. І людзі такім чынам рэалізуюць свой патэнцыял, сваё «Я».
Лёгка стаць ахвярай прапаганды, калі яна выконвае адзін трук і кажа: «Ведаеце, лічыцца, што вось так, Амерыка кажа нам так, у афіцыйных дакументах і нашых гістарычных падручніках напісана так, але…» І вось гэтага аказваецца дастаткова, каб даволі вялікая колькасць людзей на такое купіліся.
Насамрэч, як пісаў адзін расейскі паэт: «Обмануть меня не трудно!… Я сам обманываться рад!» Людзі вельмі часта хочуць быць падманутымі.
Так званыя «Фатаграфія на заднім двары» Лі Харві Освальда з вінтоўкай «Каркана» і марксісцкімі газетамі. Жонка Марына прызнавалася, што гэта яна зрабіла іх па ягонай просьбе. Фота: Wikimedia Commons
«НН»: Ці ёсць у вас адказ, чаму родныя Освальда раптам замаўчалі, зніклі і сёння нават іхнія фотаздымкі знайсці амаль немагчыма?
АЛ: Марына Освальд пасля ягонай смерці выйшла паўторна замуж, нарадзіла яшчэ адно дзіцё, але потым разышлася з новым мужам. Напачатку, канечне, яна была аб’ектам шалёнай увагі газет, пісьменнікаў, журналістаў, тэлебачання, кіно. Апошнімі, з кім я ведаю, што яна гаварыла, гэта ўсё ж такі былі Мэйлер і Шылер, і гэта было недзе ў 1994 годзе.
У Марыны напачатку не было сумненняў, што гэта зрабіў Освальд, яна адразу сказала, што так, гэта быў ён, Але прайшоў час і яна памяняла свой пункт гледжання, што, магчыма, гэта не ён, але без ніякіх важкіх падстаў на тое.
Освальды прадавалі права гаварыць з імі, і ім няблага за гэта плацілі.
Але потым, наколькі я разумею, на тэлебачанне яна з нейкай прычыны вырашыла больш не хадзіць, а больш сур’ёзныя грошы ніхто не прапаноўваў. Тут ужо і з дзецьмі, думаю, было звязана, бо яна не хацела, каб гэтая траўма публічна пераследавала дачок і ламала ім жыццё. Яна разумела, што гэта сапраўды паўплывае на іхні імідж. Гэта спрацавала натуральная засцерагальная рэакцыя.
Марына (Прусакова) Освальд на балконе сваёй кватэры ў Мінску. На заднім плане бачныя сілуэты Опернага тэатра і штаба Беларускай вайсковай акругі. Фота: Wikimedia Commons
Папраўдзе кажучы, я баюся, што нічога ўжо больш каштоўнага мы б з Марыны і не атрымалі, мы б больш атрымалі пра саму Марыну, пра тое, як мяняліся яе погляды, ацэнкі.
Час на факталагічнае даследаванне гэтай гісторыі ўжо мінуў. Трэба ўжо працаваць далей, як працуюць прафесійныя археолагі, вывучаючы, што магчыма, што немагчыма, і апіраючыся на факты даследавання, а не інтэрпрэтацыі ўдзельнікаў. Удзельнікі часта вельмі ненадзейная крыніца гістарычна дакладнай праўды.
«НН: А чаму гісторыя Освальда можа навучыць сённяшніх беларусаў?
АЛ: Гэта самае небяспечнае пытанне, якое вы мне задалі (усміхаецца).
Чытайце таксама:
Што стала з расійскімі помнікамі, якія імперыя ставіла ў нацыянальных правінцыях
Пагромы на Беларусі. Хто за імі стаяў
Дзеці расстраляных. Дочкі Кляшторнага: цуд выжывання, добрыя людзі і вяртанне ў Беларусь